Сустрэча двух пакаленняў

Сустрэча двух пакаленняў

У Жабінкаўскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі сабраліся адной сям’ёй калегі-педагогі: маладыя спецыялісты, якія сёлета прыйшлі працаваць ва ўстановы адукацыі нашага раёна, і сталыя, вопытныя. Пад час сустрэчы маладыя настаўнікі пазнаёміліся з лепшымі педагогамі Жабінкаўшчыны, якія на працягу многіх гадоў застаюцца вернымі сваёй прафесіі, даюць трывалыя веды і выпусцілі ў самастойнае жыццё ўжо не адно пакаленне вучняў.
Васіль Веніямінавіч Кузьмін 27 гадоў быў дырэктарам Якаўчыцкай сярэдняй школы, мае званне “Выдатнік адукацыі”, яго жыццёвы дэвіз: стаўся да людзей так, як хацеў бы, каб яны ставіліся да цябе. На сустрэчу прыйшоў разам са сваёй унучкай — Марынай Сяргееўнай Грыцук, якая стала, як і дзед, настаўнікам фізічнай культуры і здароўя і зараз працуе ў Жабінкаўскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву. IMG_5066Аляксандра Георгіеўна Вараб’ёва — выкладчыца гісторыі, выдатнік адукацыі, заўсёды была актыўнай, ініцыятыўнай, творчай, адказнай, такой застаецца і зараз. Святлана Васільеўна Пятручык — настаўніца рускай мовы і літаратуры, прадстаўніца ўсім вядомай не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі педагагічнай дынастыі Дошчыкаў. Яна чалавек інтэлігентны, добразычлівы, заўсёды па-мацярынску адносіцца да маладых спецыялістаў. Мікалай Пятровіч Кавальчук — фізік, доўгія гады  быў дырэктарам сярэдняй школы №2 г.Жабінка, мудры, справядлівы, заўсёды прымае чалавека такім, які ён ёсць, умее падтрымаць, прыходзіць на дапамогу і застаецца для ўсіх калегаў сапраўдным сябрам. Вера Пятроўна Мандрэнка – настаўніца англійскай мовы, працавітая, энергічная, карыстаецца заслужаным аўтарытэтам, з’яўляецца старшынёй раённага савета ветэранаў педагагічнай працы.
Творчая сустрэча сталых і маладых педагогаў праходзіла ў своеасаблівай форме — гэта быў адзін школьны дзень, які складаўся са звычайных урокаў, іх праводзілі вопытныя майстры, а маладыя спецыялісты таленавіта выконвалі ролі вучняў. Першым з іх быў урок рускай літаратуры. Святлана Васільеўна Пятручык паказала фрагмент дзелавой гульні, пад час гутаркі са сваімі “вучнямі” і сумеснага пошуку падвяла  “выхаванцаў” да высновы: прафесія настаўніка – галоўная на зямлі.
IMG_5057Урок англійскай мовы правяла Вера Пятроўна Мандрэнка. Для замацавання новай лексікі настаўніца выбрала незвычайны метад. Разам са сваімі “вучнямі” – Вольгай Міхайлаўнай Плавух, Таццянай Сяргееўнай Грыгарэнка, Святланай Валянцінаўнай Алехнік, маладымі калегамі-прадметнікамі, выканала песню на англійскай мове, якая стала прыемным падарункам для ўсіх прысутных.
IMG_5079Своеасаблівую фізкультхвілінку правёў з “вучнямі” Васіль Веніямінавіч Кузьмін, які ўспомніў адзін з цікавых выпадкаў сваёй прафесійнай дзейнасці і гэтым самым нагадаў, што без гумару, жартаў, усмешак нельга абысціся ў рабоце з дзецьмі.
Аляксандра Георгіеўна Вараб’ёва экзаменавала маладых гісторыкаў і географаў: Арцёма Сяргеевіча Сераду, Яўгена Аляксандравіча Кірылюка і Святлану Віктараўну Андросенка, якія вытрымалі жартоўны “іспыт” на “выдатна”.
Выпрабаванні чакалі і матэматыкаў. Так, маладому педагогу Святлане Віктараўне Якубук патрэбна было зрабіць дзесяць крокаў і на кожны назваць геаметрычную фігуру, а яшчэ прайсці экзамен на веданне правілаў множання.
Вядучыя пазнаёмілі маладых педагогаў з астралагічным прагнозам, які папярэдзіў іх аб тых сюрпрызах, якія могуць сустрэцца на іх жыццёвым шляху.
Усе перапынкі былі музычнымі, іх падрыхтавалі ўдзельнікі вакальнай студыі “Радужный микс” пад кіраўніцтвам Вікторыі Міцковіч.
Сустрэча двух пакаленняў педагогаў была арганізавана старшынёй Жабінкаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталляй Мікалаеўнай Урбан, пры падтрымцы раённага вучэбна-метадычнага кабінета і Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Яна  прайшла ў творчай добразычлівай атмасферы. Спадзяюся, яна надоўга застанецца ў памяці маладых педагогаў, якіх цёпла і па-бацькоўску прынялі ў вялікую настаўніцкую сям’ю нашага раёна.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымках: пад час творчай сустрэчы сталых і маладых педагогаў.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top