11 верасня — дзень смутку па спаленай вёсцы Драмлёва, царкоўнае свята Усячэння галавы Іаана Хрысціцеля

11 верасня — дзень смутку па спаленай вёсцы Драмлёва, царкоўнае свята Усячэння галавы Іаана Хрысціцеля

“Не ўстаць табе, сяло Драмлёва…”

IMG_6863Людзі добрыя, памятайце: любілі мы жыццё,
і Радзіму нашу, і Вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі
ў агні. Наша просьба да ўсіх: няхай смутак і жальба
ператворацца ў мужнасць Вашу і сілу, каб змаглі Вы
зацвердзіць назаўжды мір і спакой на зямлі. Каб з гэтага
часу нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не памірала!

Надпіс на Вянцы Памяці ў Хатыні.

Калі чытаем у Евангеллі, як у дзень нараджэння цара Ірада пакацілася па місе галава Хрысціцеля, згадваем Драмлёва… Калі гаворым пра звярынае аблічча і сутнасць фашызму, згадваем Драмлёва… Калі думаем пра непамерную цану, заплочаную за Перамогу, згадваем Драмлёва… IMG_4395
НАЗВА. Вёска Драмлёва (на польскіх і расійскіх даваенных картах: Dremliowo, Дремлиово, Дремлево).
КААРДЫНАТЫ. 52°16′12″ пн.ш. 23°59′40″ усх.д.
НАРАДЖЭННЕ. Першая пісьмовая згадка пра Драмлёва і драмлёўцаў адносіцца да 26 ліпеня 1561 года.
ЖЫХАРЫ. 200 гадоў таму ў вёсцы жыло 76 жыхароў, да 1935 года колькасць павялічылася да 152 чалавек, на час знішчэння ў Драмлёве жылі каля дзвюх соцень жыхароў.
ГІБЕЛЬ. Трагедыя адбылася ў пятніцу 11 верасня 1942 года, на свята, якое ў народзе завуць Галавасекам.
АХВЯРЫ. Загінула 196 чалавек. Сярод ахвяраў — 93 непаўналетнія. 1942-і — год нараджэння і смерці Надзейкі Алізарка і Людачкі Антанюк, самых маленькіх жыхароў “вогненай вёскі”. У тым агні і дыме захлынулася і найстарэйшая вяскоўка — 88-гадовая Марыя Данілюк.
СВЕДКІ. Выжылі ўсяго трое раненых падлеткаў: Коля Ярмашук, Міша Данілюк, Міця Юрасік, сярод дарослых драмлёўцаў, што цудам уратаваліся, бо адсутнічалі пад час кары ў вёсцы, пра зладзейства ў студзені 1945 года сведчыў драмлёвец Павел Ляўчук.
КАТЫ. У знішчэнні “па-шчыравалі” байцы 10-ай роты 3-га батальёна 15-га нямецкага паліцэйскага палка.
УШАНАВАННЕ. Драмлёва ўвекавечана ў Мемарыяльным комплексе “Хатынь”. 30 чэрвеня 1969 года туды прыбылі дэлегацыі з раёнаў. Яны прывезлі зямлю 185 вёсак, што не вярнуліся да жыцця. На “Могілках вёсак” ушанавана і Драмлёва (памятны знак па ёй месціцца справа: гэта — трэцяя вёска ў дзявятым радзе).
На тым месцы, дзе да верасня 1942-га жыло Драмлёва, роўна праз 40 год узведзены мемарыяльны комплекс, у цэнтры — курган (насыпаны ў 1967-ым) і скульптуры трох самотных жанчын (скульптар Уладзімір Пятровіч Вараб’ёў).
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: драмлёўцы знайшлі апошні спачын на Сцяпанкаўскіх кладах; штогод 11 верасня жабінкаўцы прыходзяць да сваёй “вогненай вёскі”.
Фота Ірыны ЖУК.

 

Расціслаў БЕНЗЯРУК

 

МАНАЛОГ ЗМІТРА ЮРАСІКА,

які 11.09.1942 года, калі палілі вёску Драмлёва, цудам уратаваўся, а потым жыў далёка ад радзімы

Быў дзень святы — Галавасек,
Удалеч сплыў туман бялёсы,
Як нелюдзі ўчынілі здзек
І запалала наша вёска.

Калі настаў апошні час
(Усім палегчы тут навекі),
Дык людзі выштурхалі нас,
Трох хлапчукоў, з зямнога пекла.

За іх, загінуўшых, жыву,
Учынкі мераю сурова,
А попел беліць галаву
Ад полымя твайго, Драмлёва.

Ніколі не забыць таго,
Як вёска гінула і людзі.
Пякельна-жудасны агонь
Яшчэ дасюль начамі будзіць.

Прачнуся — болю не суняць
І кліча да сябе Айчына,
Дзе ў сэрца кожнаму глядзяць
Тры з бронзы літыя жанчыны.

Скразная рана пад сэрцам

У час драмлёўскай трагедыі мне ішоў дванаццаты год. У той дзень я з матуляй Ганнай Емяльянаўнай Грыцук, дзедам Ціханам Кірылавічам Вашчуком і бабуляй Марфай Ігнатаўнай Грыцук былі ў полі — убіралі ўраджай на палетках паблізу ўласнага хутара, што месціўся каля вёскі Сцяпанкі. Нашы надзелы межаваліся з драмлёўскімі (былі ўсяго ў трох кіламетрах ад гэтай вёскі).
Памятаю той сонечны цёплы дзень у пачатку восені. Раптам дарослыя заўважылі слупы дыму і агнявыя водбліскі з боку Драмлёва. Усе кінуліся на выратаванне, але наткнуліся на немцаў, што моцным колам акружылі паселішча. Карнікі забаранілі нам ісці далей. Бабуля Марфа крычала, колькі мела сіл:
— Пусціце! Пус-ці-це!! Там мае сваякі!!!
На гора, немцы яе паслухаліся і дазволілі далучыцца да драмлёўцаў. Я з дзедам і маці, панурыя, вярталіся назад. Хоць і не ведалі пакуль пра сапраўдныя маштабы трагедыі, але ж нават тое, што бачылі здалёку, выклікала смутак і жах.
Пасля працы па-сямейнаму прыселі парадзіцца, выказваліся розныя здагадкі. Але ж сапраўднасць аказалася значна страшней за прыдумкі.
Вечарэла, і на палетках заўважылі хлопчыка. Ён ледзь цягнуўся на паўсагнутых нагах паміж палоскамі жыта, ішоў з боку Драмлёва на хутар Кірылы Новіка, нашага суседа. Калі ўбачылі хлопца, кінуліся да Новікавай хаты. Высветлілася, што гэта быў шасцігадовы Міця Юрасік, пляменнік Вольгі Новік, Кірылавай жонкі. Яна моцна прыціснула да грудзей хлопчыка, ён дрыжаў і плакаў, вопратка была ўся ў крыві, ледзь выгаворваў:
— Хачу піць.
Яго паклалі, напаілі, скінулі акрываўленую сарочку і жахнуліся — амаль пад сэрцам была скразная рана, пакінутая куляй. Знайшоўся самагон, якім апрацавалі месца ранення, і наклалі павязку. Усіх непакоіла, ці не зачапіла куля сэрца. Заставалася спадзявацца толькі на цуда. І яно адбылося — Міця выжыў.
Ён і распавёў пра тое, што адбылося ў Драмлёве. На світанку вёску акружылі карнікі, якія правялі вобыск у дварах, хатах, хлявах драмлёўцаў. Затым сагналі ўсіх у хлебныя клюні і пусцілі кулямётныя чэргі. Усе пападалі. Ад параненай маці Міця пачуў:
— Сыночак, вылезі цераз адтуліну пад дзвярыма ззаду хлява і схавайся ў кустах сада. Як пабачыш, што навокал няма немцаў, паўзі па разорах да цёткі Волі.
Так ён і зрабіў. Якія ж мужнасць і сіла волі былі ў раненага хлопчыка, каб выканаць мацярынскую просьбу! Гэтак ён уратаваў уласнае жыццё і стаў жывым сведкам бязлітаснасці акупантаў.
Пасля жудаснай трагедыі жыхары Сцяпанак першыя дні не начавалі ў вёсцы, знаходзіліся ў схованках паблізу.
Наступным днём спаленых хавалі на сцяпанкаўскіх вясковых кладах. Жанчын пры гэтым зусім не было — выключна мужчыны ды падлеткі, што мелі мужнасць глядзець на тую жудасць. Апаленыя целы былі знявечаныя да непазнавальнасці. Гэта была страшная карціна, якая стаіць перад вачамі і зараз.
На другія суткі пасля пахаванняў нечакана на нашым хутары з’явіўся Павел Ляўчук, жыхар “вогненнай вёскі”, стрыечны ці траюрадны брат майго бацькі. Дзядуля Ціхан Кірылавіч, абдымаючы пляменніка, спытаўся праз слёзы:
— Як жа ты выратаваўся, Паўлік?
Той таксама плакаў і казаў:
— Не ведаю, мабыць, Бог дапамог.
Сапраўды, было нейкае наканаванне: адным у агні гарэць, іншым памятаць пра тое, бы крыж свой несці да магілы.
11 верасня дзядзька Павел быў у Якаўчыцах, дзе дапамагаў цешчы збіраць ураджай. Ехаў у поле — меў вялікую сям’ю, вярнуўся — бяз-дзетным удаўцом…
— Заставацца ў цешчы далей было небяспечна, — дадаў Павел, — немцы могуць спахапіцца і пачаць шукаць у навакольных вёсках драмлёўцаў, якія адсутнічалі ў час расправы. Ці можна мне схавацца ў альшыне паблізу вашага хутара?
Дзядуля баяўся, што суседзі могуць данесці солтысу, таму прапанаваў уцекачу пераначаваць у нашым бліндажы. Гэтую надзейную схованку метраў пяць даўжынёй і тры шырынёй, узмоцненую двума ярусамі бярвенняў, збудаваў мой бацька Васіль Ціханавіч. У час небяспекі ў бліндажы маглі перачакаць бамбёжку нават пяцёра чалавек. Там было ўсё патрэбнае для жыцця: ежа, пітво, ложкі, нават печка-буржуйка.
На золку Павел узяў з бліндажа сякеру, пілу, цвікі і разам са мной пайшоў у альшыну. Там адшукаў глухое месца, дзе пабудаваў шалаш-будан, у якім пражыў два месяцы. Амаль кожны дзень я прыносіў дзядзьку харчы і расказваў пра сітуацыю ў вёсцы. Паколькі за ўвесь гэты час ніхто не шукаў драмлёўцаў, Павел Ляўчук вярнуўся да цешчы. Ім цяпер доўга трэба было несці агульны боль і памяць пра трагедыю, што вынішчыла сям’ю.
У “вогненнай вёсцы” згарэлі ўсе Паўлавы блізкія: жонка Ганна з дочкамі Нінай, Лідай, Жэняй. Ім было ад роду пяць гадоў, два, год…
Я выбраў для сябе прафесію ўрача. Даўно ведаю, што гэты выбар быў свядомым. На яго паўплывалі дзве падзеі з вайны: смерць ад эпідэміі малодшага брата, якому некаму было дапамагчы; і карціна таго, як людзі ратавалі Міцю Юрасіка і маліліся, каб ён не памёр, бо нельга было паклікаць да раненага ўрача — толькі Бога.
Васіль ВАШЧУК, г.Брэст.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top