Пахі — з Індыі, успаміны — пра Афганістан

Пахі — з Індыі, успаміны — пра Афганістан

Усход, як вядома, справа тонкая, да таго ж яна яшчэ звонкая, мяккая, пахучая і вельмі салодкая. У гэтым мог упэўніцца кожны, хто 11-15 верасня наведаў гарадскі Дом культуры, дзе разгарнуўся еўразійскі кірмаш “Тысяча і адна дробязь”.

IMG_1040

УЖО ЗДАЛЁК чуліся ўсходнія мелодыі, што разносіліся па наваколлях, заклікаючы наведаць кірмаш у ГДК. Той, хто спакушаўся і пераступаў парог, найперш адчуваў, як моцна нос казычуць шматлікія прыправы і пахі, прывезеныя з Індыі ды іншых далёкіх краін.
Гандаль ішоў бойка. Выбар быў шырокі. Пакупнікоў было шмат. Іх прыцягвалі і цэны, што не надта “кусаліся”, і мажлівасць набыць у родным горадзе тавары, вырабленыя ў экзатычных землях. Асаблівым попытам карысталіся індыйскія чаі і кава, багаты выбар усходніх саладосцяў, вырабы з натуральных шэрсці, шоўку і бамбуку. Большасць наведвальнікаў кірмашу пакідалі яго з пакупкамі.
АДНАК РАЗМОВА з арганізатарам “Тысяча і адной дробязі” Васілём Серафімавічам Мунцяну пайшла зусім не пра гандаль. Прычым, у пэўны момант мы непрыкметна “памяняліся” месцамі, і ўжо ён больш задаваў пытанняў, а я адказваў.
— Мунцяну — про-звішча румынскае або малдаўскае?
— Якое яшчэ румынскае? Канечне ж, малдаўскае! У сённяшняй Рэспубліцы Малдова нехта дадумаўся закрэсліваць усё малдаўскае, ужо нават мову малдаванаў пачалі называць румынскай! Вы ж беларусы, не кажаце, што няма беларускай мовы толькі на той падставе, што яна падобная на польскую ці рускую?!
— Адкуль захапленне Усходам?
— Я — афганец (у сэнсе ваяваў у Афганістане). А вунь за прылаўкам стаіць і гандлюе духмянымі рэчамі  сапраўдны афганец. Некалі мы былі “па розныя бакі барыкадаў”, цяпер супрацоўнічаем і сябруем.
— Ваш кірмаш “Тысяча і адна дробязь” ужо недзе гасцяваў да нас?
— Жабінка — апошні райцэнтр Брэсцкай вобласці на нашым шляху. Былі ўсюды, акрамя самога Брэста. Гандлявалі, напрыклад, на Камянеччыне.
— Васіль, якой табе паказалася Жабінка?
— Добры гарадок. І з памяццю поўны парадак. Першае, што зрабіў па прыездзе, — пайшоў да помніка воінам-інтэрнацыяналістам. Зроблена проста, але з густам, і словы такія пранікнёныя на шыльдзе…
— Калі ты быў на той вайне?
— У восемдзесят першым і восемдзесят другім. Служыў у дэсанце, у разведроце 317-га палка.
— Якім камандаваў палкоўнік Комар?
— Ягоны дэсантны полк быў добра вядомы і сваім, і чужым. “Душманы” нярэдка адчувалі “ўкусы” Комара. Я зараз маю грамадскі абавязак — з’яўляюся намеснікам старшыні арганізацыі ветэранаў вайны мікрараёна Сухарава Фрунзенскага раёна горада Мінска. Сярод сяброў арганізацыі ёсць і тыя, хто служыў пад кіраўніцтвам Івана Комара.
— Дык перадавай ім, што быў на малой радзіме Івана Генадзьевіча!
— Так? Ён нарадзіўся ў Жабінцы?!
— У вёсцы Жыцінь Жабінкаўскага раёна. Там дасюль у маленькай хатцы жыве яго старэнькая маці Вольга Максімаўна.
— Здаецца, ён памёр маладым?
— У сорак восем гадоў, пахаваны ў Маскве з усімі ваеннымі ўшанаваннямі… Васіль, ты казаў, што не толькі гандлюеш, але й маеш грамадскі абавязак. У чым ён?
— Паўсюль, дзе мы бываем, адшукваю былых воінаў-інтэрнацыяналістаў. Жывуць кожны па-рознаму, некаму трэба дапамога. Калі хварэе ці матэрыяльныя патрэбы мае  — дапамагаем. Калі здаровы,  прапаную падзарабіць — пагандляваць разам з намі, каб трошкі паправіць уласны бюджэт. Дармовых, тым больш шалёных грошай, не маем, але, бывае, малога хапае, каб адбудаваць масток сяброўства і колішняга армейскага братэрства.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: у час кірмашу “Тысяча і адна дробязь”.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top