Як Ёжык прайграўся і з носам застаўся

Як Ёжык прайграўся і з носам застаўся

IMG_3248Калі б не было вытокаў, не маглі б узнікнуць рэкі. Без гісторыі не можа існаваць народ. Людзей заўсёды цікавіла, чаму менавіта так называецца месца, дзе яны жывуць, тое ці іншае ўрочышча. Сведчанне такой цікаўнасці — шматлікія версіі аб імёнах вёсак, што бытуюць сярод жыхароў. Часам гэтыя назвы вельмі даўнія і дзіўныя, перадаюцца ў пакаленнях. Вось некалькі паданняў пра жабінкаўскія вёскі.

Бусні і Грабаўцы

Невядома чаму, але як толькі людзі пачалі засяляць гэтую мясцовасць, кожны год перад адлётам у вырай над Буснямі збіраліся чароды буслоў. Відаць, і людзям, і птушкам спадабаліся гэтыя мясціны.
А ў Грабаўцах расло многа грабаў. Людзям спадабалася гэтае месца, і яны пачалі будаваць пад дрэвамі хаты. Для гэтага ўжывалі грабы, таму першыя Грабаўцы былі з драўніны, якая прынесла ім імя.

Сычова і Азяты

Старажылы расказалі: калісьці прыйшоў мангола-татарскі хан, арду з сабою прывёў незлічоную. Там, дзе цяпер Сычова стаіць, сутыкнуліся войскі, адбылася вялікая крывавая бітва. У выніку было пасечана шмат людзей, таму менавіта з дзеясловам “сячы” звязваюць тутэйшыя назву сваёй вёскі.
Народная традыцыя лічыць, што і ўзнікненне вёскі Азяты мае вытокі з мангола-татарскіх часоў. Ва ўрочышчы Арнучча, якое размешчаны за кіламетр ад Азятаў, знаходзіўся манастыр, а побач — сялянскія хаціны і вялізны сад. Той манастыр ушчэнт разрабавалі татары, спалілі хаты, высеклі сад. Часу мінула нямала, але й зараз калі-нікалі на Арнуччы знаходзяць старажытныя металічныя крыжы, манеты.
Заваёўнікі ўпадабалі гэтыя цудоўныя мясціны. На землях сённяшняй вёскі яны ўтварылі свае пасяленні, назаўжды атабарыліся тут. А паколькі былі перасяленцамі з Азіі, азіятамі, дык і вёска атрымала назву Азяты.
Паблізу вялікага старажытнага сяла кожная мясціна мае сваё адметнае імя: Забрышча і Подрічча, Стаўское і Засілле, Бусняўка і Дуброва, Воўска і Лэсок, Плоска і Мох, Ставок і Канчычы. І кожнае мае сваё паданне.
Напрыклад, старыя людзі расказвалі: некалі ў мясцовасці, што завецца Лэбэтыны, было шырокае возера з лебедзямі. З часам возера зарасло, ператварылася ў балота Бусняўка. Раней на гэтым месцы было сяло Карасі, дзе жылі карасі (такую мянушку насілі тутэйшыя жыхары).

Мельнікі і Старое Сяло

Калісьці ў Мельніках, што месцяцца паміж Азятамі і Старым Сялом, жыў пан Ёжык. Часта да яго з’язджаліся суседзі-памешчыкі. Разам хадзілі на паляванне, наладжвалі балі, ігралі ў карты. Аднойчы сабраліся паны, селі за стол, калоду раскідалі. Спярша гулялі на грошы, потым на коней. А пан Ёжык вазьмі ды ляпні: “Стаўлю жонку”. Адумаўся, ды — позна! Вось і прайграў Ёжык сваю кабету ўдаўцу з суседняга маёнтка.
Як ні перапрошваў таго потым, — нічога не выйшла. Жонка, як даведалася, што муж яе прайграў, забрала свае пажыткі і ў той жа вечар пераехала да ўдаўца. Людзі кажуць, жылі яны доўга, добра і ў згодзе.
У часы напалеонаўскай вайны з Азятаў (праз Мельнікі) на Старое Сяло адступалі французы. Услед за імі ішла руская армія. На поўдзень ад Старога Сяла рускія ўзялі ў палон французаў. Армія была ў асноўным конная і такая вялікая, што коні павыбівалі капытамі глыбокія сцежкі, якія пасля назвалі брадамі. Быў такі жорсткі бой, што кроў стаяла ў балоце, як вада ў місцы. Загінулых хавалі па другі бок дарогі, на ўзвышшы. Урочышча, у якім бралі ў палон войска чужынцаў, да гэтага часу завуць Паланое, а месца, дзе пралілося шмат крыві, — Крывавым Балотам.
Пажылыя старасельцы расказваюць: “Нашыя далёкія продкі былі руплівыя земляробы. Ды зямля хутка стала неўрадлівая, і яны перасяліліся жыць у лес. Выпалілі, расчысцілі ўзлескі, займаліся жывёлагадоўляй, паля-ваннем, рамяством”. Пра тое сведчаць шматлікія курганы ў Старасельскім лесе, ва ўрочышчах Смалярня і Руслаўка, Грады і Воўчы Брод.
На новым месцы жыхарства, відаць, узнік пажар ці навалілася на людзей нейкая невылечная хвароба, і вяскоўцы вырашылі вярнуцца на старое месца пасялення. З таго часу і дасюль пачалі называць гэтую вёску Старой Вессю, а потым — і Старым Сялом.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*