На парозе “школы мужнасці”

На парозе “школы мужнасці”

IMG_5453
Дзень прызыўніка — асаблівы дзень для маладых людзей, якія ідуць служыць у войскі Узброеных Сіл Беларусі. Гэтай восенню ў краіне каля 9 тысяч чалавек папоўняць шэрагі салдат, якія будуць праходзіць тэрміновую службу. Яшчэ каля 2 тысяч юнакоў будуць праходзіць службу ў рэзерве.
5 лістапада ў гарадскім Доме культуры адбыліся ўрачыстыя праводзіны 49 маладых жабінкаўцаў у шэрагі Узброеных Сіл Беларусі.

IMG_5449Атмасфера ў зале панавала ўрачыстая. Вядучая Вера Уладзіміраўна Бортнік, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама, аб’явіла праводзіны адкрытымі, і загучаў Дзяржаўны гімн нашай краіны. Калі стаяла, пранізаная мелодыяй і ўрачыстасцю моманту, мне падумалася: вось гэтак буду праводзіць некалі ў армію і свайго сына.
Юнакоў-прызыўнікоў павіншавалі ваенны камісар Жабінкаўскага раённага ваенкамата, падпалкоўнік Андрэй Іосіфавіч Юруць і намеснік старшыні райвыканкама, старшыня прызыўной камісіі Ала Сцяпанаўна Ануфрыюк.
Андрэй Іосіфавіч зачытаў прысутным Указ Прэзідэнта Беларусі аб прызыве на вайсковую службу, а Ала Сцяпанаўна нагадала, што дзяржава не можа быць моцнай без моцнай арміі, паведаміла, што больш за 150 юнакоў з Жабінкаўскага раёна служаць цяпер у беларускіх войсках, ахоўваюць наш мір і спакой, і пажадала, каб атрыманыя пад час службы навыкі і ўменні ніколі не спатрэбіліся юнакам у ваеннай сітуацыі, а толькі ў мірнай працы.
Старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Васіль Міхайлавіч Шышчыц выступіў ад імя старэйшага пакалення:
— Абараняць Радзіму ад ворагаў — святы абавязак кожнага салдата. Вы будзеце служыць у арміі, якая моцная маральным духам, дысцыплінай. Зараз тэрмін службы невялікі, як кажуць: “Зіма, лета, зіма — і тэрміну няма”. Цаніце гэты армейскі час вучобы і байцоўства. Жадаю вам знайсці верных сяброў на ўсё жыццё і вярнуцца пасталелымі і ўзмужнелымі.
Бласлаўляў прызыўнікоў на сумленную і годную службу на карысць Радзіме настаяцель Свята-Пакроўскага храма г. Жабінка, святар Сергій Петрусевіч.

IMG_5458Ён сказаў, што маладыя людзі на парозе новага шляху, самастойнага і складанага. І ім патрэбны сілы, каб яго адолець. А даюць іх не толькі трэніроўкі, але, у першую чаргу, вера ў Бога і зварот да яго з малітвай.
— Вы не знаёмыя з той строгасцю і дысцыплінай, што пануюць у арміі, а іх давядзецца асіліць. Самае галоўнае, каб вы прынеслі дадому пасля службы адказнасць  за свае ўчынкі, за свой лёс, за сваю Айчыну, за тых, хто побач. Яна ёсць вялікая сіла і ўпрыгожвае любога мужчыну.
Напэўна, не менш за прызыўнікоў у гэты дзень хваляваліся іх матулі. Для іх гэта і радасць, што сыны выраслі і стануць надзейнымі абаронцамі, і трывога, што ўчарашніх падлеткаў чакае новае жыццё, і боль ад хуткага расстання. Цёплыя і пранікнёныя словы ад імя ўсіх маці прагучалі з вуснаў Святланы Мікалаеўны Вішнеўскай. Яе сын Міхаіл будзе служыць у войсках супрацьпаветранай абароны.
Пад час выступлення Святлана Мікалаеўна ўзгадала свайго бацьку, які 17-гадовым юнаком стаў на абарону роднай зямлі ад фашызму. За сем гадоў яго салдацкія дарогі прайшлі праз Польшчу, Германію, Венгрыю, Чэхаславакію, Румынію, Балгарыю. Вярнуўся ў родны дом, калі выканаў воінскі абавязак перад Айчынай.
— Зараз юнакі служаць не столькі. Мы, мамы, усё роўна хвалюемся, адпраўляючы сваіх сыноў на воінскую службу. Такая мацярынская доля — аддаваць у армію, а потым чакаць і сустракаць. Жадаем з годнасцю і гонарам насіць ваенную форму, быць мужнымі, цярплівымі. Ну, а служба няхай будзе і на карысць Радзіме, і на карысць вам, каб вы вярнуліся дадому сапраўднымі мужчынамі — смелымі, стойкімі, здольнымі абараніць сябе і сваіх блізкіх, якія вас любяць і чакаюць.
Будучым абаронцам Айчыны ўручылі позвы, якія сімвалізуюць пачатак іх вайсковай службы, і падарункі ад райвыканкама.
Служыць будучыя салдаты будуць у сухапутных, унутраных, пагранічных войсках, у сілах спецыяльных аперацый, у ваенна-паветраных сілах, войсках супрацьпаветранай абароны і ў рэзерве.
“А ты не бойся, со мной всё будет хорошо”, — спявала Аксана Пракошына, і думалася, што кожны юнак на парозе “школы мужнасці” гэтымі словамі супакойваў сваіх родных.
У добры шлях! Спакойнай і годнай вам службы, прызыўнікі!
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top