Untitled-1

 

Чацвёрты, ён жа галоўны сведка

Як вядома, 11 верасня 1942 года, калі гарэла Драмлёва, знішчаная карнікамі, жывымі з полымя выйшлі трое драмлёўскіх падлеткаў: Міша Данілюк, Міця Юрасік і Коля Ярмашук. Іх даўно няма сярод нас. Аднак ва ўспамінах старажылаў з навакольных вёсак Сцяпанкі і Горкі ўвесь час згадваўся чацвёрты, што цудам выратаваўся. Імя яго ніхто не памятаў, бо “быў не наш, з “усходнікаў”. І вось праз сем дзясяткаў гадоў пасля трагедыі ён адшукаўся. 83-гадоваму Віталю Сяргеевічу Чахлову тады, у верасні сорак другога, было дванаццаць з паловаю. Зараз ён жыве разам з дачкой Аленай Вітальеўнай у Рызе. Памяць, у адрозненне ад зроку, яго дасюль не падводзіць. Днямі нашаму карэспандэнту атрымалася пагаварыць праз скайп з В.С.Чахловым. Эксклюзіўнае інтэрв’ю з апошнім жывым сведкам, што непасрэдна знаходзіўся ў адным з хлявоў, дзе палілі людзей, чытайце ў бліжэйшым нумары “Сельскай праўды”.

Жабінкаўская бульба смачнейшая

СВК “Хмелева” і “Арэпічы”, якія спецыялізуюцца ў раёне на вырошчванні бульбы, накапалі яе адпаведна 4002 і 1843 тоны. Ураджайнасць не асабліва парадавала земляробаў сельгаскааператываў — 210,6 і 160,3 цэнтнера з гектара. Але сёлетні год не быў спрыяльным для вырошчвання “другога хлеба”. Для параўнання сярэдняя ўраджайнасць ў вобласці — 205,1 ц/га, ні ў адным раёне яна не перавысіла лічбу 300. Праўда, у Пружанскім сама блізка да яе — 271 ц/га. Аднак, як гавораць мясцовыя жыхары, жабінкаўская бульба смачнейшая, бо “вырашчана на пясочку”. Таму, хто сам не паклапаціўся вырасціць бульбу, набывае яе ў сельгаспрадпрыемствах: рэалізавана ўжо амаль па 400 тон, астатняя закладзена ў сучасныя бульбасховішчы. У прыватнасці, у хмелеўцаў ёсць дамоўленасць, што ў лістападзе будуць прадаваць бульбу ў Расію.

Будзь прыкметным у цемнаце

У нядзелю, 27 кастрычніка, у нашым раёне завяршаецца рэспубліканская акцыя “Стань прыкметным у цемнаце”, якая была накіравана на тое, каб яшчэ раз звярнуць увагу пешаходаў на выкарыстанне святлоадбіўных элементаў у цёмны час сутак. Кастрычнік яшчэ не закончыўся, але супрацоўнікамі АДАІ Жабінкаўскага РАУС выяўлена ўжо 97 парушэнняў правілаў дарожнага руху, якія здзейснілі веласіпедысты і пешаходы. 31 чалавек знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Нагадваем, што ў выпадку парушэнняў правілаў дарожнага руху веласіпедысты і пешаходы могуць атрымаць папярэджанне ці штраф у памеры ад 1 да 3 базавых велічыняў, што складзе ад 130 да 390 тыс. рублёў. Калі ж пры гэтым асоба ў нецвярозым стане, то штраф павялічыцца і складзе ад 3 да 5 базавых велічыняў, а значыць са сваёй кішэні парушальнік выкладзе ад 390 да 650 тыс. рублёў.

У госці да клоўна

22 кастрычніка ў раённай дзіцячай бібліятэцы прай-шло тэатралізаванае мерапрыемства, на якім пабывалі выхаванцы цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Яны ўдзельнічалі ў вясёлых конкурсах, адгадвалі загадкі. Васьмікласнік Данііл Дзмітрук і дзесяцікласніца Марына Базылюк паказалі дзецям лялечны мюзікл “Маша і Мядзведзь”. Не засталіся госці і без падарункаў. На памяць аб сустрэчы кожны выхаванец цэнтра атрымаў сябра-сабаку,які быў зроблены з паветранага шарыка клоўнам Клёпам.

Акцыя юных выратавальнікаў

Сёння ў гарадскім Доме культуры адбудзецца фінальнае мерапрыемства трэцяга этапу рэспубліканскай акцыі “Моладзь за бяспеку”, якая прысвечана ўтварэнню беларускай моладзевай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных. З удзельнікамі мерапрыемства, а гэта ў асноўным вучні гарадскіх школ, будуць праведзены розныя конкурсы пажарна-выратавальнай тэматыкі, а на заключэнне — прыемныя хвіліны ўсім даставяць удзельнікі мастацкай самадзейнасці.
Пад час першага этапу акцыі актывісты моладзевай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных наведалі вучняў Ракітніцкай, Якаўчыцкай, Ленінскай, першай і другой гарадскіх адзінаццацігодак, Маціевіцкай базавай школы, а таксама выхаванцаў дзіцячых  ясляў-садоў №2 і №3. Юныя выратавальнікі пазнаёмілі сваіх равеснікаў з дзейнасцю арганізацыі і прапанавалі забаўляльную праграму.
Шэфская дапамога юнымі пажарнікамі была аказана пад час другога этапу шматдзетным сем’ям, інвалідам, пенсіянерам, якія жывуць адны. Яны пабывалі ў Шалухах, Чыжэўшчыне, Хадасах і аграгарадку Ленінскі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top