У СШ №2 г.Жабінка — “залаты” юбілей!

IMG_5334

50!!! У гэтай цудоўнай даце закладзены плён многіх пакаленняў настаўнікаў другой гарадской школы. Тысячы іх выпускнікоў удзячныя за веды і жыццёвую навуку, што атрымалі яны ад педагогаў, якія выкладалі свае ўрокі не толькі па падручніках, але і на ўласных жыццёвых прыкладах.
Сёння ў СШ №2 — малады педагагічны калектыў. Настаўнікі ХХІ стагоддзя працягваюць і памнажаюць традыцыі, закладзеныя папярэднікамі. Педагогі ўпэўнены, што зярняткі жыццёвай мудрасці, асновы навук дадуць у хуткасці выдатныя ўсходы!

На здымку: Д.Р.Амелянчук, М.М.Сахарчук, М.І.Пакала, К.Г.Дземідзюк, С.М.Верамяюк, П.А.Шэвелеў, М.М.Каржук, Т.Л.Ярмаловіч, Д.У.Паўлюкавец, А.В.Сысоева. Фота Ірыны ЖУК.

У далёкім ужо 1963 годзе на ўрачыстай лінейцы, прысвечанай адкрыццю школы, усё было паводле традыцыі: прамовы, чырвоная стужка, ключы ад будаўнікоў новым гаспадарам… Так, дойліды зрабілі сваю справу на выдатна. Прыйшоў час настаўнікаў — гадаваць выдатнікаў.  Тады, 50 гадоў таму, за парты селі 372 вучні, з іх 40 першакласнікаў. Зараз у школе 338 навучэнцаў, у тым ліку для 29-ці сёлетнім вераснем прагучаў першы званок.  Сёння ў скарбонцы другой гарадской агульнаадукацыйнай школы шмат дасягненняў: 2339 выпускнікоў, з гэтай колькасці 38 атрымалі медалі вышэйшага, “залатога” гатунку, яшчэ ў сарака — “серабро”.
Дык, можа, поўная скарбонка? Не, будзе папаўняцца год ад году!

Жыццёвая дарога —
ад школьнага парога

Маналог былога дырэктара

IMG_5370

Сярод усіх кіраўнікоў другой гарадской ягоны дырэктарскі стаж самы вялікі. Няпростых дваццаць год — на самым пераломе тысячагоддзяў — калектыў аднадумцаў узначальваў Мікалай Пятровіч Кавальчук. Размова з ім — нібы сустрэча з жывой гісторыяй школы, якой педагог і кіраўнік падараваў трэцюю частку ўласнага жыцця.

Нібы магнітам прыцягнула

— Я школу палюбіў яшчэ з дзяцінства, гэтае захапленне, бачыце, дасюль са мной. Тата Пётр Паўлавіч некалі адпрацаваў на школьнай ніве 50 гадоў, звыш сарака ўжо і ў маёй настаўніцкай скарбонцы. Іду след у след за бацькам: у ягонай біяграфіі таксама былі шматлікія ўрокі, праца ў ролі завуча, дырэктарства ў Хмелеўскай сярэдняй школе.
У школьныя гады мяне прыцягнулі, нібыта магнітам, дакладныя навукі. Стаў фізікам, хоць трошкі ёсць і лірыкі ў душы. Пасля педінстытута ўладкаваўся ў Пагостаўскую СШ на Міншчыне, а 1 верасня 1974 года пераступіў у якасці настаўніка парог СШ №1 у Жабінцы.
Потым у жыцці была яшчэ адна яркая запамінальная старонка: праца ў ліцэі горада Бамака. Паспрабуйце адшукаць Бамака на карце! Праўда, гэта Афрыка — самае сэрца “чорнага” кантынента, дзяржава Малі. Тут чатыры гады быў у камандзіроўцы, вучыў ліцэістаў-малійцаў, а потым у восемдзесят трэцім вярнуўся дамоў, каб зноў выкладаць фізіку жабінкаўцам.
У лютым 1988 года стаў намеснікам дырэктара другой гарадской, якой захоўваю вернасць і сёння.

Трохі пра папярэднікаў

— Сапраўды першым дырэктарам сярэдняй школы №2 мы лічым Пятра Міхайлавіча Грыцука, ён душу сваю ўкладваў сюды. Менавіта Пётр Міхайлавіч стаў для яе сапраўдным бацькам-заснавальнікам, што выхаваў, як дзіця, паставіў на ногі і перадаў, ужо памужнелую (калі час прыйшоў узначаліць СШ №1) у рукі Васіля Мікалаевіча Амельчука.
Той быў творчая натура, настаўнік малявання, гэтак і школу трымаў — у прыгажосці. Вучыў і маленькіх, і дарослых бачыць жыццё шматбаковым.
Наступны кіраўнік Васіль Раманавіч Дошчык нездарма атрымаў званне “Выдатнік асветы”. Калі ён сыходзіў з дырэктарскай пасады, пакідаў мне добрую спадчыну: школа была навідавоку, яе вучні і педагогі з гонарам гаварылі: “Я — з другой гарадской”.
Вялікую дапамогу ў сваёй дырэктарскай працы атрымліваў ад завучаў Людмілы Мікітаўны Гардзеевай і Ганны Іларыёнаўны Абламейка. Трохі раней, пры маім папярэдніку, гэтую надзвычай адказную пасаду займала Валянціна Аляксандраўна Лабушава. Як адчыняліся СШ №3 і гарадскі ліцэй многія нашы вучні — сапраўдная эліта! — узмацнілі гэтыя навучальныя ўстановы.
Праз два дзясяткі гадоў і мне давялося перадаваць справы. Думаю, мая пераемніца Ірына Міхайлаўна таксама была задаволена станам школы.
Ёсць надзейны у жыцці падмурак. Яго трэба будаваць далей.

Што было за 20 год?

— У 1990-2010 гадах, за час майго дырэктарства, шмат змянілася ў матэрыяльным плане. З дапамогай нашага базавага прадпрыемства ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” узвялі двухпавярховую прыбудову і сховішча для гародніны, уладкавалі новы доследны ўчастак, вока радуе навакольная тэрыторыя, узніклі спартыўныя пляцоўкі, больш утульнымі сталі класы.
Хоць капітальнага рамонту ў школе дасюль не было, яна і вонкава, і ўнутры выглядае надзвычай прыстойна, значыць, беражліва ставяцца вучні, настаўнікі і бацькі да роднай школы, шэфы-цукравары ніколі не адказваюць у дапамозе.
Даўняя традыцыя ўзнікла супрацоўнічаць з падшэфнымі гаспадаркамі: калгасам “Усход”, які ўзначальвалі Аляксей Раманавіч Дошчык і Валерый Уладзіміравіч Мініч, а затым з СВК “Хмелева” (старшыня Барыс Уласавіч Парафянюк). Прычым, не толькі вяскоўцы забяспечвалі школу садавінай і гароднінай, але й школьнікі сумленна шчыравалі на палетках у працоўных лагерах. Нават быў час, калі сельгаскааператыў і цукровы завод выплачвалі самым паспяховым нашым вучням імянныя стыпендыі. І цяпер як выдатнага чалавека, што не быў абыякавым да патрэбаў і праблем школы, згадваю дырэктара завода Генадзя Іванавіча Вялько. Добрую традыцыю, закладзеную пры ім, працягвае сучасны кіраўнік прадпрыемства Віктар Рыгоравіч Міронаў. Нездарма, відаць, школа і завод — аднагодкі: на працягу ўсіх 50 гадоў мы “кузніца кадраў” для слыннага прадпрыемства.
Перад абласнымі “Дажынкамі”, якія Жабінка прымала восенню 2007-га, адрамантавалі першы паверх школы, рэканструявалі сістэму ацяплення, замянілі вокны на сучасныя, абнавілі санвузлы, сталоўку, спартыўную залу. Адным словам, на месцы не стаялі ні час, ні людзі. Канечне, хацелася б, каб нашы дзеці займаліся ў сучаснай навучальнай установе на сучасным абсталяванні. Працэс гэты ідзе патроху: вось ужо ў двух кабінетах абнавіліся камп’ютарныя класы. Веру, што й далей будзем рухацца такім накірункам, бо гэтага вымагае ХХІ стагоддзе.

Віншаванне на развітанне

— Школьны “залаты” юбілей — цудоўная дата. Цешуся, што і мне давялося нешта зрабіць, каб залацілася імя другой гарадской. Напярэдадні нашага агульнага прыгожага свята хочацца выказаць словы падзякі ўсім, хто быў поруч са мной усе гэтыя гады. Здароўя вам, дабрабыту, сіл і добрых надзей.
Няхай жыццё ўсім ставіць выдатныя адзнакі!

Імёны, упісаныя

“залатымі” літарамі

Роздум над “Кнігай гонару”

У СШ №2 беражліва захоўваецца “Кніга гонару”. У ёй за чырвонай вокладкай, упрыгожанай “залатымі” літарамі, — імёны педагогаў розных гадоў, найперш тых, хто прынёс школе славу і гонар.
На пачэсным месцы — настаўнікі-ветэраны. Да таго як апынуцца ля школьнай дошкі яны былі ў вайсковых шэрагах — змагаліся за волю і незалежнасць Айчыны.
Таму партрэты Васіля Рыгоравіча Богуша (1912-1982) і Мікалая Апанасавіча Граніка (1922-2005) на самым пачэсным месцы. Згадваюць у школе і няпросты лёс Аляксандра Фёдаравіча Яроцкага — удзельніка сумна вядомых цяпер вучэнняў на Тоцкіх лагерах улетку 1954 года, калі на жывых людзях выпрабоўвалі моц ядзернай зброі.
Шануюць у школе педагагічныя дынастыі, якіх нямала.
Сярод найбольш яркіх — сям’я Секяржыцкіх. Вера Віктараўна і Станіслаў Фадзеевіч — прыхільнікі дакладных навук, якія шмат гадоў аддалі гэтай школе. Таму дасюль іх згадваюць з цеплынёй як выдатных педагогаў, чулых людзей ды выдатных адміністратараў (абодва былі ў свой час завучамі). Яны пакінулі выдатны працяг, бо вырасцілі сыноў Уладзіміра і Станіслава — вядомых вучоных-фізікаў і выкладчыкаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.
Мае прадаўжэнне “педагагічная паэма” і ў сям’і Кадэнскіх. Павел Васільевіч — фізік, Лідзія Рыгораўна — хімік. Разам — не толькі магутная прафесійная пара, але й добрая сямейная. Сёння ў СШ №2 настаўнічае іх дачка Наталля Кот, якая амаль штодня ўводзіць дзяцей у свет матэматыкі.
А вось яшчэ пара, якую бачылі разам і ў школе, і дома: настаўнік фізічнай культуры Іван Раманавіч Ларыёнаў і яго жонка Еўдакія Фёдараўна, якая доўгія гады пачынала шлях у краіну ведаў з самымі маленькімі школьнікамі.
А як спяшаліся хлопчыкі і дзяўчынкі на заняткі да Анатоля Трафімавіча і Яўгеніі Міхайлаўны Ралько! Дый не дзіўна: яна была настаўніцай біялогіі, таксама вяла ўрокі працоўнга навучання, як і ён.
Шмат зрабілі, каб вучні школы былі “ўзброеныя” трывалымі ведамі, Марыя Васільеўна Амяльчук і Галіна Леанідаўна Нікіціна, Агафья Сяргееўна Пятручык і Вольга Іванаўна Курыльчык, Ларыса Іванаўна Гецман і Марыя Наркісаўна Шосцік, На-дзея Захараўна Касцючык і Вера Паўлаўна Тарасюк, Вера Іванаўна Вайцюк і Соф’я Рыгораўна Казак, Клаўдзія Паўлаўна Антанюк і Вольга Сцяпанаўна Пукіта, Соф’я Мікалаеўна Грыцэнка, Вольга Данілаўна Зазуля і Вольга Сямёнаўна Рахлей.
Заўсёды паважалі ў СШ №2 царыцу навук матэматыку. І не дзіўна, таму што выкладалі яе такія прафесіяналы і душэўныя людзі як Ганна Уладзіміраўна Касмовіч, Марыя Васільеўна Сілюк, Ганна Іларыёнаўна Абламейка.
У народзе здавён прыкмецілі: “Якое зерне пасадзіш, такі і ўраджай маеш”. А гэта ж былі ўсе спрэч знаныя “сейбіты”, як тады казалі, шчодра сеялі яны “разумнае, добрае, вечнае”. Таму й гучала імя школы ў ведах, у працы і ў адпачынку.

Аднагодкі: добра разам!

Дыялог з сённяшнім дырэктарам

 

IMG_5381— Другая гарадская школа святкуе “залаты юбілей”, столькі ж і яе сённяшняму кіраўніку І.М.Кашчэва. Паважаная Ірына Міхайлаўна, ваш педагагічны стаж складае 27 гадоў, з якога часу пачалося “сяброўства” з сярэдняй школай №2 і чым цяпер жывуць аднагодкі: установа і яе дырэктар?
— У сярэднюю школу №2 г.Жабінка я прыйшла ў 1998 годзе. Дзесяць гадоў была намеснікам дырэктара ў выхаваўчай працы, два — настаўнікам фізікі, пайшоў чацвёрты, як займаю пасаду дырэктара. Мая апора і першыя памочнікі ва ўсім — сённяшні калектыў школы, у якім 41 педагог. Гэта творчыя, працаздольныя, ініцыятыўныя, улюбёныя ў сваю справу людзі, вялікія аптымісты і энтузіясты. У наш час перад настаўнікамі стаіць важная зада-ча — дапамагчы вучням з вялікага патоку інфармацыі, якую яны чуюць з экранаў тэлевізара, бачаць у інтэрнэце, выбраць патрэбную і правільную, не згубіцца ў ёй. Для гэтага педагог сам павінен ісці ў нагу з часам, займацца самаадукацыяй, увесь час развівацца. Так, палова калектыву мае сертыфікаты карыстальнікаў інтэрактыўных тэхналогій, а настаўніцы біялогіі Таццяна Лявонцьеўна Ярмаловіч  і рускай мовы і літаратуры, намеснік дырэктара ў навучальнай рабоце Марына Іванаўна Пакала былі ўдзельнікамі рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт.”.
— Аб школе мяркуюць па дасягненнях яе педагогаў і вучняў. Ці так гэта?
— Гэта так. Педагогі школы разам са сваімі выхаванцамі прымаюць актыўны ўдзел у алімпіядным руху, навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах і спартыўных спаборніцтвах рознага ўзроўню. Вынікам сумеснай працы настаўніцы абслуговай працы Таццяны Уладзіміраўны Вярэніч і яе вучаніц Юліі Яканюк і Кацярыны Федаш сталі поспехі ў рэспубліканскай алімпіядзе ў прадмеце: Юля атрымала дыплом III ступені, Каця — пахвальны водгук. Дыплом II ступені прывезлі ў мінулым навучальным годзе з абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Я — даследчык” вучні 4Б класа Ульяна Новік і Соф’я Санюк, якія разам са сваёй настаўніцай Аксанай Валер’еўнай Сысоевай падрыхтавалі работу па тэме эканоміі і беражлівасці, якая называлася “Эканомім і творым”. У практычнай яе частцы дзеці прадэманстравалі строгаму журы, як можна ў хатніх умовах з другаснай сыравіны стварыць паперу, за што і былі высока ацэнены. Не магу не сказаць пра дасягненні школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежнай мовы, якія прынялі ўдзел у абласным конкурсе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту ”Выхоўваем грамадзяніна Беларусі”, паводле вынікаў якога атрымалі дыплом III ступені. У метадычны зборнік, які падрыхтавалі педагогі-замежнікі, увайшлі распрацоўкі ўрокаў, факультатываў, пазакласных мерапрыемстваў, якія паказалі нашу работу ў выхаванні грамадзянска-патрыятычных каштоўнасцяў вучняў на ўроках замежнай мовы. Педагогі школы прымаюць удзел і ў конкурсе “Настаўнік года”. Так у свой час пераможцамі яго былі Марыя Іванаўна Грышан,

IMG_5320Настаўнікі-замежнікі Ж.С.Міхайлава і Н.М.Казак.

IMG_5362Настаўніца біялогіі Т.Л.Ярмаловіч

Жанна Сяргееўна Міхайлава, фіналістам – Аксана Міхайлаўна Рагажынская, а ў конкурсе “Самы класны класны” лепшай названа Ірына Аляксандраўна Зотава.
— Нягледзячы на ўзрост, школа выглядае сучаснай і  маладой. Хто дапамагае ў гэтым?
— Сапраўды, дзякуючы дапамозе мясцовых уладаў у асобе былога старшыні райвыканкама Мікалая Ва-сільевіча Токара, аддзела адукацыі, спорту і турызму і яго начальніка Святланы Мікалаеўны Янусік, дырэктара ААТ”Жабінкаўскі цукровы завод” Віктара Рыгоравіча Міронава, бацькоўскага камітэта ў школе праведзены частковы рамонт, закуплены новыя стэнды, кабінет англійскай мовы абсталяваны сучаснай лінгафоннай сістэмай, з’явіўся кабінет ВІЧ-інфекцыі, цяпер наша ўстанова адзіная ў раёне, якая глыбей, чым іншыя,працуе ў гэтай праблеме. Вельмі хочацца, каб у нас з’явілася хаця б адна інтэрактыўная дошка.
Цесныя сувязі ў школы з цукровым заводам, нашы чатыры выпускнікі накіраваны прадпрыемствам на вучобу ў Слуцкі каледж харчовай прамысловасці. Пасля яго заканчэння яны вернуцца на завод. Вялікі дзякуй хочацца сказаць сёння за дапамогу намесніку дырэктара калектыву цукравараў Аляксандру Васільевічу Еўтуховічу, старшыні папячыцельскага савета завода Алене Мікалаеўне Мацюшка, дырэктару заводскага клуба Вользе Іванаўне Ірзун, старшыні савета школы Іне Іосіфаўне Мартынюк і старшыні бацькоўскага савета Лідзіі Уладзіміраўне Санюк, а таксама актыўным бацькам – Ірыне Вячаславаўне Саакавай і Мікалаю Мікалаевічу Новіку, якія адгукаюцца на просьбы аб дапамозе. Як бачыце, школа ў цеснай сувязі з бацькамі.

IMG_5374Цікава ў школе і на канікулах

— Ірына Міхайлаўна, каго са старэйшых калег лічыце сваімі настаўнікамі?
— Мне пашчасціла сустрэць на сваім жыццёвым шляху цудоўных людзей, педагогаў, у якіх я многаму навучылася. Маю на ўвазе былога дырэктара, таксама фізіка, Мікалая Пятровіча Кавальчука і былога намесніка дырэктара ў навучальнай рабоце, выдатнага філолага, Людмілу Мікітаўну Гардзееву. Шматлікія падказкі, іх мудрасць і разуменне дапамагалі ў працы.
— Якой вы бачыце школу будучага?
— Такой жа: творчай, неспакойнай, дзейснай, у якой будуць працаваць педагогі, на ўсе сто аддадзеныя сваёй прафесіі.

Засвойвалі навукі ў класах.
І ў іх настаўнічаюць зараз!

Людміла Мікалаеўна Кабаш (Філіновіч), настаўніца матэматыкі, выпускніца 1982 года:
— Сувязь з роднай школай перарвалася толькі аднойчы і ўсяго на пяць гадоў — на час вучобы ў інстытуце. Ваганні з выбарам прафесіі былі: настаўнікам, урачом  (часта хварэла) ці міліцыянерам  (тата працаваў інспектарам дзяржаўнага пажарнага нагляду). Вызначылася ў старэйшых класах на карысць педагагічнай ВНУ і матэматыкі. Паўплывала на выбар тагачасны завуч школы Вера Віктараўна Секяржыцкая, якая бачыла маю цягу да дакладных навук. А яшчэ ўсё маё дзяцінства прайшло ў школьным двары, у якім мы праводзілі розныя гульні. У час летніх канікулаў выносілі ў двор школьныя парты, якія фарбавалі, а калі яны высыхалі, мы гулялі ў школу: размяркоўвалі ролі, камусьці выпадала быць настаўнікам, астатнія — вучні. Сярэдняя школа №2 тады была адной з лепшых у раёне ў вучобе, спорце, грамадскім жыцці. Мы ўдзельнічалі ў ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”, у конкурсе атрадаў юных інспектараў дарожнага руху, выходзілі і на вобласць, былі сябрамі “Зялёнага патруля”, наведвалі розныя гурткі. З вялікім задавальненнем займалася ў гуртку “Юны натураліст”, якім кіравала Яўгенія Міхайлаўна Ралько, якія толькі вопыты мы не праводзілі з ёю на школьным доследным участку! Любоў да матэматыкі прывіла Ганна Уладзіміраўна Касмовіч, акуратнасці, сабранасці, адказнасці я навучылася ў яе. Усе настаўнікі, якія працавалі тады, поўнасцю аддаваліся рабоце, не лічыліся са сваім часам, не спяшаліся дадому. Пасля вучобы мяне, маладога педагога, з цеплынёй сустрэлі ў калектыве калегі-матэматыкі: Вера Віктараўна Секяржыцкая, Ганна Іларыёнаўна Абламейка, Ганна Уладзіміраўна Касмовіч, Марыя Васільеўна Сілюк, Валянціна Аляксандраўна Барташук. Яны падказвалі, падтрымлівалі. Цяперашнія маладыя педагогі, як толькі адпрацуюць два гады, развітваюцца са школай, шкада. Калі пачыналі мы, у нас нават думак такіх не было. Зычу сваёй школе новых творчых поспехаў і дасягненняў, дапытлівых вучняў, неабыякавых бацькоў, верных сваёй справе настаўнікаў.
Жанна Сяргееўна Міхайлава(Марковіч), настаўніца англійскай мовы, выпускніца 1987 года:
— У пятым класе ў нас з’явіўся новы прадмет — англійская мова, выкладала яго Зінаіда Цімафееўна Якімовіч, у меру строгая, справядлівая, нам было з ёю вельмі цікава. Ужо тады цвёрда вырашыла для сябе:  буду, як і яна, выкладаць замежную мову. Жаданне вучыцца, пазнаваць новае было вялікім, кожны дзень з радасцю спяшалася ў школу. Актыўны ўдзел прымала ў грамадскім жыцці: была спачатку старшынёй піянерскага атрада, потым дружыны. Памятаю, як цікава праходзілі піянерскія зборы, камсамольскія сходы, з якім запалам і энтузіязмам мы збіралі макулатуру, металалом, сярод нас жылі ўзаемападтрымка, шчырае сяброўства, грамадскія справы былі на першым месцы, а потым асабістыя. Падвесці калектыў, не выканаць даручэнне — такога не было. Калі пасля вучобы прыйшла сюды ў якасці настаўніка, убачы-
ла — школа засталася такой жа. Мяне сустрэлі як дачку, адразу адчула цёплыя адносіны калег, падтрымку адміністрацыі, так сябе адчуваю на працягу дваццаці гадоў — столькі працую ў сваёй школе. Якімі яны былі? Першыя пяць — этап майго станаўлення як настаўніка, гады пошуку, наступныя дзесяць — працоўныя будні, назапашванне вопыту, перамогі і сумненні, апошнія пяць — перыяд глыбокага аналізу. Хачу, каб у школу на змену нам прыходзіла моладзь творчая, улюбёная ў сваю справу, каб не баялася цяжкасцяў, ішла смела наперад разам са сваімі вучнямі.
Ларыса Мікалаеўна Ясінская (Шубская), настаўніца пачатковых класаў, выпускніца 1987 года:
— Напярэдадні юбілею хочацца ўспомніць многіх педагогаў: Тамару Адамаўну Мурашка, маю першую настаўніцу, якая шчыра і па-сапраўднаму любіла нас, сваіх вучняў, я многаму навучылася ў яе; Ларысу Іванаўну Гецман і Вольгу Данілаўну Зазуля, якія былі  выхавальнікамі групы падоўжанага дня, дапамагалі рабіць нам урокі, праводзілі цікавыя гульні. З паразуменнем да нас ставілася Валянціна Аляксандраўна Барташук, настаўніца матэматыкі, яе невычэрпнай дабрыні і цеплыні хапала на ўсіх. На ўроках фізікі ў Паўла Васільевіча Кадэнскага было цікава, самыя складаныя тэмы ён тлумачыў проста і даступна, а калі нейкае пытанне было не зразумелым, вяртаўся да яго зноў. Лідзія Рыгораўна Кадэнская, строгая, патрабавальная, мела падыход да кожнага з нас, не ўсім давалася хімія, але яна магла зацікавіць сваім прадметам. Любоў да гісторыі, якая зарадзілася ў мяне яшчэ ў школе, жыве і зараз, дзякуючы незабыўным урокам Ганны Іванаўны Максімчук, Аляксандры Георгіеўны Вараб’ёвай, Ірыны Аляксандраўны Зотавай. Цікава было на ўроках рускай мовы і літаратуры ў Марыі Наркісаўны Шосцік, нашага класнага кіраўніка. З 1992 года я працую тут настаўнікам. Калі пачынала, вялікую дапамогу мне аказалі калегі-пачаткоўцы: Тамара Адамаўна Мурашка, Яўгенія Васільеўна Літвіновіч, Алена Барысаўна Барысевіч, Надзея Васільеўна Патужная, Станіслаў Макаравіч Сцепанчук, які на той час быў завучам пачатковых класаў. З дзяцінства я марыла вучыць самых маленькіх дзетак і вось на працягу дваццаці гадоў займаюся гэтым. Маім выхаванцам з першага выпуску споўнілася па 25 гадоў. Час бяжыць, сённяшнія вучні — мой пяты набор. Я радуюся іх поспехам і дасягненням, няхай пакуль маленькім, і дзякую Богу за тое, што ён даў мне сэрца, якое так моцна любіць дзяцей.
У свой час заканчвалі сярэднюю школу №2, а цяпер працуюць тут настаўнікамі Н.П.Кот, Ж.Р.Наўцэвіч, Н.М. Казак, А.В.Сысоева, Н.А.Андрасюк.
Напярэдадні юбілею ў школе пабывалі
Анатоль Бензярук і Алёна Ніканчук.
Фота Ірыны ЖУК.

 

 

 

Popularity: 2%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*