У райвыканкаме

У райвыканкаме

IMG_5147

25 кастрычніка прайшло пасяджэнне райвыканкама пад старшынствам Ф.Ф.Каланчука.
Было разгледжана пытанне аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Жабінкаўскага раёна за 9 месяцаў 2013 года. Дакладчык — намеснік старшыні райвыканкама А.П.Грыгарчук, паведаміў, што забяспечана выкананне параметраў прагнозу і заданняў у экспарце тавараў, намінальнай сярэднемесячнай заработнай плаце, рознічным тавараабароце, уводзе ў эксплуатацыю жылых дамоў, стварэнні новых рабочых месцаў і малых арганізацый і інш. “Не дацягнулі”, у прыватнасці, у такіх, як  прамыя замежныя інвестыцыі, экспарт паслуг, інвестыцыі ў асноўны капітал, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі, рэнтабельнасць продажу.
Вытворчасць прамысловай прадукцыі ў дзеючых цэнах за студзень-верасень склала 101,8% да адпаведнага мінулагодняга перыяду, у супастаўных — 98,6%. Менш выраблена паліўных брыкетаў на 24,4%, цукру — на 11,3%. Знізіліся аб’ёмы экспарту цукру з 84,5 тыс. тон да 81 тыс. тон (у параўнанні са студзенем-жніўнем 2012 г.). І калі летась ён рэалізоўваўся па 652 даляры за тону, дык сёлета па 632 даляры.
Як падкрэсліў генеральны дырэктар прадпрыемства В.Р.Міронаў, у апошнія гады прадаць цукар не праблема, ён не залежваецца на складах, галоўнае — рэалізаваць выгадна. Таму ўсебакова вывучаюцца рынкі збыту. Перспектывы для далейшай эфектыўнай дзейнасці самага буйнога прадпрыемства Жабінкаўшчыны, на думку яго кіраўніка, — у максімальнай прадукцыйнасці пры максімальным выхадзе цукру, а сельгаспрадпрыемствы раёна павінны вырошчваць больш важкія ўраджаі буракоў і добрай якасці.
Па выніках работы за студзень-жнівень у раёне тры стратныя прадпрыемствы: РКБА, рыбгас “Сакалова” і цукровы завод.
Да канца года яшчэ застаўся час, каб выправіць сітуацыю, а таму кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый неабходна прыняць меры ў ліквідацыі дапушчаных адставанняў.
Пра фарміраванне мясцовага бюджэту праінфармавала начальнік фінансавага аддзела райвыканкама С.М.Плавух. За 9 месяцаў даходы яго склалі 76,1% да гадавога плана з тэмпам росту да адпаведнага леташняга перыяду 120,6%. Расходная частка прафінансавана на 65,3% удакладненага гадавога плана. У прыярытэтным парадку паступленні накіроўваліся на заработную плату, трансферты насельніцтву, харчаванне, медыкаменты, камунальныя плацяжы і іншыя сацыяльна-важныя накірункі.
Намеснік старшыні райвыканкама С.Л.Стасевіч расказаў пра работу аграрнага сектара, аб гатоўнасці аб’ектаў жывёлагадоўлі да зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы.
За 9 месяцаў сельгасарганізацыямі раёна выраблена валавой прадукцыі жывёлагадоўлі на 169,2 мільярда рублёў, што на 1,4% ніжэй, чым у 2012 годзе. Рост гэтага паказчыка ў СВК “Вазнясенскі” (на 11,6%), “Рагазнянскі” (на 5,5%), ААТ “Жабінкаўскі” (на 3,7%) і СВК “Арэпічы” (на 2,3%). І калі ў малочным цэху забяспечаны леташні ўзровень (100,2%), дык у мясным гэты паказчык склаў 95,6%. У выніку недаатрымана 140 т мяса ці 2,5 мільярда руб.
7 тысяч (76%) кароў утрымліваецца бяспрывязна і доіцца ў 16 даільных залах. Для параўнання: летась паводле такіх тэхналогіяў утрымлівалася іх 3,8 тыс. (41% ад агульнага пагалоўя). Гэта вынік таго, што ў гаспадарках вядзецца рэканструкцыя малочнатаварных ферм. Сёлета работы ішлі на 9, пяць ужо здадзены ў эксплуатацыю, астатнія будуць завершаны да канца года. На гэтыя мэты зрасходавана 35,1 мільярда рублёў, у тым ліку 19 мільярдаў — уласныя сродкі, астатнія — крэдыты банка.
На бягучую зімоўку будзе нарыхтавана 22 ц к.а. на адну ўмоўную галаву жывёлы (на 0,7 менш, чым летась). Невыкананне задання, зніжэнне аб’ёмаў нельга растлумачыць толькі кліматычнымі  ўмовамі. Прычына і ў тым, што ў сельгаспрадпрыемствах недастаткова надаюць увагі пытанням залужэння і перазалужэння, стварэнню шматкампанентных пашаў. Таму планы нарыхтоўкі сенажу выкананы толькі на 66%, сена — на 79%. Пры закладцы сіласу і сенажу практычна не выкарыстоўваліся кансерванты, хоць тэрміны і пагодлівыя ўмовы патрабавалі ў пэўны час іх прымяненне. Вось і атрымалася, што з праверанай на якасць сіласнай масы кукурузы 8%, а сенажу — 7%, аднесена да трэцяга класа якасці.
Перад жывёлаводамі раёна пастаўлена задача на бягучую зімоўку забяспечыць аб’ёмы росту вытворчасці малака і мяса не менш чым 10% да леташняй.
На пасяджэнні былі разгледжаны таксама пытанні аб выкананні патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”; аб мерапрыемствах у развіцці турызму ў раёне; аб выкананні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны” ў Жабінкаўскім раёне. У разглядзе апошняга пытання прыняў удзел намеснік міністра культуры нашай краіны А.А.Яцко.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top