Тысячы дарог за плячамі

Тысячы дарог за плячамі

IMG_5094

“Добра быць у дарозе, якую ты сам выбіраеш”, — гэтыя словы класіка беларускай літаратуры Я.Коласа запрашаюць кожнага падумаць пра свой шлях у жыцці. Чалавечае прызванне, выбар прафесіі абуджаецца дзесьці далёка-далёка, на самым пачатку жыцця, у дзіцячыя гады.
Мікалай Аляксандравіч Залеўскі абраў сваім жыццёвым шляхам прафесію вадзіцеля, і яна назаўсёды звязала яго з тысячамі дарог.
“З дзяцінства марыў “круціць абаранак” аўтамабіля. Адслужыў у арміі і ў 1988 годзе ўладкаваўся кіроўцам у райаграпрамтэхніку Брэсцкага раёна, працаваў у вёсцы Кавярдзякі. З 1 жніўня 1991 года ўліўся ў калектыў Жабінкаўскага ДРБУ №103, — дзеліцца Мікалай Аляксандра-віч. — Падабаецца знаходзіцца ў дарозе, падабаецца мая работа”.
За гады працы ў калектыве дарожнікаў Мікалаю Залеўскаму давялося праехаць тысячы кіламетраў. “За дзень іх “накручваецца” 200-300, — кажа вадзіцель. — Даводзілася ездзіць на розных машынах: на УАЗіку вазіў людзей у кар’ер у Камянецкім раёне, 4 гады назад сеў на МАЗ. Працаваў на аўтагудранатары — займаўся паверхневай апрацоўкай, падгрунтоўкай, дастаўкай эмульсіі з Бярозы ў Жабінку і яе разлівам. Узімку чысціў дарогі ад снегу, кіраваў МАЗам з раскідвальнікам пяску. Акрамя таго, ажыццяўляў выезды па выпісках: ДРБУ аказвае паслугі насельніцтву ў дастаўцы пяску і гравію. 13 жніўня мне даверылі новенькі МАЗ-самазвал 6501А8”.
“Ведаеце 3 галоўныя складнікі ДРБУ? — уключаецца ў размову начальнік сектара механізацыі і энергетыкі ДРБУ №103 Аляксей Леанідавіч Грыцук. — Гэта аб’ёмы, якія можна выканаць, спраўная і сучасная тэхніка і людзі, у якіх можаш быць упэўнены. Мікалай Залеўскі якраз з такіх. Адказны, добрасумленны, нікому не адмовіць, калі патрэбна яго дапамога. Не шкадуе свайго вольнага часу, можа застацца  і пасля работы, калі трэба пад-рамантаваць аўтамабіль. Скажам, работа на аўтагудра-натары такая адказная, што яе павінен выконваць прафесіянал, які ведае, як гэта рабіць, на якіх перадачах разліваць эмульсію, да якой тэмпературы яе награваць. Нявопытнаму работніку такую тэхніку не даручыш. А Мікалай Аляксандравіч спраўляецца выдатна”.
Мікалай Залеўскі прымаў удзел у падрыхтоўцы Маларыты да абласнога фестывалю “Дажынкі-2010” у складзе “працоўнага дэсанту” жабінкаўскіх дарожнікаў: месяц рабілі тратуары.
Калі будавалася аб’язная дарога вакол Белавежскай пушчы, пракладваў дарогу па вёсцы Валкаставец.
Расчышчаў дарогі пад час урагану Хаўер. “Памятаеце, які гэта быў жах? — узгадвае Мікалай Аляксандравіч. — 15 сакавіка, а на вуліцы мяцеліца, сумёты, на дарогах заносы. Транспарт спыніўся. Мы чысцілі ад снегу Навасадаўскую дарогу, але ў сувязі з аварыяй у Тэльмах нас перакінулі на дарогу Жабінка-Матыкалы. Выцягвалі аўтамабілі з сумётаў, забяспечвалі праходнасць машын. Цэлыя суткі працавалі”.
“А летам разам з іншымі вадзіцелямі Мікалай працаваў з 4 гадзін раніцы, і ні разу я не пачуў ні слова наракання, — дадае Аляксей Леанідавіч. — Чалавек, улюбёны ў сваю працу (а Мікалай менавіта такі), часам ахвяруе сабой, сям’ёй”.
Мікалай Аляксандравіч жанаты, мае дзвюх дачок. Старэйшая Аляксандра працуе ў Брэсце ў прыватнай фірме “Элітбізнесбуд” інжынерам планавага аддзела і вучыцца завочна ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце на будаўніка. Малодшая Таццяна займаецца на 3-м курсе Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Жонка Наталля Васільеўна працуе бухгалтарам у аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Да таго, што часам муж працуе круглыя суткі, яна адносіцца з разуменнем. А дочкі ганарацца бацькам.
Пра тое, што Мікалай Залеўскі знаходзіцца на сваім месцы і з’яўляецца прафесіяналам сваёй справы, гавораць неаднаразовыя ўзнагароды Ганаровымі граматамі і Пісьмамі падзякі, а таксама знаходжанне яго імя на Дошцы гонару ДРБУ №103. Вось і зараз чарговая ўзнагарода да Дня аўтамабіліста і дарожні-
ка — Пісьмо падзякі райвыканка-ма — чакае свайго героя.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку:
вадзіцель Жабінкаўскага ДРБУ №103 М.А.Залеўскі.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top