Каб не аскуднела зялёная краса

Каб не аскуднела зялёная краса

Шмат розных прафесій на зямлі. Людзі адной навучаюць хлопчыкаў і дзяўчынак любіць Радзіму, матчына слова ці далучаюць да прыгожага, да разумення мастацтва, музыкі, іншыя вяртаюць хворых да актыўнага і паўнацэннага жыцця ці ўзводзяць камфортныя дамы, дзе прапісваюцца сямейная ўтульнасць, каханне, і згода… Але ёсць незвычайныя, своеасаблівыя прафесіі, у прыватнасці, пад-трымліваць парадак у лесе, аднаўляць яго, а заадно ўмець разумець яго і наталяцца чысцінёй паветра. Гэтым на-дзелены леснікі, чыё прафесійнае свята
адзначаецца ў нядзелю.

IMG_4269Пра справы калектыву Пятровіцкага лясніцтва расказвае ляснічы Мікалай Дзмітрыевіч Клімук.
— Найперш заўважу, што плошча лясніцтва 10270 гектараў, і раскінулася яна на тэрыторыі трох раёнаў: у Жабінкаўскім, Кобрынскім і Маларыцкім. У лесагаспадарчай установе “Кобрынскі доследны лясгас”, куды мы ўваходзім, яшчэ шэсць лясніцтваў большых ці крыху меншых плошчаю. Аднак па раскіданасці ўчасткаў і адлегласці ад адміністрацыйнага будынка наша самае вялікае. У асноўным у лесе расце сасна, якой каля 70% ад усіх насаджэнняў, 7-8 працэнтаў займаюць дубовыя пасадкі, астатняе — гэта лісцёвыя пароды дрэў. Лес у асноўным сярэднеўзроставы — 60-70 гадоў.
Што яшчэ цікавага ёсць на тэрыторыі лясніцтва. Вядома ж, водныя артэрыі — рэчкі Мухавец і Асіпоўка, на берагах якіх шмат адпачываючых і рыбаловаў у цёплае надвор’е. Прываблівае турыстаў і штучнае возера Булькова. Балоты сустракаюцца толькі на тэрыторыі лесфонда, праўда, усе яны летам перасыхаюць. Вядома ж, нямала ў лясах птушак і звяроў, што робіць лясы яшчэ цікавейшымі для людзей.
Усё гэта, а найперш стан дрэў, іншай расліннасці ў полі зроку нашага калектыву ў тры дзясяткі чалавек. Сумленна да выканання пастаўленых задач адносяцца ўсе 16 леснікоў. Працуюць людзі іншых спецыяльнасцяў, спраўляюцца з абавязкамі ўмела, з энтузіязмам. Сярод іх тры трактарысты, два вадзіцелі, два абрубшчыкі і вальшчык. Вакантная пакуль пасада майстра лесу, пастараемся ўзяць чалавека гэтай прафесіі ў наступным годзе, таму што лесаўпарадкаванне сёлета ўжо завяршылі. Дый аб’ёмы высечак павялічацца ў 2014 годзе ўдвая. Канечне, хацелася б, каб калектыў папоўніўся яшчэ двума вальшчыкамі. Для людзей такой прафесіі працы хапае: багата насаджэнняў сасны, якім ужо за сто гадоў. Яна, на мове нашай прафесіі, спелая. Каб драўніна не псавалася, яе трэба высякаць. Прадукцыя, якая вырабляецца ў Дывінскім цэху лясгаса, адпраўляецца ў Польшчу і Літву. Заўважу, што так званая балансавая (танчэйшая) драўніна таксама ідзе на экспарт, на вытворчасць паперы. Сёлета намі рэалізавана за мяжу 3340 кубаметраў яе. Акрамя планавых вытворчых мы займаемся і высечкамі догляду, летась такім чынам нарыхтавалі 10000 кубаметраў. Дарэчы, у гэтай справе незаменны памочнік леснікоў харвэстар, якім назапашана 3000 кубаметраў драўніны, астатняя — сіламі леснікоў і рабочых. Канечне, лес купляе у нас і насельніцтва, хто для будаўніцтва (у асноўным на кроквы і бэлькі), нехта на дровы. Напрыклад, дроў і дзелавой драўніны сёлета рэалізавана фізічным асобам і арганізацыям 3760 кубаметраў.  Спраўляцца з такім заказам леснікам дапамагае трактар з маніпулятарам, які паспяхова замяняе цэлую брыгаду: леснікоў, рабочых, якім раней даводзілася рабіць шэраг аперацый па высечцы і вывазцы лесу ўручную. Шмат дроў завозіцца ад нас у Жабінкаўскую жыллёва-камунальную гаспадарку, райпалівазбыты Кобрына, Жабінкі, Брэста.
Мы не толькі высякаем дрэвы, але й штогод займаемся пасадкай лесу. У гэтым найпершыя памочнікі леснікоў вучні Ракітніцкай і Азяцкай сярэдніх школ. Былі такія гады, калі саджанцы сасны, елкі, бярозы высаджваліся ў год на 80 гектарах, а сёлета, напрыклад, пасадзілі звыш пяці. Яшчэ займаемся натуральным абмаладжэннем, для чаго праворваем барозны, дзе самастойна засяваюцца дрэвы. Яны ў будучым намнога мацнейшыя і больш устойлівыя да розных хваробаў, дый драўніна якасней. Дарэчы, апошнім часам у нашых лясах распаўсюджана каранёвая губка, калі засыхаюць цэлыя дзялянкі. Асабліва такое адбываецца з сасняком, таму стараемся чаргаваць маладнякі сасны і бярозы, якая больш устойлівая да гэтай хваробы. Яна сустракаецца ў лясах, якія растуць на перададзеных сельгаспрадпрыемствамі ўчастках, што перадаюцца нам штогод. Вось і зараз рыхтуюцца дакументы на 200 гектараў  у лясфонд.
Як бачым, праца ў нашых леснікоў і рабочых разнастайная, патрабуе шмат высілкаў і часу. Усе стараюцца выконваць яе сумленна, таму й прыходзіць поспех. Удзельнічаем у конкурсах прафесійнага майстэрства, што праводзяцца ў Кобрынскім лясгасе. Сёлета, напрыклад, у ім удзельнічалі леснікі Мікалай Іванавіч Ячнік і Анатоль Віктаравіч Баранчук. На жаль, не перамаглі сапернікаў, хоць і выступілі няблага. А вось калектыў па выніках вытворча-эканамічнай дзейнасці ў 2011 і 2012-ым гадах мае два дыпломы за другое і трэцяе месцы.IMG_4290А колькі ў нас яшчэ іншых спраў: сачыць за парадкам у лесе, таму што неахайныя гаспадары часта вывозяць смецце і бытавыя адходы ў лесапасадкі. А на тэрыторыі Пятровіцкага лясніцтва ёсць і санаторыі, і аздараўленчыя дзіцячыя лагеры, таму адпачываючых лес павінен сустракаць утульнасцю. Мы выязджаем і на пажары, што здараюцца з-за абыякавасці тых, хто прыйшоў сюды па грыбы ці ягады, альбо проста падыхаць чыстым паветрам. А яшчэ ў лясніцтве жывуць 11 аленяў, якіх даглядае Алена Аляксандраўна Козіч. Хто толькі не прыязджаў на экскурсію да плямістых дзікіх звяроў!
У кожнага калектыву ёсць планы на будучыню. Хочам адрамантаваць знадворку    адміністрацыйны будынак, абнавіць дэндрарый, займець новы УАЗ-2014 і трактар МТЗ-82 на тралёўку. “Хворае” пытанне і жыллё для работнікаў, таму што ёсць такія, хто арандуе яго. Спадзяемся на вырашэнне праблем.

Запісала Людміла КОСЦІНА.

На здымках: ляснічы Пятровіцкага лясніцтва М.Д.Клімук; ляснік Аляксандр Алексіевіч і трактарыст Валерый Кічкайла; Алена Козіч у вальеры з плямістымі аленямі.

Фота Ірыны ЖУК.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top