Жыццё іх пахне хлебам

Жыццё іх пахне хлебам

IMG_4430У гэтую нядзелю хлебаробы Брэстчыны сабраліся на свой чарговы абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2013” у Ляхавічах, горадзе з больш чым 500-векавой гісторыяй. 13 гадоў назад тут ужо праходзіла ўганараванне перадавікоў жніва. Толькі тады поспехі аграрыяў вобласці былі не настолькі важкімі, як цяпер, яны сабралі крыху больш за 700 тыс. тон збожжа. Сёлетні каравай у 1067661 тону пры сярэдняй ураджайнасці 31,6 ц/га. Уклад жабінкаўскіх хлебаробаў — 41148 намалочаных тон зерневых і зернебабовых.
Да дажынак горад памаладзеў і абнавіўся. Рэканструяваны жылыя дамы, вуліцы, плошча, практычна нанава пабудаваны і мадэрнізаваны кінатэатр “Кастрычнік”, урачыстае адкрыццё якога адбылося ў гэты дзень з удзелам старшыні аблвыканкама К.А.Сумара. IMG_4469Такімі прыгожымі сталі Ляхавічы, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы ў больш чым 100 мільярдаў рублёў, выдзеленых з абласнога і раённага бюджэтаў. Безумоўна, выдаткі вялікія, але ўсё гэта рабілася не дзеля аднаго дня, а надоўга, для людзей, якім тут жыць і працаваць, расціць дзяцей, прымнажаць даброты для нашчадкаў.
IMG_4478IMG_4460… Свята распачалося з шэсця калоны, у якой дэлегацыі з усіх раёнаў Брэстчыны, у тым ліку і наша, на чале якой старшыня райвыканкама М.В.Токар. Прадстаўнікі Пружанскага раёна ідуць першымі з вялікім-вялікім прыгожым караваем, які чатыром хлопцам несці нялёгка. Але іх акрыляе і прыдае ім сілаў, што пружанскія хлебаробы — пераможцы абласнога спаборніцтва на жніве, яны намалацілі сёлета 121563 тоны збожжа пры ўраджайнасці 36,7 ц/га.
Урачыстае адкрыццё абласнога фестывалю-кірмашу адбываецца на плошчы Леніна. Прывітальнае слова даецца старшыні  аблвыканкама К.А.Сумару, які паведамляе, што сярод ганаровых гасцей свята — герой Беларусі, віцэ-прэм’ер П.П.Пракаповіч, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання В.К.Паўлоўскі.
— Вось і завяршылася жніўная гарачая пара, — звяртаецца да прысутных кіраўнік вобласці. — І віноўнікі ўрачыстасці, і жыхары Ляхавічаў святкуюць сёння дзень дажынак. Значнае свята. І перш за ўсё таму, што ў яго ўкладзена руплівая сялянская праца, без якой нават на самай урадлівай глебе не будзе поўнай аддачы. Нездарма гавораць, што зямлі абавязкова патрэбен гаспадар — сапраўдны, клапатлівы і працавіты. Я задаволены, што ў нашай вобласці шмат такіх людзей, яны сабраліся і на нашай сённяшняй урачыстасці. Ад усёй душы хачу падзякаваць вам за нялёгкую працу, цярпенне і вытрымку, адказнасць і прафесіяналізм, дзякуючы якім вобласць пацвердзіла рэпутацыю развітага аграрнага рэгіёна. Сабрана больш чым мільён тон збожжа. Такую планку, незалежна ад надвор’я, мы трымаем з 2008 года.
У час ушаноўвання перадавікоў жніва асабліва прыемна, калі на сцэну паднімаюцца свае, жабінкаўцы. А калі гэта не ўпершыню, удвая радасна.
Так, вадзіцель з СВК “Хмелева” Мікалай Сямёнавіч Марыніч IMG_4496летась прымаў віншаванні на абласных “Дажынках” у Камянцы. Сёлета на яго рахунку 2506 умоўна перавезеных тон збожжа. На аўтамабілі ГАЗ-3309 ён старанна шчыраваў на жніўных палетках. У выніку — першае месца ў абласным спаборніцтве. Добрыя вынікі і ў яго маладога калегі з СВК “Маціевічы” Віктара Іванавіча Васільчыка — 1962  перавезеныя тоны і другое месца ў спаборніцтве сярод маладых вадзіцеляў. Вельмі адказна ставіцца да справы аператар зернесушыльнага комплексу СВК “Вазнясенскі” Васіль Іванавіч Пілінкевіч, які давёў да патрэбных кандыцый 5115 тон збожжа. Два экіпажы-тысячнікі з ААТ “Жабінкаўскі” ў складзе Андрэя Пятровіча Лісоўскага і Юрыя Аляксеевіча Карнейчука, а таксама Сяргея Уладзіміравіча Свіціча і Андрэя Пятровіча Старуна таксама прымалі віншаванні. IMG_4500А вось калектыў СВК “Рагазнянскі” (кіраўнік Аляксандр Васільевіч Семянюк і старшыня прафсаюзнага камітэта Жанна Мікалаеўна Трафімук) былі адзначаны Ганаровым дыпломам ІІ ступені абкама прафсаюза работнікаў АПК за дасягненне высокіх вынікаў у вытворчасці збожжа, забеспячэнні належных сацыяльна-бытавых умоў удзельнікам уборкі ўраджаю, захаванне працоўнага заканадаўства і патрабаванняў аховы працы.
Пасля ўшаноўвання перадавікоў быў арганізаваны цудоўны канцэрт удзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Песні, танцы, гумар і жарты — усё было для гасцей, якіх прымалі ў Ляхавічах так, каб яны прыемна адпачылі, і надоўга засталіся ў памяці гасціннасць і непаўторнасць гэтага краю, каб свята надало новы імпульс для працы.

IMG_4445 IMG_4456
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.
На здымках: на ўрачыстым адкрыцці кінатэатра “Кастрычнік” выступае старшыня Брэсцкага аблвыканкама К.А.Сумар; вадзіцель СВК “Хмелева” М.С.Марыніч  заняў першае месца ў абласным  спаборніцтве; самы важкі  каравай быў у перадавікоў “Дажынак — 2013” — пружанцаў; пасля ўганаравання кіраўнік СВК “Рагазнянскі” А.С.Семянюк і  старшыня прафсаюзнага камітэта гаспадаркі Ж.М.Трафімук.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top