Куды знік Крыўлянскі замак?

Куды знік Крыўлянскі замак?

сканирование0029

ГАРДАРЫКІ — “КРАІНА ЗАМКАЎ”. Гэтак некалі вікінгі называлі Беларусь. Праз тысячу гадоў у месцах былых грозных фартэцый — кавыль-трава, што прарастае між камянёў. Адзінкам пашчасціла — дзяржава не толькі ўзяла іх пад ахову, звярнула ўвагу на нікчэмны стан, але й пачала шчыраваць, каб аднавіць колішнюю славу. У выніку такія аб’екты, як Мірскі і Нясвіжскі замкі не толькі адрадзіліся, але ўнесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. За іх лёс можна больш не хвалявацца: вялікія міжнародныя фэсты прыцягнулі да старадаўніх замкаў, у якія ўдыхнута новае жыццё, ўвагу шматлікіх айчынных і замежных турыстаў. Дзяржава і людзі гэтай дзяржавы ганарацца Мірам і Нясвіжам — сапраўднымі брыльянтамі Беларусі і ўсяго свету.
Адначасова нашчадкі “краіны замкаў” пачалі задумвацца і пра іншыя гістарычныя помнікі, у якіх ледзь цепліцца жыццё. Можа, скажу банальную, але патрэбную тут рэч: старажытнасць можа (і павінна!) быць падмуркам будучыні. Дзеля гэтага трэба папрацаваць сёння — у дзень, які ёсць натуральным мостам паміж двума берагамі: мінулым і будучым.
Думаю, менавіта гэтым, а яшчэ біблейскай мудрасцю (памятаеце: “Час раскідаваць камяні, і час збіраць камяні”) выклікана з’яўленне ў 2012 годзе Дзяржаўнай праграмы “Замкі Беларусі”, зацверджанай Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. У гэтым ёмістым дакуменце акрэслена, што трэба зрабіць да 2018 года, каб 38 гістарычных аб’ектаў Бацькаўшчыны спынілі сваё незайздроснае існаванне і перажылі пасля ганебнага занядбання сапраўднае адраджэнне.
Гэтая справа непасрэдна тычыцца і жабінкаўцаў: сярод пералічаных у Дзяржпраграме аб’ектаў — рэшткі Крыўлянскага замка — археалагічны помнік, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
НАЗВУ ДЛЯ ЗГАДАНАЙ ПРАГРАМЫ, хутчэй за ўсё, падказала вядомая кніга айчыннага археолага Міхася Ткачова (1942-1992). У 1977 і 1978 гадах у свет выйшлі ягоныя манаграфіі “Замкі Беларусі” і “Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі”. Яны дасюль маюць выключнае значэнне не толькі ў навуковых колах, але карысныя кожнаму, хто цікавіцца гісторыяй сваёй Радзімы. Пошукі і высновы, зробленыя навукоўцам, былі падставай для ўнясення 18 лютага 1988 года рэшткаў колішняга замка князёў Чартарыйскіх у спіс самых каштоўных матэрыяльных помнікаў Беларускай ССР, а затым і Рэспублікі Беларусь.
Сярод даследчыкаў былой фартэцыі — расійскія вучоныя Альберт Штроцар і Фёдар Пакроўскі, якія ўжо ў канцы ХІХ стагоддзя сведчылі: колішняя магнацкая рэзідэнцыя моцна і няўмольна разбураецца. А потым прыйшоў час рэвалюцый і войнаў, калі было зусім не да археалогіі. Першым зноў “заўважыў” рэшткі замка ў 1930-ыя гады польскі навуковец Адам Цынкалоўскі. Вынікі працы ягонай экспедыцыі з наваколляў Крыўлян аселі ў сховішчах Дзяржаўнага археалагічнага музея ў Варшаве. Нарэшце, роўна 45 гадоў таму, Крыўлянскі замак “прыглянуўся” і беларускім археолагам: спярша Васілю Супруну, а затым Міхасю Ткачову.
ДОЎГІ ЧАС НІЯК З ГАЛАВЫ не ішла адна істотная акалічнасць, альбо правільней — несуадноснасць.
З аднаго боку, цудоўна разумеў, што Чартарыйскія — багацейшы магнацкі род, які змог адпіхнуць ад улады саміх Радзівілаў (!) і кіраваць сваім адумам ў Рэчы Паспалітай усю другую палову ХVIII стагоддзя, амаль не зважаючы на слабых манархаў. А з іншага боку — вось гэты “замак”… Мо для вас было б дзіўна пачуць, што, прыкладам, Раман Абрамовіч вырашыў замест чарговага палаца пабудаваць сабе… халупу?! А гэта ж адно і тое ж: магутныя, вяльможныя Чартарыйскія і…
Адказ прыйшоў гадоў пяць таму, калі на вочы патрапіла падрабязная тапаграфічная карта Расійскай імперыі, створаная ў 1866 годдзе. На ёй — паблізу вёскі Крыўляны, ва ўрочышчы Каранёва — пазначаны абрысы замка Чартарыйскіх. Акрэслены ягоныя межы, праглядаюцца бастыёны, навакольныя ўмацаванні, пад’язныя дарогі. Аднаго позірку на карту хапіла, каб упэўніцца: так, нават шыкоўнаму князю Адаму Чартарыйскаму было б не сорамна тут вітаць паслоў ці караля… Але ж не прыязджалі сюды каралі, бо хутка ад самой Рэчы Паспалітай не засталося каменя на камені. Незайздросны лёс былой дзяржавы часу Расійскай імперыі падзяліў і гэты замак паблізу Крыўлянаў…
РАНЕЙ ЦІ ПАЗНЕЙ ПАВІННЫ былі ўзнікнуць два спрадвечныя пытанні: “Хто вінаваты?” і “Што рабіць?”.
Першае пакінем па-за дужкамі як зусім неканструктыўнае. Бо віна ляжыць і на часе, што не быў надта літасцівым не толькі да замкаў, але й да людзей. Дый самі тубыльцы ўжо больш за стагоддзе “шчыруюць” у пошуках міфічнай “карэты з золатам”, быццам схаванай князем Адамам і яго нашчадкамі.
Засяродзімся на больш важным другім пытанні. Аднак спачатку адкажам на тое, што вынесена ў загаловак артыкула. Дык куды знік Крыўлянскі замак? Патрэбна ўсім усвядоміць простую ісціну: ён нікуды не “знікаў”!
Нават няхімік разумее, што калі вада становіцца лёдам або ператвараецца ў пару — яна ўсё роўна застаецца вадой, хоць і ў трохі іншай якасці. Ніхто і ніколі не патрабаваў (і Дзяржаўная праграма “Замкі Беларусі”, зразумела, таксама такую задачу не ставіць), каб Крыўлянскі замак набыў выгляд Мірскага.
Наадварот, патрабуецца захаваць, так бы мовіць, “газападобны” стан замка Чартарыйскіх, які нездарма аднесены не да помнікаў гісторыі, а да помнікаў археалогіі — нароўні з курганамі, гарадзішчамі ці замчышчамі. (Да слова, калі гарадзішча — гэта не горад, дык і замчышча — зусім не замак! Таму побач са словамі “Крыўлянскі замак” паўсюль у дакументах знаходзіцца вырашальны тэрмін “рэшткі”).
Усе спробы (а іх было нямала, пачынаючы з 1980-ых гадоў) выключыць помнік “Рэшткі замка ў Крыўлянах” з Дзяржспісу, не мелі поспеху. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, на якое ўскладзена дзяржаўная справа — фарміраваць гэты спіс і кантраляваць ягонае выкананне — ніколі не дасць згоду на такое “выключэнне”.
Значыцца, выхаду няма? Вый-сце ёсць.
Вельмі няпростае, але яно не мае альтэрнатыўных варыянтаў. Мясцовым уладам разам з грамадскасцю і пры дапамозе Міністэрства культуры краіны неадкладна давядзецца шукаць шляхі для выканання Дзяржпраграмы “Замкі Беларусі”.
На здымку: план рэшткаў фартэцыі каля вёскі Крыўляны, змешчаны ўпершыню ў 1978 годзе ў кнізе М.А.Ткачова
“Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХІІІ — ХVIII стст.”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top