“І мы гарэлі ў тым агні…”

“І мы гарэлі ў тым агні…”

Андейчев 1Гады нанізваю на нітку часу.
Свой боль адолеў — пасівеў дачасна.
Гады нанізваю і ў радасці, і ў горы,
Рука дзіцяці вядзе мяне на скон у горы.

Невядомы японскі паэт ХVII ст.

Нарыс

Частка першая

Уладзімір  і Нэлі

Колькі слоў пра героя
Уладзімір Барысавіч Андрэйчаў
Нарадзіўся 31 кастрычніка 1931 года ў Днепрапятроўску, ваУкраіне.
Прарэктар Краснадарскага політэхнічнага інстытута, прафесар, доктар тэхнічных навук, акадэмік Міжнароднай акадэміі, з 1994 года — заснавальнік і першы прэзідэнт асацыяцыі “Кубаньнафтагазбуд” (г.Краснадар) — адной з найбуйнейшых кампаній у гэтай галіне на поўдні Расійскай Федэрацыі.

Трое з “Трохкутніка”

Якімі бываюць трохкутнікі?
Матэматык вылучыць геаметрычны.
Лірык апіша любоўны.
Мараход успомніць Бермудскі.
А гісторык раскажа пра… карны.
Увосень 1942 года зямля і людзі апынуліся заціснутымі ў гэтым жудасным трохкутніку паміж Брэстам, Кобрынам і Маларытай. 5 верасня распачалася фашысцкая карная аперацыя, названая “Трохкутнік”. У цэнтры яго апынулася Жабінка, якая зрабілася месцам масавых расстрэлаў. Тут, ля Мухінай Ямы, паблізу могілак і амаль у самым сэрцы паселішча, дзе карнікі ўладкавалі яўрэйскае гета, не аднойчы гучалі расстрэльныя каманды.
У тым попельным верасні ператварыліся ў галавешкі Драмлёва і драмлёўцы. Жыхары нашай “вогненай вёскі” назаўжды былі выкраслены са спісаў жывых…
У кастрычніку надышла чарга сваякоў афіцэраў і салдат Чырвонай Арміі — найчасцей жанчын і дзяцей, якіх звалі “ўсходнікамі”. Іх нішчылі ў Сцяброве, забівалі пад Жыцінем, касілі з кулямётаў у Жабінцы.
… Мінула шэсць дзясяткаў гадоў. На календары быў цёплы жнівень 2003-га. Ужо другі дзень Андрэйчавы калясілі па жабінкаўскіх дарогах у пошуках мінулага, углядаліся ў помнікі на месцах трагедый, згадвалі, як гінулі, успаміналі архіўныя дакументы, у якіх некалі былі выкраслены са спісаў жывых…
Уладзімір Барысавіч, старэйшы ў сям’і, лічыў сябе двойчы народжаным. У першы раз — у кастрычніку 1931 года. У другі раз — амаль дзень у дзень — у кастрычніку сорак другога, калі пазбегнуў расстрэлу…
Ён дастаў стос папер, адшуканых у архівах:
— Толькі пад семдзесят гадоў я атрымаў пасведчанне малалетняга вязня. Хлопчыкам мяне забівалі немцы… Гэта вельмі цяжка ўспрымаць — глядзець на спісы памерлых і чытаць сваё імя сярод замардаваных, знішчаных.
Андрэйчаў удумліва разважаў, быццам рабіў спробу цераз гады зазірнуць у сваё маленства, да якога гэтак жорстка дакранулася вайна. Яго думкі — тое праглядвалася ў нервовай жылцы, што запульсавала на лбе, быццам працятая недабалелым болем, — на крылах памяці ляцелі ў той ранак…
Успамінае Уладзімір Андрэйчаў:
Сваім тагачасным, дзіцячым разуменнем мне здавалася, што ў натоўпе былі тысячы людзей. Але ж цяпер я думаю — іх было значна менш. Людзей разбілі на групы і пачалі падводзіць да месца расстрэлу…
Зямлёй прысыпалі забітых і параненых, а затым — новы слой з людзей… Аднак вечарэла хутка — восень. Мы былі ўтраіх: я, мама і сястра (ёй тады яшчэ не было і чатырох гадкоў). І мы ўжо стаялі ля краю магілы… Не ведаю адкуль у мяне ўзяліся сілы і рашучасць, але я маме кажу: “Бяжым…” І пабеглі — да лесу, да выратавання…
Трэці паліцэйскі батальён СС, які “расчарціў” на нашай зямлі той чорны “Трохкутнік”, напрыканцы 1942 года склаў справаздачу аб “праведзенай рабоце”. Ад Буга да Піны яны знішчылі 44837 мірных жыхароў… Не ведаю, ці ўваходзілі ў гэтую лічбу тыя трое — жанчына і двое дзяцей, што дабеглі да лесу…
Аднак у пайменных спісах, што складаліся пасля вызвалення Беларусі, Яўгенія Андрэйчава (з трохі скажоным прозвішчам) паказана сярод забітых. І дзеці яе — таксама…
Але ж праз шэсцьдзясят гадоў, якія адмерыў час пасля трагедыі, Уладзімір і Нэлі вярнуліся на тое месца.
Ніколі не забуду, як пры першай сустрэчы Уладзімір Барысавіч працягнуў руку са словамі:
— Добры дзень, а мы жывыя…
Побач з братам і сястрой стаяў Валерый. Ён — пасляваеннае дзіцё, нарадзіўся ў Хмелеве. Стаялі, маўчалі, хоць ніхто ніякай хвіліны маўчання не абвяшчаў… Яна сама павісла над помнікам расстраляным на вуліцы Міру. Метраномам для кожнага было ўласнае сэрца…
Старэйшы з Андрэйчавых зірнуў на помнік і папрасіў расказаць гісторыю яго стварэння. Слухаў уважліва, а потым звярнуўся да сястры:
IMG_8182— Вось так, Нэлі, скульптар твайго лёсу не ведаў, калі ляпіў жанчыну з дзяўчынкай на руках… Усё ж як цікава: фантазія майстра аказалася падобнай на сапраўднасць!
— Куды далей?
Гэта я ціха спытаўся. А ён адказаў гучна:
— У Хмелева, да мамы…

Іх бацька будаваў масты

Я гаварыў па-беларуску, раптам спахапіўся і спытаў:
— Вам усё зразумела?
Уладзімір Барысавіч сказаў:
— Не турбуйцеся, гаварыце — у вас цудоўная мова. Я ведаю некалькі замежных, калі іх вучыў, кожны раз прыкладваў немалыя намаганні, каб асіліць. А тут выключны выпадак: беларуская настолькі блізкая, што разумею яе, быццам родную. Яна нібыта “ўваходзіць” у мяне. Да таго ж, хто мне права даваў грэбаваць моваю людзей, што ратавалі нас ад бяды?!
Тут я не стрымаўся і агаломшыў суразмоўцу:
— А для вас, паважаны Уладзімір Барысавіч, беларуская мова не “быццам родная”, а амаль родная! Вы ў жыцці многага дабіліся, але ці памятаеце, дзе і калі да вас прыйшоў першы поспех? — І не даючы Андрэйчаву мажлівасці падумаць, працытаваў заметку, надрукаваную 2 красавіка 1948 года ў раёнцы, якая тады звалася “Ленинский путь”.
Р.Смірнова “Конкурс мастацкага чытання”:
На днях у Жабінкаўскай сярэдняй школе адбыўся конкурс на лепшае выкананне мастацкага чытання. У ім паўдзельнічалі 55 навучэнцаў пачатковых і сярэдніх школ раёна… Першае месца ў конкурсе заняў Уладзімір Андрэйчаў, вучань 6 класа Хмелеўскай школы. Ён хораша прачытаў вершы У.Маякоўскага “Аб савецкім пашпарце” і беларускага пісьменніка Я.Коласа “Над магілай партызана”.
— Вось як! А я гэтага зусім не памятаю, — прызнаўся Уладзімір Барысавіч і засмяяўся: — Усё ведае газета — ад вас не схаваешся!
У дарозе колішні хмелеўскі вучань расказаў, як Андрэйчавы апынуліся ў Заходняй Беларусі:
— Мы з Валеркам — наследныя будаўнікі, наш бацька ўзводзіў масты.
Калыска сям’і — кубанская станіца Ніжнесцябліеўская. У ёй нарадзіўся Барыс Рыгоравіч Андрэйчаў — сапраўдны патрыярх сям’і, які паходзіў з казацкага роду, якому, як вядома, няма пераводу! Ён пражыў 92 гады, хоць мог не аднойчы загінуць.
У сумна вядомым трыццаць сёмым Барыс Андрэйчаў — у Падмаскоўі, на пасадзе першага сакратара Васкрасенскага гаркама партыі. Цяпер кожны, хто цікавіцца гісторыяй, ведае: то быў час самых жорсткіх рэпрэсій. Многія жылі паміж молатам і кавадлам, хмары пакрысе згусціліся і над Барысавай галавой… І тады ён папрасіўся выкарыстаць свае веды ў практычных справах. З жонкай, сынам, двухгадовай дачкой (Нэлі нарадзілася, калі бацька працаваў у Васкрасенску) Андрэйчаў пераехаў у Беларусь, якая дачакалася ў верасні 1939-га свайго аб’яднання. Барыс Рыгоравіч стаў намеснікам начальніка будаўніцтва “Мосттрэста”. Апошнія месяцы, што заставаліся да пачатку вайны, ён будаваў масты праз Мухавец і Заходні Буг. Ліхалецце сустрэў у Брэсце, дзе трапіў у палон, а потым у канцлагер.
“Усходнікі” пакідалі горад, заняты фашыстамі, шукалі прытулку і паратунку ў тутэйшых. Сярод тых, хто беглі ад бяды, былі і Андрэйчавы. Ім далі прытулак у Хмелеве, у хаце Казыркаў. Гаспадыня, Ярына Захараўна, калі пабачыла на падворку жанчыну з малымі дзецьмі і чамаданам у руках, сказала толькі:
— Жывіце…
Неўзабаве вясковы стараста, што жыў побач, заступіў у дарозе Казырку, ціха ўсклікнуў:
— Ярыно, што ты робіш?! Праз іх можаце бяду наклікаць. Гані прэч, пакуль не позна.
Жанчына ўважліва зірнула солтысу ў вочы і адказала:
— Што іх чакае, тое і нам будзе…
Уцекачам вылучыла куток. Яўгенія паклала пад ложак замкнёны чамадан.
Ярына не стрымалася, каб спытаць:
— Што ў ім? Мо золата?
— Якое там золата, — пачула горкі адказ.
Ёй, “заходніцы”, якая не ведала жахаў 37-га і іншых гадоў, адкуль было зразумець “усходніцу”? Многія-многія тады “ад Масквы да самых да ўскраін” засыналі з думкай: ці не завітае сярод ночы чорны “варанок” і чалавек у форме негалантна загадае: “З рэчамі на выхад!”
Андрэйчавы блуканні па пакутах працягваліся, пакуль не патрапіла бяглянка з сынам і дачкой пад кулямётны прыцэл…
Уладзімір Барысавіч на хвіліну задумаўся, а потым завершыў свой расповед:
— У райвыканкаме нам падаравалі кнігу “Памяць. Жабінкаўскі раён”, і тады нехта сказаў: “Надышоў час, каб выкрасліць вашыя імёны са спісаў загінулых”. Калі такое пачуў, на хвіліну анямеў. Вы разумееце, як гэта прагучала нязвыкла… найчасцей выкрэсліваюць чалавека са спісаў жывых, а тут, дзякуй Богу, усё адбылося наадварот…
Так, незвычайна…
Але набліжалася яшчэ адна незвычайнасць — сустрэча праз доўгія гады з маці. Яна таксама жывою выйшла з таго вогненага “Трохкутніка”, ды знікла назаўжды ў полымі пажару.
Ужо не памятаю дакладна хто (магчыма, гэта была Нэлі Барысаўна) прамовіў:
— І мы гарэлі ў тым агні…Встеча
Заканчэнне будзе.
На здымках: Уладзімір Барысавіч Андрэйчаў (восень 2002 года, фота з часопіса “БОСС”);
 адрас Памяці: Жабінка, вуліца Міру — брацкая магіла ахвяраў фашызму, закатаваных восенню  1942 года; ім ёсць пра што ўспомніць: праз доўгія гады на жабінкаўскай зямлі сустрэліся растаўчанка Нэлі Стаднік, жыцінка Ганна Калішук і краснадарац Уладзімір Андрэйчаў
(лета 2003 года);

Фота Ірыны ЖУК  і з сямейнага архіва Андрэйчавых.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top