“Бутэлечнае” царства, альбо Чаму не спіць Сава?

“Бутэлечнае” царства, альбо Чаму не спіць Сава?

IMG_3164
Пісаў бы казку, пачаў бы так: “Жыла-была Сава. Яна сядзела на яблыні і пазірала на дарогу. Быццам ва ўсіх пыталася: “Хто ідзе? Што нясе?” Пра ўсё яна ведала і ўсім была вядомая. Яна ўжо пяць гадоў вартавала, ні ўдзень, ні ўноч не засынала. Бо была Сава бу-тэ-леч-на-я…”
Нам таксама давялося пазнаёміцца з Савой-вартаўніцай раней за яе гаспадыню.
Гаспадыня была ў дарозе. (Яна часта бывае далёка ад дому). Бо працуе пра-вад-ні-цай.
На гэтым прыказку завяршаем, быль пачынаем.
У Сцяброве на вуліцы Сцяброўская ў доме № 6А некалі нарадзілася Таццяна Іванаўна Зайко — стваральніца сапраўднага “бутэлечнага” царства, што дзякуючы яе клопатам узнікла на ўтульным падворку.
Хата непадалёку ад чыгункі. Гэта і вызначыла прафесію для многіх у Таццяніным родзе. Першым чыгуначнікам стаў дзядуля Мікалай Андрэевіч Абрэмак (ён з Украіны), шмат гадоў білетным касірам на чыгуначным прыпынку “Цукровы завод” адпрацавала маці Яўгенія Мікалаеўна, у самым пачатку працоўнай біяграфіі тут пачынаў і бацька Іван Іванавіч (зараз ён электрык на ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”).
За імі следам “зазбіралася” ў дарогу і Таня. Пасля таго як закончыла другую гарадскую школу, падала дакументы ў вучылішча, а затым і ў тэхнікум чыгуначнікаў, што ў Брэсце. Цяпер ужо больш за паўтара дзясятка гадоў яна — праваднік купэйнага вагона №7 у цягніку № 132/131 “Брэст — Масква — Брэст”. (Дарэчы, у тым самым цягніку працуе і Танін стрыечны брат Андрэй Жылінскі).
… 15 гадзін у дарозе, 1100 кіламетраў — і вось яна, расійская сталіца, а затым — тыя ж кіламетры і гадзіны — міма Жабінкі, Сцяброва — да Брэста…
Так, цягнік хуткі, у Жабінцы не спыняецца, але часам бывае хочацца сысці… і тады на выручку прыходзіць захапленне, што не дазваляе хандрыць.
Сюжэты — з інтэрнэта. Аднойчы Таццяна шукала ў сусветнай “павуціне” нешта цікавае, тады і пабачыла, якое хараство можна вырабляць з рэчаў, якім, здаецца, адзіны шлях — на сметнік. Захапілася. Тады і Сава нарадзілася. А за ёй — цэлы птушнік (шыкоўны паўлін, цецярук, бусел і інш.), экзатычнае бутэлечнае дрэва, пластмасавыя кветкі, жабкі (як жа Жабінцы без яе галоўнага сімвала?!).
— Ужо і не памятаю, — прызнаецца майстрыха, — колькі “падданых” у маім “бутэлечным” царстве. Вырабамі сваімі не гандлюю — бо раблю ад душы і дзеля душы. Да таго ж шмат падаравала знаёмым з Брэста і Жабінкі.
Некаторыя казачныя жывёліны і птушкі нара-джаюцца за лічаныя гадзіны. Над іншымі даводзіцца доўга пасядзець. З матэрыялам дапамагае праца: пасля падарожных у цягніку застаецца шмат бутэлек, іншыя праваднікі, якія ведаюць пра Таніна захапленне, таксама ахвотна дапамагаюць.
Вунь грацыёзна ступае па падворку, быццам жывы, паўлін. Нарадзіўся ён гэтай зімой. Для тулава скарыстала пяцілітровую каністру, каб ногі зрабіць, спатрэбіўся дрот, пенапласт — для галавы, і каля сотні бутэлек на ўсё астатняе!IMG_3126
У дарозе, пад грукат колаў — толькі праца, а хобі — для вольнага часу.
— Зацягвае! — прызнаецца Таццяна Іванаўна. — Увесь час хочацца зрабіць нешта новае, раней нікім не прыдуманае. Радуюся, калі гэта людзям падабаецца. Быццам бы для сябе раблю, атрымоўваецца — для ўсіх.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top