Штурмовые крылья Победы

Штурмовые крылья Победы

Штурмавыя крылы мужнасці
Паспяховаму ажыццяўленню Люблінска-Брэсцкай аперацыі, у ходзе якой  была вызвалена тэрыторыя Жабінкаўскага раёна, у значнай ступені садзейнічалі 6-я і 16-я паветраныя арміі, у тым ліку 618-ы шап. Абрэвіятура “шап” азначае штурмавы авіяцыйны полк. З асабовага складу 618-га шапа многія не дажылі да Перамогі. Два экіпажы самалётаў ІЛ-2 гэтага палка назаўсёды засталіся ў зямлі Жабінкаўшчыны.
У кнізе “Памяць” нічога не сказана пра баявыя дзеянні 618-га штурмавога авіяпалка. Між іншым, полк у 1945г. атрымаў ганаровае найменне Берлінскі ордэна Суворава 3-й ступені. У кнізе няма інфармацыі пра тое, як і дзе загінулі экіпажы двух “ілаў”, а таксама звестак, дзе пахаваны два члены экіпажаў. У хроніку не трапіла прозвішча пілота аднаго з “ілаў” лейтэнанта Совелава Мікалая Аляксеевіча. Пастараемся хаця б фрагментарна ўзнавіць мінулае слаўнага 618-га шапа і яго асабовага складу.
ІЛ-2 №11080
Наступаючы на Захад, савецкія лётчыкі бамбілі аб’екты, умацаванні фашыстаў, наносілі ўдары па чыгуначных станцыях Брэст, Жабінка, па палатне, на якім стаялі эшалоны з тэхнікай. Зменлівая франтавая абстаноўка вымушала часта мяняць дыслакацыю. Да 13 ліпеня 1944г. 618-ы шап базіраваўся на аэрадроме Колкі. А ўжо наступным днём колы яго самалётаў імчаліся па аэрадроме Старая Галяноўка. 18.07.44г. полк у перыяд з 12.47-19.52 знішчаў адыходзячыя фашысцкія войскі ў раёне прасёлачных дарог, што вядуць на захад ад пункта Хворастаў у напрамку на Машоў і Любомль, а таксама скапленне аўтамашын і жывой сілы, зенітную артылерыю ворага ў раёне шэрагу населеных пунктаў.
У гэты ж дзень з 14.30 да 15.43 пяць самалётаў ІЛ-2, без прыкрыцця, нанеслі бомбавыя ўдары па скапленнях аўтамашын на ўскраіне лесу, што ў двух кіламетрах ад Машова, і па зенітках у самім Машове. Было зроблена пяць самалёта-вылетаў. Усе экіпажы паспяхова выканалі заданне. Страт не было. Толькі агонь нямецкіх зенітак пашкодзіў самалёт ІЛ-2 №11080 лейтэнанта Гашэнкі, вядучага. Аляксандр Канстанцінавіч Гашэнка 1916г. нараджэння, з в.Дружкоўка Сталінскай вобласці.
Гэта былі не першыя адмеціны на яго баявым “Ільюшы”. Лейтэнант Гашэнка ведаў і горшае. Пры выкананні баявога задання ў раёне станцыі Гостагаеўская 14.09.1943г. яго самалёт трапіў пад перакрыжаваны агонь праціўніка. У кабіне асколкамі зенітнага снарада ў галаву быў забіты паветраны стралок Саблукоў Іван Яфімавіч, 1922г. нараджэння. Ледзь не збілі. Толькі ўцёк ад нямецкіх зенітак, як наляцеў “месершміт”. Баявы сябар-самалёт Гашэнкі не падвёў пілота, амаль пузам ішоў па кавылях. Паслухмяны ўмелым рукам лётчыка, вынес у бяспечнае месца. Калі лейтэнант зрабіў пасадку, дык проста ашаламіў персанал аэрадрома. ІЛ-2 быў увесь зрашэчаны. На шчасце, матор і іншыя важныя вузлы не пацярпелі. Камандаванне прапаноўвала замяніць самалёт, але Гашэнка не здрадзіў сябру. Ад Краснадара прачарціў на ім шлях да Беларусі і Польшчы.
Зноў над Старой Галяноўкай борт №11080 узляцеў 21 ліпеня 1944г. Вядучым групы пяці “ілаў” быў лейтэнант Гашэнка. У 20.25 — 21.42 савецкія лётчыкі знішчалі аўтамашыны і жывую сілу праціўніка па дарозе Холм-Тытусн. Зрабілі пяць самалёта-вылетаў. Налёт склаў 6 гадзін 25 хвілін. Заданне ўсімі групамі было выканана на “выдатна”.
З аэрадромаў у Агародніках і Вежках
Як хутка мяняліся аэрадромы! Праз чатыры дні 618-ы шап перабазіраваўся ў Вульку-Падгародненскую, а 9 жніўня асвоіў аэрадром Капіна. Пакінуў яго ў сувязі з пералётам у Бысцішчу. Тут камандзір палка атрымаў загад перабазіравацца на аэрадром Агароднікі-Вежкі 8 верасня. На працягу гэтага дня полк баявой работы не праводзіў. З 10.50 да 17.30 ён выканаў загад — 37-мю самалётамі перабазіраваўся на аэрадром Агароднікі — Вежкі. Зроблены 42 самалёта-вылеты, налёт — 31 гадзіна 30 хвілін. На новае месца дыслакацыі прыбыло: лётчыкаў — 33, паветраных стралкоў — 34, авіямеханікаў, авіяматарыстаў, афіцэраў штаба — 60. Яшчэ 116 чалавек перабазіруюцца чыгуначным транспартам праз Жабінку. У 21.30 камандзір далажыў аб поўнай боегатоўнасці 33-х экіпажаў. Усю першую палову верасня лётчыкі працягвалі абжываць аэрадромы ў Агародніках і Вежках, выконвалі трэніровачныя палёты, лёталі на разведку.
Вайна кацілася на Захад. Разам з ёю змяняўся курс самалётаў 618-га шапа. Вопытныя эскадрыллі лёталі знішчаць стратэгічныя аб’екты праціўніка на тэрыторыі Польшчы. Нязменна побач ішлі баявыя машыны старшага лейтэнанта Гашэнкі і лейтэнанта Мікалая Совалева, 1918г. нараджэння, з в.Цірыброва Маскоўскай вобласці, прызываўся ў Маскве.
Пры інтэнсіўнасці вылетаў на тэрыторыю ворага камандаванне 618-га шапа не забывала пра вучэбна-трэніровачныя заняткі, на якіх ішло не толькі навучанне, а і абмен вопытам, адпрацоўка яго баявога прымянення.
Перапынены палёт
26 верасня 1944г. на аэрадроме Вежкі частка лётчыкаў займалася паводле спецыяльнай праграмы “паляўнічых” (выкананне практыкавання №2: вучэбна-трэніровачны палёт парай маршрутам Агароднікі — Вежкі — Бяроза-Картузкая — Косаў — Жабінка). У адным з палётаў удзельнічаў камандзір 3-й авіяэскадрыллі ст.лейтэнант Гашэнка, з ім — паветраны стралок старшына Абрамаў Сяргей Мітрафанавіч, 1913г. нараджэння, з г.Шахты Растоўскай вобласці. Другі самалёт ІЛ-2 пілатаваў камандзір звяна той жа эскадрыллі лейтэнант Совалеў, з ім — паветраны стралок старшына Яршоў Сцяпан Георгіевіч, 1922г. нараджэння, з в.Пшончы Чувашскай АССР.
Палёт праходзіў у нармальны рэжыме, аднак у 16.15 нечакана перапыніўся. З выніковага данясення №16. Штаб 618-га шапа. Аэрадром Вежкі. 20.9.44. 20.00. Карта 1:200.000. “Адбылася катастрофа 2-х экіпажаў самалётаў ІЛ-2… на станцыі Косаў у 16.15”. Далей часовы намеснік начальніка штаба паведамляў: з назіранняў камандзіра палка на самалёце ПО-2 устаноўлена, што абодва самалёты ІЛ-2 разбіты, як мяркуецца — сутыкнуліся ў паветры; экіпажы загінулі. Адзначалася, што самалётаў праціўніка на працягу дня ў раёне аэрадрома Вежкі не назіралася. Дадзены паказчыкі надвор’я: воблачнасць 7-10 балаў, вышыня 1000-1200 м, бачнасць 10 км.
У сувязі з выкладзеным вышэй напрошваюцца некаторыя думкі. Камандзір палка не быў упэўнены ў прычыне гібелі самалётаў і людзей. Ён усяго толькі меркаваў, што адбылося сутыкненне. Калі не назіралася варожых самалётаў у раёне Вежкаў, дык гэта не азначае, што праціўнік не мог перахапіць “паляўнічых” на маршруце іх трэніровачнага палёту. Яны спаўна маглі апынуцца здабычай “драпежніка”, што выскачыў з воблакаў.
Вядомы такі факт. Амаль у аналагічных умовах надвор’я 10 студзеня 1945г. у 14.15-14.20 над аэрадромам у Любіцы, дзе знаходзіліся чатыры спраўныя “ілы” і яшчэ тры іншыя самалёты, перабазіраваныя з Вежкаў, праімчаліся два нямецкія Ф-190 на брыючым палёце. Зрабілі круг і пайшлі курсам 270 градусаў. Візіт “ветлівасці”? На скрыжаваннях вайны ўсялякае было, і ўсё ж рэдкасць, каб адзін з ваюючых бакоў, застаўшы праціўніка знянацку і пры гэтым выявіўшы сябе, не спакусіўся нанесці яму ўрон. Магчыма, экіпажы ІЛ-2 захапіліся “паляваннем”, не заўважылі праціўніка і паплаціліся сваімі жыццямі. Дарэчы, на борце абодвух “ілаў” у час палёту не было боекамплектаў. І яшчэ. Борт ІЛ-2 ст.лейтэнанта Гашэнкі ў дакументах пра здарэнне нумаруецца не 11080, а 11087. Ці ёсць тут памылка? экіпажы афіцэраў Гашэнкі і Совалева выконвалі практыкаванне №2 на іншых машынах. Можа, і ў гэтым ёсць таямніца, штосьці “не склеілася”.
У загадзе аб выключэнні загінулых членаў экіпажаў двух самалётаў са спіскаў часці адзначаецца, што катастрофа адбылася ў раёне, цытуем, “ст.Косув Жабинского района”. Дзе станцыя Косаў, а дзе жабінкаўскі край! Атрымліваецца, што межы катастрофы самалётаў ІЛ-2 пашырыліся. Хутчэй за ўсё з самага пачатку была дапушчана візуальная памылка ў вызначэнні месца трагедыі, якая і легла ў аснову данясенняў.
Згодна з фондам 618-га штурмавога авіяпалка, экіпажы загінулых пры катастрофе 26.09.44г. самалётаў ІЛ-2 (даецца поўны пайменны спіс) пахаваны ў в.Вежкі Жабінкаўскага раёна.
Аэрадром у Вежках працягваў працаваць на Перамогу. 27.12.44 г. у перыяд з 14.00 да 15.30 сюды было перагнана з аэрадрома Агароднікі шэсць “ілаў”. Лётчыкі 618-га штурмавога авіяпалка працягвалі знішчаць сілы праціўніка, які адступаў. У канцы снежня на дзвюх аўтамашынах асабовы састаў у колькасці 31 чалавека і штаб палка выбылі на пункт Гавулаў. Усяго выбыла 37 чалавек. На аэрадром Любіца было накіравана чыгуначным транспартам 36 паветраных стралкоў. Асабовы склад 618-га шапа перабазіраваўся бліжэй да тэатра ваенных дзеянняў. Надыходзілі самыя цяжкія і вырашальныя месяцы, тыдні, дні, каб канчаткова знішчыць праціўніка. Наперадзе была Перамога, якую мужна набліжаў і 618-ы шап.
М.МІЦКОВІЧ.
На здымках: братэрская магіла каля в.Вежкі; поле былога аэрадрома.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

3 Comments Posted

  1. Я сын летчика 618 шап Шишкина Валентина Васильевича,который был другом летчика Гашенко.Если вас интересует 618 шап,то наберите в поисковике,,618 шап,,Я работал в военном архиве и что мог собрал о этом полке и летчиках.Буду рад если чем т вам помогу.

  2. Уважаемый Шишкин Валерий Валентинович! У меня есть некоторая информация (+фото) о летчике 618 ШАП. Мой e-mail: air.lg@mail.ru

  3. Владимир! Я не являюсь уверенным пользователем компьютером и не смог отыскать вас.Если не трудно,пришлите письмо на мое имя в одноклассниках я проживаю в великом новгороде,фамилия имя отчество вам известны

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top