Untitled-1

У чым каштоўнасць прышкольнага ўчастка?

Больш чым гектар займае ў Ленінскай СШ пры-школьны ўчастак. На ім вырошчваюцца бульба, буракі, морква, агуркі, памідоры, капуста, фасоля і інш. Ёсць і сад. Праўда, закладзены ён быў у 1972 годзе, калі ўводзілася ў эксплуатацыю школа. Два гады як пасадзілі малады. А рупяцца пра ўраджай педагогі, тэхнічныя работнікі, вучні. І бацькі дзяцей таксама дапамагаюць узараць глебу, прывозяць арганічныя і мінеральныя ўгнаенні, дзеляцца насеннем.
Агародніна і садавіна з прышкольнага ўчастка ідзе на прыгатаванне абедаў для вучняў. Так, разлічваюць, што на ўвесь верасень хопіць сваёй бульбы. Смачнымі заўжды атрымліваюцца ўласныя засолкі з агуркоў і памідораў. Сёлета і варэння наварылі з парэчак, вішань. Толькі з апошніх ягад, якія добра ўрадзілі, нарыхтавалі яго звыш 200 кг. Усё гэта дазваляе не выкарыстоўваць усю датацыю, якая выдаецца на харчаванне вучняў, а сэканоміць грошы на цытрусавыя, сокі, саладосці. Але галоўнае, як лічаць педагогі школы, не ў эканамічным складальніку, а ў выхаваўчым. Менавіта так прывіваюцца дзецям важныя каштоўнасці — любіць зямлю і працу на ёй.

У закупках мінус

За восем месяцаў з падворкаў насельніцтва раёна закуплена 416,9 тоны малака, што на 319,4 тоны менш, чым за адпаведны леташні перыяд. У разліку на карову найбольш прадалі яго вяскоўцы, што пражываюць на тэрыторыі СВК “Вазнясенскі”, — 1690 кг, але таксама з мінусам да мінулага года (-388 кг). Галоўная прычына зніжэння закупак — скарачэнне пагалоўя рагуль у асабістых гаспадарках. Аднак не ўсе расстаюцца са сваімі карміцелькамі, а працягваюць здаваць малако, атрымліваючы неблагую прыбаўку да пенсіі ці зарплаты. Сярод лепшых малаказдатчыкаў у СВК “Вазнясенскі” Марыя Дзмітрыеўна Галавейка і Валянціна Антонаўна Парандзюк, якія прадалі ў жніўні адпаведна 875 і 789 літраў малака.

Чакаецца “Эфірная ZALA”

Запуск лічбавага стандарту DVB-T2, як паведаміў дырэктар Брэсцкага абласнога вузла радыёвяшчання і тэлебачання, які месціцца ў в.Ракітніца, В.В.Караблёў, плануецца на чацвёрты квартал гэтага года. Ён называецца “Эфірная ZALA”. Падобны праект ўжо рэалізаваны на дзвюх радыётэлевізійных перадаючых станцыях Мінскай вобласці. Гэта сумесны праект “Белтэлекама” і “Беларускага радыётэлевізійнага перадаючага цэнтра”. Зараз разглядаюцца некалькі праектных рашэнняў, якія дазволяць спажыўцам атрымоўваць пакет з 18 тэлепраграмамі DVB-T2 (аб’ём вяшчання для кожнага з каналаў будзе складаць 20 гадзін у суткі). “Акрамя гэтых, цалкам камерцыйных каналаў, — падкрэсліў Віктар Веніямінавіч, — стандарт дазволіць прымаць і бясплатны сацыяльны пакет, што складаецца з васьмі сучасных айчынных праграм”.

Не думаюць пра сваё будучае

П’янства і наркаманія перашкаджаюць паўнацэннаму развіццю грамадства, пагаршаюць здароўе людзей, а таксама прыводзяць да разбойных і злачынных учынкаў. На жаль, не выключэнне гэтых шкодных звычак і ў асяродку непаўналетніх. Так, сёлета супрацоўнікамі міліцыі за распіццё алкагольных напояў і знаходжанне ў грамадскім месцы ў п’яным выглядзе ўжо затрымана 13 падлеткаў. Непрыемна, што самі дарослыя садзейнічаюць гэтаму: выяўлена 7 чалавек, якія прыцягнулі падлеткаў да выпіўкі.
— На ўліку інспекцыі па справах непаўналетніх Жабінкаўскага РАУС знаходзіцца 39 падлеткаў, 4 з іх — за хуліганства, — зазначыў старшы інспектар Васіль Бурко. — Шкада, што памылкі, дапушчаныя ў маладосці даюць негатыўныя вынікі ў будучым.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top