Імунізацыя — гарантыя здароўя пры эпідэміі

Імунізацыя — гарантыя здароўя пры эпідэміі

vaccin_tervis_com_ua
Інтэрв’ю Уладзіміра Ханонавіча Лапуса, в. а. галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Жабінкаўскага раёна.

— Восень-зіма — гэта перыяды, калі людзі часцей хварэюць на вострыя рэспіраторныя захворванні, грып. Для імунізацыі насельніцтва супраць грыпу штогод выкарыстоўваюцца грыпозныя вакцыны. Уладзімір Ханонавіч, скажыце калі ласка, якія вынікі паказаў аналіз захворванняў за апошнія гады?
— Грып, як інфекцыйнае захворванне, небяспечны, у першую чаргу, сваімі ўскладненнямі. Яны непасрэдна звязаны як з таксічным уздзеяннем віруса на нервовую, сардэчна-сасудзістую сістэмы чалавека, так і зніжэнне імунітэту, што прыводзіць да ўзнікнення іншай інфекцыі.
Аналіз захворванняў у раёне ў перыяд з 2010 па 2013 гады сведчыць аб зніжэнні іх у 2,3 раза, што з’яўляецца пацвярджэннем эфектыўнасці вакцынацыі.
Штогодняя прышчэпка ад грыпу павінна стаць звычайнай прафілактычнай мерай. Вірус перадаецца ад чалавека да чалавека вельмі лёгка і непрыкметна: пры размове, кашлі, чханні. Заразіцца можна на працы, у грамадскім транспарце, у магазіне, на рынку. Нашы дзеці могуць захварэць у школе, у садзе і заразіць сваіх блізкіх. Асабліва цяжка працякае гэтае захворванне ў пажылых людзей і дзяцей, у якіх найбольш высокая рызыка развіцця ўскладненняў. Арганізм здаровага чалавека пасля перанесенага грыпу сярэдняй цяжкасці траціць столькі сіл, што гэта каштуе яму аднаго года жыцця.
— Наколькі вядома, сёлета ўжо пачалася вакцынацыя супраць грыпу. Якія ёсць вакцыны і чым яны адрозніваюцца адна ад другой? Спрыяльны перыяд для іх прымянення?
— Усе дазволеныя вакцыны ў Беларусі праходзяць кантроль якасці і рэгістрацыю ў Міністэрстве аховы здароўя краіны. Летась, напрыклад, выкарыстоўваліся вакцыны “Флюваксін” (Кітай), “Ваксігрып” (Францыя), “Грыпол” (Расія), “Інфлювак” (Нідэрланды). Іх у Беларусі плануецца выкарыстоўваць і сёлета. Праўда, у нас ёсць толькі “Флюваксін”, які, дарэчы, добра пераносіцца дзецьмі, цяжарнымі і жанчынамі, якія кормяць малых. З 2010 года ў нашай краіне для імунізацыі насельніцтва прымяняюцца грыпозныя вакцыны, якія не ўтрымліваюць жывога вірусу грыпу, а толькі яго асобныя часцінкі (знешнія і ўнутраныя антыцелы), якія і важныя для фарміравання ахоўных функцый супраць хваробы ў арганізме чалавека. У склад вакцыны ўваходзіць тры штамы вірусу грыпу, найбольш актуальныя для гэтага эпідэміялагічнага сезона. Дарэчы, усе яны ў тым ліку і розных вытворцаў не адрозніваюцца па ўваходных у іх варыянтах вірусаў. Вакцына — высокаачышчаны прэпарат, добра пераносіцца. Мясцовыя і агульныя рэакцыі на ўвядзенне яе, як правіла, адсутнічаюць ці нязначныя (пачырваненне скуры, боль у месцы ўвядзення яе, вельмі рэдка бывае павышэнне тэмпературы, непрацяглы галаўны боль, які праходзіць самастойна праз 1-3 дні).
— Існуе такое меркаванне, што калі перахварэў на грып, то ўжо не будзеш. Ці так гэта? Многія супраць вакцынацыі. Ваша думка наконт гэтага?
— У тых, хто перахварэў на грып, фарміруецца імунітэт толькі да таго штама вірусу, на які ён перахварэў. Вакцынацыя ж дазваляе выпрацаваць імунітэт да ўсіх трох іх, актуальных для эпідэмічнага сезона, і сфарміраваць імунную праслойку сярод насельніцтва, г. зн. максімальна павялічыць колькасць людзей, якія маюць устойлівасць да вірусу. Чым больш прывітых, значыць абароненых ад хваробы, тым ніжэй верагоднасць заносу і распаўсюджвання яго сярод працуючых у калектыве.
Шэраг вакцын (у прыватнасці, “Флюваксін”) у насаглотцы фарміруе мясцовы імунітэт, які блакіруе распаўсюджванне рэспіраторных вірусаў на слізістых абалонках. За кошт гэтага, а таксама, дзякуючы стымуляцыі клетачнага імунітэту ў 25-30 чалавек са ста прышчэпленых фарміруецца ахоўная рэакцыя не толькі на грып, але і на іншыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі.
Найлепш рабіць прышчэпку восенню: у верасні-лістападзе, да пачатку пад’ёму сезоннага захворвання. На працягу 2-3 тыдняў пасля вакцынацыі сфарміруецца ахоўны ўзровень антыцелаў супраць вірусу, што абароніць ад захворвання на грып на працягу 6-12 месяцаў.
Эпідэміялагічная эфектыўнасць вакцына-прафілактыкі грыпу ацэньвалася ў вобласці па распаўсюджванні захворванняў сярод пры-шчэпленых і непрышчэпленых асобаў. Сёлета індэкс эфектыўнасці імунізацыі насельніцтва склаў 4,2, г. зн. рызыка захворвання ў непрышчэпленых у 4,2 раза вышэй, чым у тых, хто прыняў вакцыну. Каэфіцыент эфектыўнасці склаў 75,9%, што сведчыць пра тое, што захваральнасць на грып і ВРІ у прышчэпленых на 75,9% ніжэй, чым у непрышчэпленых.
У вобласці і раёне мінулы эпідэмічны перыяд захворванняў на грып быў адзначаны нізкімі ўзроўнямі інтэнсіўнасці эпідэміялагічнага працэсу, што абумоўлена павелічэннем колькасці вакцыянаваных супраць яго.
У бліц-апытанні “Грып і прышчэпкі”, якое правяла нядаўна раёнка, адзін з рэспандэнтаў сказаў, што ён ведае шмат непрыемных ускладненняў на ўвядзенне вакцыны. З гэтым не пагаджуся. За час маёй працы ў санэпідэмстанцыі не паступала ніводнага экстранага паведамлення на незвычайную рэакцыю на ўвядзенне вакцыны. Аднак заўважу, што патрэбен індывідуальны падыход да правядзення вакцынацыі дзяцей і дарослых, а таксама якасны медыцынскі агляд перад прышчэпкай. Не лішнім бу-дзе нагадаць і пра той факт, як цяжка праходзіў грып у эпідэмічны сезон 2009-2010 гадоў, калі і ў нашым раёне былі зарэгістраваны цяжкія формы хваробы, нават лятальны зыход. Статыстыка сведчыць пра тое, што гэта былі непрышчэпленыя супраць грыпу.
— Ці актыўна ідуць жабінкаўцы на вакцынацыю супраць грыпу? Хто ў асноўным гэта?
— Імунізацыя насель-ніцтва ў раёне праводзіцца ўжо з першых дзён восені. На 18 верасня г.г. прышчэплена супраць грыпу 1569 чалавек: 1343 — дарослыя і 226 — дзяцей. Ёсць вакцына, якая закуплена за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, таму імунізацыі падлягалі жабінкаўцы, якія адносяцца да груп высокай рызыкі — дзеці і дарослыя з хранічнымі захворваннямі, асобы старэй за 65 гадоў і медыцынскія работнікі.
20 верасня паступіла вакцына, закупленая за кошт сродкаў мясцовага бюджэту. Ёю будуць прышчэплены ў першую чаргу сацыяльна значныя групы насельніцтва, а таксама тыя, хто адносіцца да групы рызыкі, дзеці, якія наведваюць дашкольныя ўстановы і школы, работнікі ўстаноў адукацыі.
Паступае вакцына, набытая за сродкі прадпрыемстваў і арганізацый для імунізацыі сваіх работнікаў.
Інтэрв’ю правяла Людміла КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top