“Рабіць дабро заўсёды, рабіць дабро ўсім…”

“Рабіць дабро заўсёды, рабіць дабро ўсім…”

Шмат уражанняў засталося ад паездкі па сацыяльных аб’ектах рэлігійных арганізацый Брэсцкай вобласці, арганізаванай галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі сумесна з аддзелам рэлігій і нацыянальнасцяў аблвыканкама для журналістаў Брэстчыны. Убачанае прымушала задумацца над жыццёвымі каштоўнасцямі. Сёння мы не паспяваем за імклівым бегам часу, мітусімся, азлабляемся, губляючы нешта важнае. Нам спакойна, утульна — і добра. Якая розніца, што некаму дрэнна, мучае хвароба і адзінота… А можна аддаваць сваю цеплыню іншым, дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу, і адчуваць радасць ад гэтага…
Сацыяльны аддзел Пінскай епархіі створаны з блаславення Архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфанія два гады таму. Яго мэта — каардынацыя і фінансаванне дабрачыннай і сацыяльнай дзейнасці. На чале аддзела — іерэй Сергій Плотніцкі.9 “Вера без спраў мёртвая, — гаварыў ён. — І праваслаўная царква гатовая дапамагаць вырашаць сацыяльныя праблемы. Алкаголікам і наркаманам, матулям, у якіх дзеці-інваліды, і іншым.
Імкнёмся кансалідаваць людзей, каб адзін аднаму дапамагалі. Шмат карысных ініцыятыў на рахунку нашых валанцёраў. У прыватнасці, супрацоўніцтва з інтэрнатамі. Галоўнае — разуменне таго, што добрыя справы неабходны нам самім не менш, чым тым дзеля каго іх робім. Любоў да блізкага — свяшчэннае прызванне і маральны абавязак хрысціяніна”.
Заслугоўвае ўвагі і праект сацыяльнага аддзела Пінскай епархіі будаўніцтва рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў “Самарыцянін”, на базе якога плануецца стварыць дзіцячы хоспіс. Дарэчы, гэтую назву часта выкарыстоўваюць дабрачынныя арганізацыі. Прытча аб добрым самарыцяніне расказвае пра міласэрнасць і бескарыслівую дапамогу чалавеку, якога спасцігла няшчасце, з боку прахожага самарыцяніна — прадстаўніка этнічнай групы, якую іўдзеі не прызнаюць адзінаверцамі. Сэнс прытчы ў тым, што дабрыня праяўляецца незалежна ад веры чалавека, а Запаведзі Божыя выконваюць людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў.
Айцец Сергій агучыў журналістам і праблему абортаў, якая хвалюе праваслаўную царкву. Такім чынам, падкрэсліў ён, “народ сам ваюе супраць сябе, забівае сябе”. А для жанчын гэта не толькі фізічныя пакуты, але й духоўныя і душэўныя. У сумеснай размове абмяркоўвалася і тэма падтрымкі жанчын-маці, у якіх нарадзіліся дзеці-інваліды. Іх пастаянна мучаць пытанні: “За што мне такое? Чаму бяда здарылася ў мяне?” Часам  вінавацяць у сваім няшчасці ўсіх. Увага, шчырыя зносіны з нераўнадушнымі да няшчасця людзьмі — сапраўдныя “лекі” ў такой сітуацыі.
У Пінскім раёне пазнаёміліся з дзейнасцю Лагішынскага дома міласэрнасці рэлігійнай суполкі800px-Logishin_two_churches “Рымска-каталіцкі прыход Святых Пятра і Паўла”. Каталіцкі касцёл пры фінансавай дапамозе многіх дабрачынцаў пад патранажам Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка пабудаваў першы такі дом. Ён працуе другі год і разлічаны на 43 чалавекі. Дом міласэрнасці займае тэрыторыю, больш чым 2 га, у яго склад уваходзяць капліца, чатыры жылыя сектары з заламі адпачынку, памяшканні для аказання медыцынскай дапамогі, кухня, сталоўка, дапаможныя пакоі.
Пастаяльцы ўстановы — пажылыя людзі, якія часткова страцілі здольнасць да самаабслугоўвання. Прычым, дапамогу тут атрымліваюць жыхары з розных месцаў Беларусі, незалежна ад іх нацыянальнасці і веравызнання.
“У доме міласэрнасці стараюцца стварыць такую атмасферу, — расказваў настаяцель Лагішынскага прыхода Тадэвуш Жэшка, — каб сваю “восень жыцця” бабулі і дзядулі праводзілі ў гэтым будынку як у сябе дома. І абслуговы персанал настроены аддаваць для пажылых цеплыню і ўвагу, нібыта для сваіх маці і бацькі. І ведаеце, дырэктара дома Аляксандра Фядковіча (а ён адзіны мужчына, які тут працуе) многія пастаяльцы называюць сынам”.
Сапраўды, будынак гэтай сацыяльнай установы сучасны, утульны, прыдатны для пражывання. Але ж гэта нішто ў параўнанні з дабрынёй, якая пануе. У вестыбюлі на сцяне словы, якія наўрад ці пакіне без увагі той, хто прыйшоў сюды: “Рабіць дабро заўсёды, рабіць дабро ўсім, зла нікому ніколі”.
Частыя госці ў доме міласэрнасці прыхаджане, якія і размову вядуць, і моляцца з пажылымі разам, мясцовыя вучні і культработнікі, што выступаюць з канцэртамі. Двойчы на тыдзень прыязджае бібліятэка. Абслугоўванне ў першую чаргу сацыяльнае, аднак ёсць і абавязковы агляд урача. 80 працэнтаў пенсій пастаяльцаў ідзе на іх утрыманне. Выкарыстоўваюцца і шматлікія ахвяраванні. Дарэчы, вядзецца і актыўны пошук спонсараў.
Было бачна па ўсім, што ў Лагішыне стараюцца зрабіць старасць спакойнай, нічым не азмрочанай. Як гэта атрымліваецца? Па ўсялякаму бывае. Некаторыя надоўга затрымліваюцца ў доме міласэрнасці, іншыя пасля сканчэння дагавору, які складаецца спачатку на месяц, пакідаюць яго. Ды і адносіны паміж састарэлымі складваюцца па-рознаму. “І сварацца нашы пастаяльцы. Гэта жыццё. Інакш быў бы ў нас рай, а не дом міласэрнасці”, — сказалі тут.
Наступны аб’ект (магчыма, трэба сказаць іх два — дзіцячы аздараўленчы цэнтр “Жамчужынка” і 14856дом міласэрнасці для састарэлых) наведалі журналісты ў вёсцы Іменін, што ў суседнім Кобрынскім раёне. Збудаванні да 1939 года былі панскай сядзібай, затым да 1992 года іх займалі вайскоўцы, цяпер, дзякуючы намаганням прадстаўнікоў Саюза ЕХБ у Рэспубліцы Беларусь, яны рэканструяваны. На гэта былі выкарыстаны сродкі царквы, добраахвотныя ахвяраванні. Дапамога аказвалася з 8 краін ад канфесіі евангельскіх хрысціян-баптыстаў.
Сёлета аздараўленчы цэнтр “Жамчужынка” прыняў амаль 1300 дзетак з усёй Беларусі. Як нам сказалі, галоўная мэта — аздаравіць дзяўчынак і хлопчыкаў фізічна і духоўна, прывіць хрысціянскія каштоўнасці і “ніякіх баевікоў”, а ў раскладзе дня — біблейская гадзіна. Калі гэта неабходна, тут зробяць медыкі УЗІ-дыягностыку.
Цікава, што ўжо некалькі гадоў функцыянуе пякарня. Выпякаюць хлебабулачныя вырабы і для дзяцей, што адпачываюць у летнія змены, і для пажылых людзей дома міласэрнасці, а таксама для жыхароў горада.
Першых наведвальнікаў дом міласэрнасці прыняў 1 чэрвеня 2012 года. Сюды прыбылі адзінокія састарэлыя людзі розных веравызнанняў, у якіх не было падтрымкі з боку родных, ці з розных прычын ніхто не мог паклапаціцца пра іх. Ва ўсіх свае лёсы, адзінота і хвароба. “Наша місія, — гаворыць дырэктар дома міласэрнасці Ігар Аляксандравіч Мікляеў, дарэчы, жыхар Жабінкі, — выказваць Боскую любоў у нашым служэнні пажылым людзям, адпавядаючы іх духоўным, сацыяльным, фізічным і эмацыянальным патрэбам”.
Першапачаткова планавалася размясціць каля 40 чалавек. Аднак пакуль іх толькі палавіна таго. Неабходныя для гэтага фінансавыя сродкі, а таксама людзі, якія жадалі б працаваць тут. Сярод патрэб называюць устаноўку ліфта для пастаяльцаў, што жывуць на другім паверсе, прадметы гігіены, бялізна. Свет, як кажуць, не без добрых людзей, якія абавязкова бескарысліва адгукнуцца, працягнуць руку дапамогі.
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top