Untitled-1

Свята юнацтва

У мінулую пятніцу ў абласным грамадска-культурным цэнтры сустрэліся людзі рознага ўзросту. Усіх іх аб’ядноўвала незабыўнае камсамольскае юнацтва. У свяце, прысвечаным 95-годдзю камсамола і 50-годдзю стварэння будаўнічых студэнцкіх атрадаў, прыняла ўдзел дэлегацыя ад Жабінкаўшчыны, у якую ўваходзілі актыўныя камсамольцы ХХ стагоддзя А.С.Ануфрыюк, В.А.Шэвелева, М.В.Сасноўскі, Л.П.Пшанай і сённяшнія актывісты моладзевага руху ў раёне М.Сянішына, Ю.Вайтовіч, Г.Кандрацюк, В.Юрасік.
З уступным словам да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуўся намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Л.Цупрык.
Былым і сённяшнім камсамольцам было пра што пагаварыць. Гэтаму, дарэчы, спрыяла найперш атмасфера, якая была створана арганізатарамі ўрачыстасці. Гучалі тэматычныя папуры ў выкананні духавога аркестра, а стэнды з фотаздымкамі расказвалі пра мінулы і сённяшні дзень моладзі Брэстчыны. Лепшым будатрадаўцам былі ўручаны падарункі, а ветэраны-камсамольцы ўсклалі кветкі ў Брэсцкай крэпасці. У цырымоніі ўскладання іх удзельнічала былы першы сакратар Жабінкаўскага РК ЛКСМБ В.А.Шэвелева.

Атрымалі адзнаку “добра”

22 кастрычніка згодна з планам падрыхтоўкі органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны прайшлі заняткі ў агнявой падрыхтоўцы службовых асобаў савета абароны раёна пад кіраўніцтвам ваеннага камісара Жабінкаўскага раённага ваеннага камісарыята падпалкоўніка Андрэя Юруця. На занятках былі адпрацаваны пытанні будовы і характарыстык вогнестрэльнай зброі, меры бяспекі пры карыстанні ёю, а таксама праведзены практычныя стрэльбы. Пры выкананні нарматыву ў стральбе службовыя асобы савета абароны паказалі высокую падрыхтаванасць і атрымалі агульную адзнаку “добра”.

Час задумацца

«У канцы жніўня ўступілі ў законную сілу змены, унесеныя ў Кодэкс адміністрацыйных правапарушэнняў. Гэта прывяло да больш жорсткага пакарання за незахаванне рэжыму працы і адпачынку вадзіцеляў», — сказаў Васіль Галюнчык, начальнік КП-ПВГК “Федзькавічы”. Адсюль — павелічэнне штрафаў за дадзеныя правапарушэнні. Ці зменшылася колькасць іх? Толькі ў верасні інспектарамі КП-ПВГК “Федзькавічы” сумесна са спецыялістамі аддзела вагагабарытнага кантролю было прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 186 вадзіцеляў на суму больш як 160 млн. руб. Было затрымана 110 цяжкавагавых буйнагабарытных транспартных сродкаў з парушэннямі заканадаўства. Штрафы склалі больш як 115 млн. руб.
Як вядома, з 1 кастрычніка сёлета павялічыўся памер базавай велічыні, што таксама прывяло да росту памераў штрафаў. Значыць, аўтатранспартнікам трэба задумацца: плаціць такія грашовыя пакаранні ці пастарацца не парушаць заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Сталі ліцэістамі

У першы дзень восеньскіх канікулаў зала гарадскога Дома культуры была аддадзена юнакам і дзяўчатам з ліцэя Жабінкі, дзе праходзіла ўрачыстасць з нагоды пасвячэння ў ліцэісты. 60 навучэнцаў атрымалі білеты ліцэіста з рук дырэктара адукацыйнай установы А.Р.Палешчука. Віншуючы дзесяцікласнікаў са своеасаблівым святам, ён падкрэсліў, што ў яе сценах навучалася за ўсе гады дзейнасці амаль 480 юнакоў і дзяўчат; удзельнічаючы ў алімпіядах рознага ўзроўню і ў навукова-практычных канферэнцыях, творчая праца іх адзначана 10 дыпломамі ў рэспубліцы і больш як 50-цю — у вобласці. Ад імя бацькоў маладое пакаленне павіншавала В.М.Базылюк і пажадала няўрымслівасці, творчых знаходак на сцяжынцы да глыбокіх і трывалых ведаў. Добрае слова ў дарогу ліцэістам сказаў настаяцель Свята-Пакроўскага храма, айцец Сергій.
Затым юныя ліцэісты профільных класаў пра-дэманстравалі свае здольнасці ў сцэнічным майстэрстве.

Навічкі нароўні з вопытнымі

Прайшло традыцыйнае раённае свята “Пасвячэнне ў турысты”, арганізаванае цэнтрам раённага дзіцячага моладзевага турызму і краязнаўства, у якім прынялі ўдзел 10 каманд школьнікаў. У іх складзе былі як вопытныя, так і навічкі. Каб стаць сапраўдным турыстам,  яны далі ўрачыстую клятву, у якой паабяцалі любіць радзіму, паважаць бацькоў, старанна вучыцца і быць надзейнымі сябрамі. У пацвярджэнне таго, што цяпер яны сапраўдныя турысты, навічкам уручылі пасведчанні. Удзельнікі мерапрыемства спаборнічалі і ў турыстычных конкурсах. Так, у эстафетным арыенціраванні перамагла каманда сярэдняй школы №1 Жабінкі. На другім месцы апынуліся юныя турысты з Крыўлян, на трэцім — каманда Ленінскай адзінаццацігодкі. Больш складаным выпрабаваннем сталі іспыты ў тэхніцы горна-пешаходнага турызму: устаноўка і зняцце палаткі, пераправа па паралельных вяроўках, пераскокванне пэўнага ўчастка з дапамогай вяроўкі-маятніка. З гэтым больш удала справіліся вучні Крыўлянскай сярэдняй школы, другой і першай гарадскіх адзінаццацігодак. Яны ў ліку пераможцаў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top