Untitled-1

Выбралі вёску

Сёлета сельгасарганізацыі раёна накіравалі на навучанне на мэтавай (кантрактнай) аснове 17 чалавек у аграрныя ВНУ і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі. Чацвёра маладых людзей пажадалі быць аграномамі, адзінаццаць выбралі інжынерныя спецыяльнасці, двое бачаць сябе ў ветэрынарыі. Пасля вучобы дыпламаванымі спецыялістамі яны вернуцца на сваю маленькую радзіму, у гаспадаркі, якія пасадзейнічалі ім у выбары прафесіі. Дарэчы, СВК “Маціевічы”, “Вазнясенскі”, ААТ “Ракітніца” і ПУАП “Азяты” будуць рабіць даплаты да стыпендый “сваім” навучэнцам і студэнтам, што, безумоўна, з’явіцца падтрымкай сем’ям, у якіх вучацца дзеці. Праўда, пры ўмове станоўчай паспяховасці.

Вязеш тавар — патрэбны дакументы

З мэтай выяўлення і папярэджання фактаў утойвання даходаў ад падаткаабкладання інспекцыяй МПЗ Рэспублікі Беларусь у Жабінкаўскім раёне пастаянна праводзяцца аператыўныя мерапрыемствы на дарогах раёна, каб праверыць наяўнасць суправаджальных дакументаў на перавозку таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. Як расказала намеснік начальніка інспекцыі — начальнік аддзела падаткаабкладання арганізацый і іншых даходаў Л.А.Грузіна, у ходзе адной з праверак на аўтадарозе Брэст-Мінск быў спынены аўтамабіль “Фальксваген”. У багажніку знаходзіліся нацяжныя столі на суму 52,3 млн. руб. без суправаджальных дакументаў. Вадзіцель машыны ад правоў уласнасці на іх адмовіўся. Матэрыялы накіраваны ў суд для прыняцця рашэння аб вяртанні маёмасці ў даход дзяржавы. Усяго сёлета ў ходзе аператыўных праверак арыштавана таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на суму 404,2 млн. руб., у тым ліку алкагольнай прадукцыі на 6,9 млн. руб.

Хоць горка, але прыемна

На ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” штогод забяспечваюць цяперашніх работнікаў і былых — пенсіянераў, агароднінай на зіму. Цыбуля, морква, буракі, капуста для іх набываюцца за кошт прадпрыемства. Не стаў выключэннем і сёлетні сезон нарыхтовак. Распачалі яго з цыбулі. У КУСП “Саўгас “Брэсцкі” заказалі звыш 500 сетак яе для работнікаў і 130 — для пенсіянераў да 20 кілаграмаў кожная. Цяпер цыбулю кожны забірае дадому. Хоць прадукцыя горкая, але людзям прыемна адчуваць клопат і ўвагу як з боку адміністрацыі, так і прафсаюзнага камітэта, якія арганізавалі гэтую добрую справу.

Турысты — педагогі-аптымісты

Брэсцкі абласны камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі сумесна з упраўленнем адукацыі Брэсцкага аблвыканкама з мэтай папулярызацыі і развіцця розных форм турызму і спартыўнага арыентавання, прыцягнення педагогаў для сістэматычных заняткаў фізічнай культурай і спортам, штогод арганізуюць турыстычныя злёты работнікаў галіны. 12-14 верасня турбаза “Селяхі” Брэсцкага раёна пераўтварылася ў рознакаляровы шумны гарадок, у якім размясцілася 17 каманд з раёнаў і гарадоў вобласці. У каманду нашага раёна ўваходзілі самыя вопытныя турысты, такія як Г.Ф.Турыцын, А.Г.Копаць, В.Л.Кабаш, і пачынаючыя — метадыст ДЮСШ М.С.Грыцук, настаўнікі другой і трэцяй гарадскіх школ А.Р.Беразюк і А.У.Усакоўская.
Да падрыхтоўкі бівака ўсе падышлі адказна. Здалёк быў бачны прывал каманды нашага раёна. Таму ўсе суддзі аднагалосна аддалі ёй першае месца ў конкурсе ўладкавання і быту. На працягу ўсяго турзлёту неабходна было выдаваць сваю турыстычную газету. “Жабинковский рюкзачок” пад рэдакцыяй старшыні Жабінкаўскага райкама прафсаюза Н.М.Урбан удастоены дыплома ІІІ ступені. Праліўны дождж стаў своеасаблівым іспытам на трываласць і моц духу для ўсіх удзельнікаў турыстычнай сцежкі на доўгай дыстанцыі. Але сапраўдныя турысты, педагогі-аптымісты (як яны самі сябе называюць) не здаваліся і, нягледзячы на складанасці, стойка іх пераадольвалі. Пераможцай стала каманда Брэста, якая будзе прадстаўляць вобласць на рэспубліканскім галіновым турыстычным злёце. Як мяркуе старшыня райкама педагагічнага прафсаюза Н.М.Урбан, выхадныя прайшлі цікава, што дапамагло яшчэ больш згуртавацца і ўмацаваць карпаратыўны дух.

Для пенсіянераў — бясплатна

У рамках правядзення Дня пажылых людзей 1 кастрычніка 2013 г. ААТ “Брэстаблаўтатранс” прыняў рашэнне аб дазволе на бясплатны праезд для катэгорый грамадзян, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, у аўтобусах і мікрааўтобусах гарадскіх, прыгарадных і міжгародніх маршрутаў у межах Брэсцкай вобласці згодна з маршрутнай сеткай, якую абслугоўвае арганізацыя.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top