Праводзілі кіраўніка раёна, сустракалі новага

Праводзілі кіраўніка раёна, сустракалі новага

    IMG_5127

22 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі А.Лукашэнка даў згоду на назначэнне новых кіраўнікоў мясцовых выканкамаў. Гэтыя кадравыя пытанні датычацца і Жабінкаўшчыны. У прыватнасці, М.В.Токар назначаны намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама, Ф.Ф.Каланчук — старшынёй Жабінкаўскага райвыканкама.
На наступны дзень, 23 кастрычніка, пазачарговая 24-ая сесія Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў XXVI склікання разгледзела пытанне аб зацвярджэнні ў пасадзе новага кіраўніка райвыканкама. На яе былі запрошаны дэпутаты, а таксама кіруючыя кадры мясцовай вертыкалі, народнагаспадарчага комплексу і сацыяльнай сферы Жабінкаўшчыны. У рабоце прынялі ўдзел старшыня абласнога Савета дэпутатаў, дэпутат ад Жабінкаўскай выбарчай акругі №30 С.Д.Ашмянцаў, першы намеснік старшыні аблвыканкама М.І.Юхімук, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама А.М.Каляда і начальнік упраўлення арганізацыйнага забеспячэння аблвыканкама У.М.Гаўрышук.
М.І.Юхімук адзначыў, што амаль за 10 гадоў работы на пасадзе кіраўніка раёна М.В.Токар зрабіў нямала для развіцця Жабінкаўшчыны, цяпер яго чакае не менш напружаная і адказная праца ў вобласці, дзе ён будзе курыраваць аграпрамысловы комплекс. Міхаіл Іванавіч прадставіў кандыдатуру новага старшыні райвыканкама.
IMG_5149Фёдар Фёдаравіч Каланчук нарадзіўся 22 чэрвеня 1964 года ў вёсцы Святая Воля Івацэвіцкага раёна, закончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, затым у 2011 годзе — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Асноўная працоўная дзейнасць прыпадае на банкаўскую сферу. Пачынаў эканамістам, вырас да кіраўніка Брэсцкага абласнога ўпраўлення ААТ “Бел-аграпрамбанк” . З 2008 да 2010 года — намеснік старшыні Брэсцкага раённага выканаўчага камітэта. Апошняе месца працы — старшыня Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў.
Станоўчую характарыстыку Ф.Ф.Каланчуку даў дэпутат ад Скарынаўскай выбарчай акругі №2, начальнік РКЦ №2 г.Жабінка філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” БАУ В.М.Андраюк, які ведае яго два дзясяткі гадоў па сумеснай працы. Мэтанакіраванасць Фёдара Фёдаравіча, уменне прымаць правільныя рашэнні і адстойваць іх, пойдуць толькі на карысць у выкананні тых задач, якія паставіў перад кадрамі мясцовых выканкамаў кіраўнік дзяржавы, лічыць Валерый Мікалаевіч.
Ад аграрнага сектара слова ўзяў дырэктар ААТ “Жабінкаўскі” А.С.Тарасевіч.
— Сёння знакавая дата для раёна і горада, — адзначыў ён, — змена кіраўніцтва. Калі праўду сказаць, крыху сумна. Прывыклі да Мікалая Васільевіча Токара, ён усіх нас вывучыў, чаго варты кожны, нават “знутры”. Ішла “жывая” работа ў выкананні тых задач, што стаялі перад раёнам. І вось наш старшыня ідзе на павышэнне, і нам прыемна. А наконт новага назначэння, дык Фёдара Фёдаравіча Каланчука ведаю шмат гадоў. Спадзяюся, што ў яго вопыту і мудрасці хопіць, каб намі кіраваць. Дэпутатаў прашу падтрымаць яго кандыдатуру.
Прапанова была пастаўлена на галасаванне. Аднагалосна дэпутаты зацвердзілі ў пасадзе старшыню райвыканкама Ф.Ф.Каланчука. У адказ Фёдар Фёдаравіч падзякаваў за аказаны давер, выказаў спадзяванні, што сумесная праца будзе будавацца на аснове ўзаемапаразумення і на карысць Жабінкаўскага раёна як у сацыяльным плане, так і ў эканамічным. За аснову будуць узяты тыя арыенціры, на якія звярнуў увагу на сустрэчы з новым корпусам мясцовай вертыкалі Прэзідэнт Беларусі — развіццё малых гарадоў, умацаванне сельскагаспадарчай галіны, павышэнне якасці жыцця людзей.
IMG_5125Першы намес-нік старшыні аблвыканкама М.І.Юхімук, даючы ста-ноўчую ацэнку работы Жабінкаўскага выканкама, спыніўся на тых праблемах, якія патрабуюць вырашэння. Усе яны — “на заметку” новаму кіраўніку раёна, ніколькі не прыніжаючы заслугі яго папярэдніка, якія ўзніклі як з-за суб’ектыўных, так і аб’ектыўных прычынаў. Міхаіл Іванавіч “прайшоўся” літаральна па ўсіх галінах. У сельскагаспадарчай — па выніках работы 9 месяцаў дапушчана зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці ў 3 асноўных паказчыках, у некаторых гаспадарках упалі надоі, нізкая таварнасць малака. Ёсць і такія прыклады, калі ў сельгаспрадпрыемстваў-суседзяў, якія фактычна працуюць у роўных умовах, зусім не параўнальныя вынікі ў эканамічнай дзейнасці.
Не ўсё гладка і ў рабоце прамысловага комплексу раёна. У цяжкім фінансавым становішчы градаўтваральнае прадпрыемства — цукровы завод. Тут зніжаны паказчык у прадукцыйнасці працы ў разліку на аднаго работніка. На торфабрыкетным заводзе немагчыма распачаць будаўніцтва міні-ЦЭЦ з-за адсутнасці сродкаў, якія павінны былі паступіць з інавацыйнага фонду. Да таго ж цана на торфабрыкеты для насельніцтва і прадпрыемстваў не можа ў такіх аб’ёмах датавацца з раённага бюджэту, галоўны рэзерв у прадпрыемст-ва — зніжэнне сабекошту прадукцыі.
Як адзначыў выступоўца, вялікая перспектыва адкрываецца для будаўнічай галіны Жабінкаўшчыны з аб’яўленнем райцэнтра спадарожнікам Брэста. Будуць узводзіцца жылыя мікрараёны і развівацца інфраструктура. Кіраўніцтву раёна патрэбна ўзаемадзейнічаць з абласнымі службамі і актыўна працаваць у гэтым накірунку.
А вось для сістэмы райспажыўтаварыства, паводле слоў М.І.Юхімука, наспела неабходнасць у рэарганізацыі. Тым больш, прыйшоў на рынак “Еўраопт”. Задача раённай улады адсочваць, каб у продажы не зніжалася колькасць тавараў айчыннай вытворчасці, што на жаль, прысутнічае ў дзейнасці новых гандлёвых сетак.
Пасля таго, як новы кіраўнік раёна быў прадстаўлены і зацверджаны дэпутатамі ў пасадзе, шмат цёплых слоў прагучала ў адрас М.В.Токара. Старшыня раённага Савета дэпутатаў С.М.Мартысюк ад імя дэпутацкага корпуса і гаспадарчага актыву раёна падзякаваў яго за добрасумленную, плённую працу. “Вы “вырасцілі” Мікалая Васільевіча. Ён вучыўся ў вас і вас вучыў. Цяпер гэта адзін з вопытных і падрыхтаваных кіраўні-
коў”, — з такімі словамі звярнуўся да прысутных старшыня абласнога Савета дэпутатаў С.Д.Ашмянцаў. Ад органаў самакіравання Брэстчыны ён уручыў М.В.Токару Пісьмо падзякі.

IMG_5134
А яшчэ было шмат кветак і пажаданняў ужо былому кіраўніку раёна: здароўя, цярпення, вытрымкі і ўдачы ў справах на новай паса-дзе. На развітанне Мікалай Васільевіч падзякаваў за сумесную працу і ўвагу. Але чаму на развітанне? Жыццё працягваецца. Яшчэ не раз давядзецца яму бываць на Жабінкаўшчыне, а ён ведае, што тут ёсць шмат станоўчых набыткаў, якімі можна падзяліцца з іншымі.
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top