Велапрабег да вытокаў і веры Хрыстовай

Велапрабег да вытокаў і веры Хрыстовай

DSC03130
З 13 па 15 верасня праходзіў другі епархіяльны моладзевы Афанасьеўскі велапрабег “Манастыры і храмы Берасцейшчыны” з абразам прападобнамучаніка Афанасія, ігумена Брэсцкага. Яго блаславіў Праасвяшчэннейшы Іаан, епіскап Брэсцкі і Кобрынскі, удзельнічалі ў ім каля 30 юнакоў і дзяўчат з моладзевых брацтваў Брэсцкай епархіі, у тым ліку і ў гонар святога Кірылы Тураўскага з Жабінкі.
У першы дзень, нягледзячы на дождж, праехалі 50 км. Пасля малебну і блаславення ўдзельнікаў велапрабегу на месцы пакутніцкай смерці Афанасія Брэсцкага ў Свята-Афанасьеўскім мужчынскім манастыры быў уручаны абраз прападобна-мучаніка, які суправаджаў маладых вернікаў на працягу трох дзён. Далей удзельнікі акцыі накіраваліся ў манастыр у гонар Раства Прасвятой Багародзіцы, што на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Наступным пунктам веласіпеднага паломніцтва стаў Свята-Пакроўскі храм Жабінкі, дзе яго настаяцель і клірык святары Сергій і Андрэй Петрусевічы сустракалі паломнікаў. Пасля малебну ў храме і знаёмства з дзейнасцю моладзевага брацтва прыходу веласіпедысты накіраваліся ў Спаса-Праабражэнскі манастыр Хмелева, дзе спыніліся на начлег.
На наступны дзень паломнікі праехалі каля 40 км. На іх шляху былі Спаскі манастыр Кобрына, Успенская царква і святога Дзімітрыя Міратачывага ў Тэўлях. Апошнім пунктам суботняга маршруту стала Вежнае, дзе знаходзяцца Нікольскі храм і скіт манастыра ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы. Вечарам ля вогнішча адбылася гутарка на тэму “Прападобнамучанік Афанасій — подзвіг веры: значэнне і актуальнасць”.
У нядзелю ўдзельнікі паломніцтва накіраваліся на Боскую літургію ў Каменец у храм у гонар прападобнага Сімеона Стоўпніка. Наступны прыпынак быў у Чарнаўчыцах ля храма святой Параскевы Пятніцкай. Пад вечар паломнікі прыбылі ў Сімеонаўскі кафедральны сабор Брэста, дзе і адбылася ўрачыстая перадача абраза прападобна-мучаніка Афанасія епіскапу Брэсцкаму і Кобрынскаму Іаану. Менавіта тут і завяршыўся трохдзённы велапрабег.
18 верасня ў дзень памяці святога Афанасія, ігумена Брэсцкага велапаломнікі прынялі ўдзел у першым хрэсным ходзе, які ўзначаліў епіскап Іаан, і перанеслі абраз у Свята-Афанасьеўскі мужчынскі манастыр.
DSC03139Велапрабег — гэта не настолькі спартыўнае мерапрыемства, наколькі духоўна-місіянерскае. Пад час яго маладыя людзі змаглі наведаць розныя прыходы, пазнаёміцца з праваслаўнай Берасцейшчынай, з гісторыка-культурнай спадчынай гарадоў і вёсак, а значыць, змаглі далучыцца да духоўных вытокаў, жывой веры Хрыстовай.
Юлія Петрусевіч.
На здымках: велапаломнікі ля Свята-Пакроўскага храма Жабінкі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top