Гаспадыні кніжнай краіны

Гаспадыні кніжнай краіны

IMG_9822Каб стварыць кніжны свет (сапраўды бязмежны) трэба многім пастарацца — пісьменнікам ды журналістам завастрыць свае “вострыя творчыя пер’і”, а вось бібліятэкарам… У іх справа таксама не простая… Згадваецца, колішняя сустрэча з адным з пісьменнікаў у райбібліятэцы. Дапытлівыя бібліятэкары знайшлі ў біяграфіі госця цікавы факт. Аказваецца, некалі — усяго лічаныя месяцы! — той працаваў на кнігавыдачы. Вось і запыталіся: “Чаму, паважаны, вы з гэтай працы пайшлі?” Адказ быў з жартам: “А таму пайшоў, што хутка зразумеў — кніжкі пісаць прасцей, чым чытачам выдаваць!”
Пра гэта згадаў, калі сустрэўся ў Ленінскай бібліятэцы з Марыяй Пятроўнай Лучыц і Ганнай Васільеўнай Панятоўскай.
Хутка 13 год, як Марыя Пятроўна пасля Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума прыехала ў аграгарадок, размешчаны на хуткаснай трасе. Спачатку думала часова, аказалася — назаўжды. Адкуль гэткая цяга да кніжнай справы? З дзяцінства, ад матулі Ніны Мікалаеўны, што жыве на роднай Драгічыншчыне. Тая піша песні і вершы — для сябе, не для друку, бо паэтычныя радкі адухаўляюць жанчыну.
— І мне заўсёды падабалася паэзія, найперш класічная, — гаворыць Марыя Пятроўна. — Люблю радкі, кранутыя сяброўствам і каханнем, — вечнымі пачуццямі, самымі светлымі. Дасюль з натхненнем і ў шчаслівыя, і ў цяжкія хвіліны бяру з паліцы зборнікі Сяргея Ясеніна або Эдуарда Асадава, а з беларускіх творцаў люблю бессмяротныя творы Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. Так, класіка для мяне больш прыцягальная. У сучаснай літаратуры, на жаль, не бачу той глыбіні, выхаваўчага пачатку, што робіць твор зразумелым ва ўсе часы, для розных пакаленняў. Камерцыйны фонд можа і прыносіць грошы, ды душу не абагачае.
Амаль чатыры гады таму на працу ў бібліятэку ўладкавалася Ганна Васільеўна Панятоўская. Раней, на працягу 33 гадоў, яна была выхавальніцай у Ленінскім дзіцячым садзе.
Пытаюся пра цікавасць чытачоў. Ці шмат іх заходзяць у кніжнае “царства”? Так, больш шасцісот ленінцаў (альбо амаль палова жыхароў аграгарадка) не абмінаюць бібліятэку.
— У нас цудоўныя лю-дзі, — чую шчыры водгук ад бібліятэкараў. — Звычайна ў дзень чытальню наведваюць каля двух дзясяткаў чалавек, але ж бывае і такое, што з паўсотні аматараў кнігі ствараюць чаргу ля паліцаў, дзе ёсць выданні на любы густ.
І гэта не дзіўна, бо ў кніжным фондзе налічваецца больш за 12 тысяч выданняў, ёсць і перыёдыка, што карыстаецца попытам і ў дзяцей, і ў дарослых. Асабліва часопісы “Нёман”, “Гаспадыня”, “Ксюша”, інш. Бясспрэчны лідар сярод газет — раённая “Сельская праўда”, якую чытачы любяць за шырокае асвятленне сённяшняга і ранейшага жыцця Жабінкаўшчыны.
— Мужчыны цягнуцца да дэтэктываў, — гаворыць загадчыца бібліятэкі, — а “слабы” пол — да любоўных раманаў. Адзін з самых актыўных нашых чытачоў — Канстанцін Барысавіч Рудзько, сапраўдны сябар чатальні. Ён і размаўляе па-беларуску, і любіць чытаць на роднай мове, нават часам і нам, бібліятэкарам, раіць пачытаць творы, якія яму самому спадабаліся.
А сярод маленькіх найлепшая чытачка Ліза Дулевіч. Дзяўчынка пайшла ў 5 клас, а ўжо чытач са стажам! Нярэдка прыводзіць з сабою суседку Дамініку Майсеевіч. Тая пакуль дашкольніца, дык Ліза сама ёй выбірае чытанкі-маляванкі. А бывае, што нават для бацькоў сваіх Любові Сяргееўны і Ігара Пятровіча просіць кнігі, бо ведае, што тым цікава пачытаць.
Акрамя таго, што ў бібліятэцы можна ўзяць кнігі або перыядычныя выданні пагартаць, тут шмат адбываецца цікавых сустрэч і святаў. Многія, напрыклад, памятаюць завочнае падарожжа “Прыгажосць Белавежскай пушчы”, ранішнік “Калі на планеце гаспадары — дзеці”, або як узрушыла малых пастаноўка “Хатынь — гэта памяць сэрца”.
Не першы год у Ленінскай бібліятэцы існуе клуб “Ветразь надзеі”, сярод яго сяброў Карына Гурская, Насця Вараб’ёва, Марына Ялец, Ірына Козел, Ганна Кузіч, Паша Лучыц, Таня Алясюк, Віка Ціханенка, Каця Самсанюк, Маша Філіманюк.
Паспяхова дзейнічаюць і экалагічны цэнтр “Экамір”, і цэнтр даведачна-фактаграфічнай інфармацыі, што пастаянна папаўняюцца. У апошнім — розныя звесткі пра гісторыю і сённяшні дзень Ленінскага сельсавета. Кожны, хто цікавіцца, можа пабачыць увачавідкі, чым славіцца зямля, на якой жывем.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымку: бібліятэкары Ленінскай бібліятэкі М.П.Лучыц і Г.В.Панятоўская.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top