Оправдывать людские надежды

Оправдывать людские надежды

Спраўджваць людскія спадзяванні
Бываюць даты, якія не проста фіксуюць тую ці іншую падзею, але і робяцца пунктам адліку важных спраў. Такой датай для супрацоўнікаў Міністэрства надзвычайных сітуацый стала 25 ліпеня 1853 года, калі ў адпаведнасці з імператарскім указам у многіх буйных гарадах былі заснаваны пажарныя часці. Прафесійныя каманды паявіліся ў Мінску, Віцебску, Гродне і інш. Дзень нараджэння пажарнай службы ў Беларусі выбраны дзякуючы ацалеламу ад агню дакументу “Аб стварэнні і фінансаванні пажарнай каманды”, прынятаму Мінскім губернскім праўленнем і Мінскай гарадской думай менавіта 25 ліпеня 157 гадоў назад. Сёння служба МНС — гэта сувязнае звяно ў грамадзянскай абароне, гэта бяспека жыццядзейнасці. Задачы яе штогод застаюцца надзённымі.
Аналізуючы раённыя аператыўныя зводкі, прыходзім да высновы, што пераважная большасць пажараў здараецца ў жылым сектары. Па-ранейшаму гараць дамы, хлявы, іншыя пабудовы. Прычыны таксама ранейшыя: парушаюцца элементарныя правілы пажарнай бяспекі. Галоўным з’яўляецца чалавечы фактар. Неасцярожнае абыходжанне з агнём, у тым ліку пры курэнні ў нецвярозым стане, найчасцей прыводзіць да пажараў, траўмаў, а часам і гібелі людзей у агні. З пачатку года да 20 ліпеня ў раёне адбыліся 22 пажары, загінулі тры чалавекі (за такі ж перыяд летась — 21 пажар, трое траўміраваных, адзін чалавек загінуў).
Акрамя нясення каравульнай службы і выездаў на пажары, у супрацоўнікаў раённага аддзела надзвычайных сітуацый нямала іншых клопатаў і абавязкаў: трэніроўкі і падтрыманне баявой гатоўнасці, ліквідацыя наступстваў аўтааварый і стыхійных бедстваў, адпампоўванне вады з падвалаў дамоў, змаганне з паленнем травы, ліквідацыя асіных гнёздаў, добраўпарадкаванне нашых падраздзяленняў і г.д. Калектыў прымае актыўны ўдзел у разнастайных спаборніцтвах як раённага, так і абласнога маштабу, нярэдка займае прызавыя месцы. Сёлета мы на дзевятым месцы сярод 17-ці аналагічных аддзелаў вобласці ў сваёй прафесійнай дзейнасці. Многія з нашых супрацоўнікаў любяць спорт. Напрыклад, Вячаслаў Галавейка і Віктар Каменеў уваходзяць у зборную валейбольную каманду вобласці.
Вялікую ўвагу ўдзяляем прафілактычнай рабоце. У нашым раёне правераны ўсе аварыйныя збудаванні, праведзены комплекс мерапрыемстваў для таго, каб прывесці іх у бяспечны стан. З мэтай папярэджання гібелі людзей за паўгода намі ўстаноўлена 285 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.
Не забываем пра падрастаючае пакаленне. Правільным паводзінам на пажары, папярэджанню дзіцячых свавольстваў з агнём вучым юных выратавальнікаў-пажарных на занятках у цэнтры прапаганды і навучання пры райаддзеле. Наладжваюцца выступленні Ў працоўных калектывах, у школах і дашкольных установах, гутаркі з адказнымі работнікамі і бацькамі. У сярэдніх і базавых школах раёна дзейнічаюць клубы юных выратавальнікаў-пажарных. Інфармаванне грамадзян ажыццяўляецца праз раённую газету і радыё, радыёвузлы рынку і чыгуначнай станцыі.
Спектр дзейнасці выратавальнікаў з кожным годам пашыраецца, але ўся яна зводзіцца да аднаго: служыць людзям, ратаваць іх ад любых бедаў. Зычу ўсяму нашаму калектыву, ветэранам пажарнай справы аптымізму, дабрабыту і сямейнага шчасця, бадзёрасці духу, моцнага здароўя і, як кажуць прафесіяналы, спакойных дзяжурстваў і “сухіх” рукавоў!
А.БУТРЫМ, начальнік раённага аддзела надзвычайных сітуацый.
На здымках:
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top