Усе мы госці…

Усе мы госці…

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Давайце знаёміцца: я падарожнік, я госць на гэтай зямлі. Ведаю, што і вы падарожнікі, і вы госці таксама. Толькі кожнаму адведзены свой час для гэтага падарожжа: ён абмежаваны, ён не можа быць бясконцым. Можа, вы не згодныя? Хтосьці хоча паспрачацца са мною? Бачу — задумаліся…
Не сумуйце, пада-рожнічайце смела, з радасцю, бо жыццё наша — гэта такі цуд!
Зазірніце ў акно, бачыце, якія прыгожыя восеньскія дрэвы, а дагэтуль вы іх і не заўважалі. Неадкладна ідзіце ў парк, пахадзіце па дыване з залаціста-жоўтага лісця. Як прыемна яно шапаціць пад нагамі! Прыслухайцеся да яго шэпту — вы пачуеце не адну цікавую гісторыю.
Я ж больш люблю зіму — марозную, снежную. Такая была ў мінулым годзе, ніяк не хацела саступаць сакавіку — пякла маразамі, сыпала снегам, адным словам, сапраўдная! Менавіта пра такую расказвалі мне бабуля з дзядулем. Зімою я абавязкова бываю ў лесе. Якая там прыгажосць! Хачу даць вам, паважаныя падарожнікі, некаторыя парады: хадзіць у зімовым лесе трэба няспешна, не забудзьце павітацца з першай ялінкай, якую сустрэнеце на ўскрайку яго — сумна ёй адной. Толькі вітайцеся ціхенька, бо яна дрэмле пад пушыстай коўдрай снегу. Падыдзіце да бярозкі з усмешкай, яна так любіць пяшчоту. — Вясною яна шчодра адорыць вас смачным салодкім бярозавікам. Не праходзьце міма дуба-волата, ён дасць вам сілы і моцы, а рабінка-прыгажуня, лясная карміцелька, пачастуе
гаркавата-салодкімі ягадамі.
Абавязкова знайдзіце палянку, шырокую, вялікую, на якой многа снегу і які так прыгожа паблісквае на сонцы. Доўга не раздумвайце, палічыце да трох: адзін, два, тры, заплюшчце вочы і… падайце, падайце на гэтую мяккую коўдру. Вочы не расплюшчвайце адразу, на ўсю моц зрабіце некалькі ўдыхаў і выдыхаў. Не думайце, што гэта гімнастыка ёгаў. Вы адчуеце водар нашага лесу. “Прачынацца” яшчэ доўга не захочацца. Пасля “абуджэння” затрымайце свой погляд на небе і вы ўбачыце, якое яно блакітнае, якое вялікае і прыгожае. Ваш настрой абавязкова палепшыцца,
а ў душы паселяцца спакой і радасць.
Памятайце, наша падарожжа не спыняецца ні на адну хвілінку. Вясною не забудзьце звярнуць увагу на тое, як прачнецца ад зімовага сну лес, у якім вы былі, дрэвы побач з домам; як вернуцца з выраю шпакі. Іх вясёлае шчабятанне будзе чуваць праз адчыненую фортку. А калі пачнецца лета, наведайце поле — звычайнае жытнёвае поле. Правядзіце рукою па поўных залацістых калоссях, паспрабуйце на смак зерне, паслухайце спеў жаўрукоў, а дамоў прывязіце букет сініх валошкаў. І хай дзівяцца суседзі, што з вамі нешта не так…
А справа ў тым, што падарожжа ваша, ў параўнанні з іхнім, што прайшло з тэлевізарам і камп’ютарам, больш цікавае і насычанае.
Дар’я НІКАНЧУК, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top