Лепшы сваяк — добры сусед

Лепшы сваяк — добры сусед

podrugi2

Гадоў 25 таму людзі хадзілі адзін да аднаго ў госці — з патрэбай і без яе, па запрашэнні і без яго. Хадзілі проста так — для нармальных чалавечых узаемаадносін. Хадзілі на суседскія вячоркі.
Цяпер многія забіліся ў свае норкі з так званым еўрарамонтам, якому, праўда, вельмі далёка да Еўропы… Але праз гэтыя так званыя еўравокны мы развучыліся бачыць тых, хто жыве побач. Многіх больш хвалююць дзверы сейфавага тыпу – і па вечарах на вуліцу нават носу не паказваюць. Цяпер многія моляцца на пячорны  прынцып “мой дом – мая крэпасць”. А на нейкія скаргі суседзяў звыкла адказваюць: “Мы ў сваёй кватэры, што хочам, тое і робім… Не падабаецца, мяняйце на іншы раён!..”
У ХХІ стагоддзі дайшло да агідна-пачварнага: людзі гадамі жывуць на адной лесвічнай пляцоўцы, але нават імёнаў сваіх суседзяў нярэдка не ведаюць. Дажылі… А ў вёсцы ўсё пачыналася з высокіх агароджаў, якімі адгароджваемся ад сваіх суседзяў.
Канечне, суседзяў не выбіраюць. Вось і даводіцца прывыкаць да алкаголікаў, да сабачага брэху, да чужой сямейнай лаянкі… Да таго, што амаль пастаянна злева, справа, зверху, знізу нехта свідруе, даўбе, што ажно сцены пачынаюць хадуном хадзіць. А закон пра забарону курэння ў пад’ездах, мусіць, таксама быў прыняты не для нас, а для нейкіх абстрактных дамоў?!
Наіўна, але многія з нас так і не ведаюць ці не хочуць ведаць, што карыстанне тэлевізарам, іншымі гучнагаварыльнікамі дапускаецца толькі пры ўмове змяншэння гучнасці да ступені, якая не парушае спакой жыхароў: з 23.00 да 7.00 павінна захоўвацца цішыня. А ў святочныя і выхадныя дні наогул  забараняецца выконваць работы, што ўтвараюць шум ці вібрацыю.
Але ж ёсць і яшчэ адзін закон. Самы галоўны. Гэта павага таго, хто жыве побач. Трэба нам, беларусам, нанава вучыцца жыць па-суседску, па-чалавечы. А гэта ўжо залежыць ад унутранай культуры кожнага.
Я ўпэўнены: трэба абавязкова вітацца з суседзямі з добрай усмешкай на твары. Казаць ласкава: “Добры дзень!” І тады дзень, сапраўды, пачнецца шчасліва і правільна.
І як здорава, што не перавяліся на нашай зямлі беларускай добрыя суседзі, якія дапамогуць і хворай суседцы прадукты з крамы прынесці, і падлогу, бялізну памыюць нямогламу чалавеку. Ды і суботнікі па лесвічнай пляцоўцы арганізоўваюць, каб усім было ўтульна і на душы прыгожа! Добрыя суседзі і альтанку для дзетак пабудуюць, і дрэвы пасадзяць — на радасць будучым пакаленням.
Добры сусед лепш далёкага сваяка, а бывае што і блізкага… Кажуць і так: няма лепшага сваяка, чым добры сусед. Ды і да людзей трэба ставіцца так, як ты хочаш, каб яны ставіліся да цябе. Гэтаму мяне яшчэ бабуля Таццяна навучыла, калі праходзіў яе дзіцячыя “ўніверсітэты”…
І зусім няправільна вырашылі тыя, хто думае, што ў век інтэрнэта суседскія адносіны — анахранізм. Заўважу, што для кожнага, хто выходзіць на лесвічную пляцоўку ці на двор, вельмі важна бачыць не абыякавыя, а прыязныя і зацікаўленыя твары суседзяў.
Вучыцеся любіць лю-дзей па-сапраўднаму — такая любоў не ведае ні адлегласцяў, ні часу. І пачаць можна з суседзяў. І шлях да суседа не праз лесвічную пляцоўку, а праз любоў. Чыстае сэрца — гэта менавіта той шлях, па якім мы можам паслаць сваё святло людзям.
Канстанцін КАРНЯЛЮК, педагог.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top