Толькі б не забытае было наша Здзітава

Толькі б не забытае было наша Здзітава

KONICA MINOLTA DIGITAL CAMERA
Жыхар Жабінкі Міхаіл Міронавіч Кузіч здаўна цікавіцца гісторыяй. Вельмі прываблівае яго мінулае і сучаснасць старажытнай вёскі Здзітава, з якою знітаваны лёсам. Тое, што даведаўся з кніг, ад старажылаў, тое, што падказаў уласны багаты досвед, цяпер ён прапануе на конкурс, аб’яўлены рэдакцыяй.

Навіны бываюць розныя…

Часам як іду ўздоўж дубовай алеі ў Здзітаве, міжволі думаю: “Каб умелі яны гаварыць, тады маглі б пра многія падзеі расказаць, бо маюць век значна даўжэйшы за чалавечы”. Кожнаму дрэву не менш паўтысячагоддзя — значыць, памятаюць, як нараджалася паселішча.
Не аднойчы ўпэўніваўся, чалавечая памяць — вельмі нетрывалая, а таму нараджаюцца міфы ды паданні, што адно другому супярэчаць. Вось разгарнуў раённую кнігу “Памяць” а там першы ўспамін пра Здзітава адносіцца да ХVІ стагоддзя, зазірнуў у інтэрнэт-навіны — і вёска раптам “састарылася”, ажно на 500 гадоў! Быццам, маецца летапіс, у якім наша паселішча згадваецца з… 1005 года! Ці так гэта, ці не, шчыра скажу, не ведаю, бо той загадкавы летапіс не чытаў, а верыць сеціву, поўнаму заблытанага павуціння, у мяне падставы няма. І вось чаму. На сваёй інтэрнэт-старонцы нацыянальнае агенцтва турызму паведамляе, што старажытны цудадзейны абраз Божай Маці Іерусалімскай Адзігітрыі, створаны ў першай чвэрці ХVІ стагоддзя, дасюль захоўваецца ў царкве. Аднак кожны прыхаджанін Свята-Мікітаўскага храма цудоўна ведае, што гэта толькі копія з тае іконы. А сам абраз знаходзіцца ўжо не адно дзесяцігоддзе побач з драўлянымі цэбрамі ў Нацыянальным музеі старажытнай беларускай культуры, размешчаным на вуліцы Сурганава ў Мінску. Хоць, на думку вернікаў, такая святая для нашага храма рэліквія павінна ўсё ж захоўвацца ў царкве.
Не магу таксама пагадзіцца, што вёска заснавана ў ХVІ стагоддзі. Вядома, Дом Божы ў Здзітаве пабудаваны ў 1502 годзе, дык не маглі ўзводзіць храм у чыстым полі. Напэўна, і раней тут ужо існавала паселішча. Гэтак жыццёвая логіка падказвае.

Што людзі прыгадалі

Каб трошкі раскрыць старонкі мінулага, вырашыў паразмаўляць з мясцовымі старажыламі, жыхарамі вёсак Здзітава, Панцюхі, Замошаны. Сярод тых, хто пагадзіўся падзяліцца звесткамі былі Вольга Лук’янюк і Варвара Лазавік, Ніна Іванюк і Марыя Аўсянік, Валянціна Дзямчук, Ніна Рагажынская і Уладзімір Якімавец.
Здзітаўская пачатковая школа запрацавала ўвосень 1885 года. У ёй вучыўся вядомы наш зямляк, вялікі падзвіжнік адукацыі краю Андрэй Раманавіч Васілюк. Акрамя агульнаадукацыйных прадметаў, вучні атрымлівалі веды ў Законе Божым, што выкладаўся настаяцелямі прыходскай царквы. Вучылі дзяцей па-руску (пакуль тут уладарыла Расійская імперыя), а затым па-польску, калі гэтыя землі апынуліся пад Польшчаю. Нарэшце, з прыходам нямецкіх акупацыйных уладаў выкладанне перавялі на ўкраінскую мову.
У першы дзень вайны вёска не была пашкоджана. Бомбы падалі ў лесе. А ў ліпені 1944 года, калі ішло вызваленне, многія жыхары Жабінкі баяліся абстрэлу, таму хаваліся ад бамбёжкі ў Здзітаве.
У гэты час школьным выкладчыкам быў Карл Іванавіч Міхалькевіч. Ягоныя былыя вучні згадваюць, што найбольш лёгка даваліся пачатковыя музычныя веды, бо сам настаўнік добра іграў на скрыпачцы. Словы “Закона Божага” дзеці чулі ад дыякана Віталя Валінскага, сына святара…
Да закрыцця школы ў 1970 годзе ў ёй настаўнічалі Дар’я Пятроўна Карманенка, Анатоль Георгіевіч і Надзея Іванаўна Смецюхі.
Сярод тых людзей, кім павінны ганарыцца не толькі здзітаўцы, але й увесь раён, хочацца згадаць Варвару Аляксееўну Лазавік. За сваю адданую працу яна ўзнагароджана трыццаць пяць гадоў таму ордэнам “Знак Пашаны”, двойчы атрымлівала ганаровы знак “Пераможца сацы-ялістычнага спаборніцтва”. Жыццё пражыла актыўнае, напоўненае працоўнымі дасягненнямі. Але ж і на пенсіі не сядзіць жанчына без справы, сярод многіх яе клопатаў — праца ў храме, дзе яна з сяброўкамі Любоўю Васілюк і Таццянай Аўсянік заўсёды ахвотна падтрымліваюць чысціню і парадак. Шмат таксама для вёскі і царквы зрабіў вясковы стараста Аляксандр Вітальевіч Батуля, які заслужана карыстаецца павагаю ў аднавяскоўцаў.
Міхаіл КУЗІЧ, г.Жабінка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top