Да 100-годдзя з дня нараджэння С.І.Грахоўскага (1913-2002), пісьменніка, перакладчыка

Да 100-годдзя з дня нараджэння С.І.Грахоўскага (1913-2002), пісьменніка, перакладчыка

grakhНягледзячы на няпросты і жорсткі лёс, творчасць Сяргея Іванавіча Грахоўскага, выдатнага паэта, празаіка, публіцыста, і перакладчыка, прыцягвае ўвагу гуманістычнай скіраванасцю, шчырым лірызмам і моцным публіцыстычным пафасам.
Нарадзіўся ён у мястэчку Нобель Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Зарэчненскі раён Ровенскай вобласці, Украіна) у сялянскай сям’і. У 1914 г. з бацькамі пераехаў у мястэчка Глуск на Магілёўшчыне. Пасля заканчэння Глускай сямігодкі пачаў працаваць на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце і адначасова вучыўся на рабфаку, пасля пераехаў у Мінск, дзе працаваў спачатку карэктарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР, а пасля ў рэдакцыі газеты “Чырвоная змена”. У 1935 г. скончыў літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута, быў рэдактарам на Беларускім радыё, а з восені наступнага года выкладаў літаратуру на рабфаку пры Беларускім дзяржаўным універсітэце.
19 кастрычніка 1936 г. быў беспадстаўна арыштаваны, а затым сасланы на 10 гадоў у Горкаўскую вобласць. Пасля вызвалення вярнуўся ў Беларусь, настаўнічаў на Случчыне. У 1949 г. быў арыштаваны паўторна і паводле ранейшага абвінавачвання высланы на вечнае пасяленне ў Новасібірскую вобласць. Туды да яго прыехала жонка, якую ён ласкава называў “мая дзекабрыстка”, — Валянціна Міхайлаўна з пяцігадоваю дачкою Таццянай. Пасля рэабілітацыі (19 кастрычніка 1955 г.) працаваў на Беларускім радыё, загадваў аддзелам рэдакцыі часопіса “Бярозка”, быў літаратурным кансультантам Саюза пісьменнікаў БССР, літаратурным рэдактарам часопіса “Вясёлка”, адказным сакратаром Камітэта па дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.
Першы верш пісьменніка быў надрукаваны ў 1926 г. у часопісе “Беларускі піянер”, а першы зборнік паэзіі “Дзень нараджэння” выйшаў у 1958 г. Ён сведчыў пра тое, што ў літаратуру прыйшоў зусім не пачатковец. Творчыя набыткі С.Грахоўскага аб’ёмныя і шматгранныя. Доўгія гады ён плённа працаваў у жанры паэзіі і прозы: пісаў вершы, паэмы, апавяданні, аповесці, эсэ, успаміны, крытычныя артыкулы. Але перш за ўсё Сяргей Іванавіч быў паэтам. Пасля першага зборніка вершаў адна за другой пачалі выходзіць кнігі “Чаканне”, “Табе зайздросціць сонца”, “Памяць”, “Тры вымярэнні”, “Вершы”, “Паэма дарог”, “Зазімак”, “Лірыка”, “Зачараванасць”, “Асеннія гнёзды”, за якую атрымаў Літаратурную прэмію імя А.Куляшова, “Кругі надзеі”, “Верую”. Асноўныя рысы яго паэзіі — лірызм, роздум над складанымі праблемамі часу, спалучэнне грамадскіх і асабістых матываў, сцвярджэнне дабрыні, чалавечай годнасці, грамадзянскай адказнасці чалавека. Выключнай шчырасцю напоўнены вершы, прысвечаныя маці.
Сяргей Грахоўскі, які доўгі час прыжыў па-за межамі сваёй краіны, шэраг вершаў прысвяціў радзіме, прыродзе, непаўторным беларускім краявідам. Пейзажы вызначаюцца выразнасцю, лаканічнасцю, паслядоўнасцю ўражанняў, яны заўсёды напоўнены вялікім пачуццём замілаванасці. Яго малюнкі прыроды — гэта яшчэ і ўспаміны аб юнацтве, першым каханні і багацце чалавечай душы.
Плённа працаваў ён і ў прозе. Адным з яркіх празаічных твораў пісьменніка з’яўляецца хрэстаматыйна вядомае апавяданне “А маці не спіць”, якое па сваіх памерах, шырыні ахопу гістарычных падзей, што адбыліся ў лёсе гераіні, выходзіць за рамкі малой эпічнай прозы.
Сацыяльна-палітычныя працэсы, якія адбываліся ў краіне ў канцы 1980-х, надалі новы стымул яго творчасці. Паэт не толькі імкнуўся занатаваць у мастацкім слове свае ўражанні ад сучаснасці, але і быў змушаны чарговы раз азірацца назад у мінулае. Грахоўскі ў сваёй творчасці ўсё часцей вяртаўся “ў морак таёжных дарог”. “Радасць і боль” — самая прыкметная і важкая кніга ў творчай біяграфіі паэта. У ёй шмат новых звестак пра ранейшае жыццё самога аўтара і яго таварышаў, незаконна пакараных у 1930-я гады. У гэты час, калі з’явілася магчымасць выказацца, пісьменнік выдаў своеасаблівы помнік загінулым сябрам — зборнік “Споведзь”, за якую атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. Уключаны ў яго дакументальна-мемуарныя аповесці “Зона маўчання” і “Такія сінія снягі” разгортваюць перад чытачом эпічныя карціны змрочнага лагернага побыту. Гаворка тут ідзе не толькі пра жыццё ў няволі, а нават пра абставіны гібелі сяброў.
Пісьменнік шмат стварыў і для дзяцей. Перакладаў на беларускую мову такіх аўтараў, як Р.Тагор, А.Блок, М.Дудзін, А.Пушкін, С.Ясенін, М.Забалоцкі, А.Твардоўскі, Т.Шаўчэнка, Л.Украінка і інш. А вершы самога пісьменніка перакладаліся на англійскую, французскую, польскую, балгарскую, рускую, украінскую, літоўскую, малдаўскую і іншыя мовы. Таленавіты пісьменнік прайшоў доўгі, хоць і складаны жыццёвы шлях. Ён заслужаны работнік культуры Беларусі, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, ганаровы грамадзянін Глуска, адна з цэнтральных вуліц якога названа імем пісьменніка. Спадчына С.Грахоўскага сёння захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.
Марына КАРПІШЧУК, бібліёграф ЦРБ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top