Аляксандр Саладуха: шчаслівы на ўсе 100!

Аляксандр Саладуха: шчаслівы на ўсе 100!

get_imgНапэўна, не знойдзецца ніводнага чалавека, які б хоць раз у жыцці не чуў песні Аляксандра Саладухі “Здравствуй, чужая милая”. У студзені спеваку споўніцца 55 гадоў, 26 з іх ён правёў на сцэне. У яго 9 дыскаў, 14 відэакліпаў і 3 дакументальныя фільмы пра яго жыццё і творчасць, 3 гастрольныя туры па Беларусі (далёка не кожны музыкант можа пахваліцца такімі лічбамі). У планах артыста канцэрт на самай грандыёзнай пляцоўцы Белару-
сі — “Мінск-Арэна”. 16 лістапада ён прыедзе да нас з новай канцэртнай праграмай “Берега”. Напярэдадні выступлення спявак даў інтэрв’ю, у якім раскрыў сакрэты свайго поспеху, падзяліўся планамі на будучыню і з задавальненнем адказаў на многія іншыя пытанні.
— Аляксандр, што сабой уяўляе ваша новая канцэртная праграма?
— Гэта 2-гадзіннае без антракту шоу, у якім два аддзяленні. У першым — прэзентацыя новага альбома “Берега”, у другім прагучаць “залатыя” хіты, а таксама новыя песні, якія будуць уключаны ў альбом 2014 года “Верное сердце”. У перапынку выступяць мае сыны-двайняты — Аляксандр і Антон (гэта гурт “Элемент”, які ўжо добра вядомы ў нашай краіне). Хлопцы выканаюць кампазіцыі з новага альбома, які зараз рыхтуецца да выхаду. Ёсць і новаўвядзенні: пад час выканання песень гледачы змогуць убачыць на вялікім экране яшчэ і кліпы вядомых хітоў.
— Вы выступалі на самых розных канцэртных пляцоўках, якое найбольш памятнае?
— Сапраўды, за 26 гадоў маёй творчай дзейнасці было многа розных канцэртных праграм, яркіх, запамінальных, але самым дарагім усё ж застаецца выступленне на сцэне віцебскага Летняга амфітэатру ў ноч з 13 на 14 ліпеня 1997 года перад 5-тысячнай аўдыторыяй. На адным дыханні я выканаў 22 песні — публіка  спявала разам са мною. Такім чынам адсвяткаваў тады 10-годдзе сваёй творчасці. У планах выступленне на “Мінск-Арэне”. Хачу, каб канцэрт прайшоў у самы лепшы дзень года — 8 сакавіка, спадзяюся, што сустрэча з маімі слухачамі абавязкова адбудзецца.
— Аляксандр, як вам удаецца збіраць вялікія залы? У чым сакрэт вашага поспеху?
— У любой справе патрэбна быць прафесіяналам, а для гэтага трэба вучыцца ў тых людзей, хто ў сваім жыцці дасягнуў поспеху, хто з’яўляецца майстрам. Я вучыўся ў Юрыя Антонава, Уладзіміра Мулявіна, Валерыя Лявонцьева. Пачынаючым артыстам заўсёды гавару: ідзіце да прафесіяналаў на канцэрты, аналізуйце, глядзіце відэа, разбірайце песні. Каб мець поспех, трэба стаць фанатыкам сваёй справы і працаваць да сёмага поту, самааддана, верыць у сябе, сваю ​​зорку і перамогу. Гэта ёсць сакрэт майго поспеху.
— З якімі аўтарамі вы супрацоўнічаеце?
— Аўтары розныя, але ў асноўным я выконваю песні папулярнага беларускага кампазітара Алега Елісеенкава, які многа піша для мяне. Так, з дзесяці кампазіцый, якія ўвайшлі ў новы альбом “Берега”, дзевяць належаць яму. Мы сябруем з самага пачатку маёй творчай дзейнасці, я спадзяюся і на далейшае супрацоўніцтва.
— Ведаю, што трэці гастрольны тур па краіне пачаўся яшчэ ў 2006 годзе. Ён доўжыцца і зараз?
— Так, ён не спыняецца. Мяняюцца назвы праграм, з’яўляюцца новыя песні, а тур усё працягваецца — было ўжо 477 канцэртаў, якія з аншлагам прайшлі ў розных гарадах краіны. У мінулым годзе гастрольны тур “Берега” быў адзначаны Нацыянальнай музычнай прэміяй. Дарэчы, першы стартаваў у 1997 годзе пад назвай “Здравствуй, чужая милая”, пад час якога адбылося сто выступленняў, другі “Калина” — у 2002-ім і меў сто дваццаць іх.
— Вы ўспомнілі пра ўзнагароды. Скажыце, Аляксандр, ці была для вас нечаканасцю прэмія тэлеканала БелМузТВ, якую вы атрымалі ў канцы кастрычніка?
— Канечне, была. Такой намінацыі “Прызнанне пакаленняў” у нашай краіне не было раней. Ад арганізатараў я даведаўся, што пры абмеркаванні кандыдатур, якія вылучаліся на прэмію, журы аднагалосна вырашыла аддаць яе мне. Вельмі прыемна. Прыняцце такога рашэння патлумачыў на цырымоніі ўзнагароджання генеральны прадзюсар тэлеканала БелМузТВ Уладзімір Богдан, які адзначыў, што Аляксандра Саладуху любіць старэйшае пакаленне і паважае моладзь, таму гэтая прэмія менавіта яму.
— Віншую вас таксама з узнагародай. Скажыце, Аляксандр, а як вы адносіцеся да выступленняў пад фанаграму? Самі на сваіх канцэртах карыстаецеся ёю?
— Не асуджаю тых, хто спявае пад яе. На тэлевізійных канцэртах я таксама працаваў пад фанаграму, гэтага патрабуе арганізацыя. Зусім нядаўна прыйшоў да высновы, што трэба спяваць ужывую і стаў працаваць з навушнікамі. Да гэтага я не ведаў, які гэта кайф і як гэта класна — вытрымаць сольнік ужывую. Цяпер усім маладым артыстам раю спяваць толькі так. Гэта зусім іншая энергетыка.
— Сёння музыку можна скачваць у інтэрнэце, каб не траціць свае грошы на пласцінкі і дыскі любімых выканаўцаў. Як ідзе продаж вашых запісаў?
— Вельмі добра. Многія, хто прыходзіць на канцэрт, купляюць дыскі, відэафільмы, фотаздымкі. Да вас у Жабінку мы прывязем альбомы “Берега”, “Любить тебя, родная”, а таксама новы DVD дыск, на якім тры фільмы “Разминка перед стартом”, “Любить тебя, родная” і “Дочки моей глаза”.
— Якую музыку слухаеце, што любіце чытаць?
— Слухаю радыё РОКС, “Русское радио”, Стаса Міхайлава, з якім яшчэ і сябрую. Ён падараваў мне адну кампазіцыю, якую я выконваю ў альбоме “Берега”. У складаныя моманты жыцця заўсёды разгортваю кнігу “Унутраны фэн-шуй” Ліліян Ту, да якой звяртаюся на працягу 15 гадоў, яна ў мяне ў якасці настольнай. Менавіта з яе запазычыў 21 пазітыўную афірмацыю, якія запісаныя ў мяне на лісце паперы і ляжаць пад шклом на стале: “я моцны і здаровы”, “я непераможны” і іншыя.
— Што гаворыце сабе перад выхадам на сцэну?
— Тры разы перахрышчваюся і гавару: “Лайнер узляціць! Толькі наперад і толькі ўверх!”
— Ці ёсць у вас жыццёвы дэвіз?
— Усміхайся і ніколі не здавайся!
— Вы шчаслівы чалавек?
— На ўсе сто! Я займаюся любімай справай, мяне чакаюць мае гледачы, у мяне цудоўная сям’я, а побач сапраўдныя сябры. Што яшчэ патрэбна чалавеку для шчасця?!
— Што пажадаеце чытачам “Сельскай праўды”?
— Шчасця, здароўя, поспехаў! Верце ў сябе, у свае сілы, ніколі не падайце духам, смела заваёўвайце вяршыні і ідзіце да сваёй мэты, дарыце людзям, якія побач, радасць і свет. Жывіце на пазітыве і часцей усміхайцеся! Чакаю вас на сваім канцэрце 16 лістапада. Ваш Аляксандр Саладуха.
— Дзякуй за размову.
Гутарыла Алёна НІКАНЧУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top