1 кастрычніка пачнецца масавая імунізацыя насельніцтва Беларусі супраць грыпу. Паводле дадзеных статыстыкі, прышчэпленыя людзі хварэюць у пяць разоў радзей, чым тыя, хто праігнараваў вакцынацыю. Пацікавілася ў жыхароў Жабінкі, як яны адносяцца да вакцынацыі супраць грыпу, ці плануюць прышчэплівацца самі і ці вакцынуюць сваіх дзяцей.
Святаслаў Аляксандравіч Мянькоў, апаратчык камбікормавага завода:
— Вакцынацыя супраць грыпу — з’ява патрэбная і карысная. Па меры магчымасці вакцынуюся сам, і дачцэ ўсе прышчэпкі былі зроблены ў адпаведнасці з узростам. Хачу адзначыць, што пасля ўвядзення вакцыны хварэю радзей і ў больш лёгкай форме.
Юлія Аляксандраўна Пімашкова, маладая мама, у дэкрэтным адпачынку:
— Я лічу, што калі дзіця не хваравітае, то прышчэпліваць яго ад грыпу неабавязкова. У выпадку, калі хваробы частыя і цяжка праходзяць, лепш загадзя перастрахавацца, увёўшы вакцыну.
Лідзія Вітальеўна Лінік, педагог-псіхолаг ліцэя:
— Я адношуся да групы рызыкі, бо хварэю на бранхіяльную астму. Таму вакцынуюся штогод. Як жонка ўрача, рэкамендую вакцынавацца супраць грыпу ўсім.
Алена Валянцінаўна Мацюхевіч, працуе на камбікормавым заводзе:
— Стаўлюся адмоўна да вакцынацыі супраць грыпу як да масавай з’явы. Патрэбна поўнае індывідуальнае абследаванне дзіцяці ці дарослага напярэдадні ўвядзення вакцыны, каб пазбегнуць непрыемных наступстваў. На сабе адчула ўскладненні пасля адной з вакцынацый. Таму прышчэплівацца не планую — буду павышаць імунітэт іншымі спосабамі.
Наталля Аляксандраўна Юхнавец (працуе ў ваенкамаце) і яе сын Жэня:
— Да прышчэпак адношуся з недаверам, з бояззю якіх-небудзь ускладненняў. Ведаю шмат непрыемных выпадкаў, напрыклад, у маіх знаёмых была вельмі складаная рэакцыя на ўвядзенне вакцыны супраць грыпу. Ні я, ні сын вакцынавацца не збіраемся.
Таццяна Уладзіміраўна Тунчык, медсястра рэгістратуры дзіцячай кансультацыі:
— Прышчэпка — самая надзейная абарона ад хвароб. Штогод імунізацыя выратоўвае жыцці мільёнаў людзей. Многія баяцца рэакцыі арганізму на ўвядзенне вакцыны і ўскладненняў пасля яе, хаця такія выпадкі адзінкавыя. Як медработнік прышчэпліваюся штогод сама і раю гэта рабіць родным і знаёмым.
Даведка
Прышчэпачная кампанія супраць грыпу ў Жабінкаўскім раёне пачалася 21 жніўня г.г. На 9 гадзін раніцы 13 верасня вакцынаваны 474 чалавекі, з іх 166 медработнікаў і 308 чалавек з хранічнымі захворваннямі, паведаміла медсястра прышчэпачнага кабінета паліклінікі Юлія Іванаўна Зубачова.
Апытвала і фатаграфавала Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.