Бульбу вырошчваць выгадна

Бульбу вырошчваць выгадна

IMG_4255

У гэтым упэўніліся земляробы СВК “Хмелева”, калі гаспадарка з 2010 года ўшчыльную стала займацца вырошчваннем беларускага “другога хлеба”. І з некалькіх дзясяткаў гектараў, што былі пад бульбай “замахнуліся” на сотню. Як заўжды, пачатак быў складаным: не хапала неабходнай колькасці тэхнікі, узнікла патрэба будаваць бульбасховішча, бо “дзедаўскі” метад закопвання бульбы ў бурты адразу зжываў сябе пры мяркуемых вялікіх аб’ёмах. Уключэнне гаспадаркі ў Дзяржаўную комплексную праграму бульбаводства, агародніцтва і пладаводства, разлічаную да 2015 года, якраз і дазволіла ў канцы 2010 года ўзвесці сучаснае бульбасховішча на 3 тыс. тон.
Летась накапалі звыш пяці тысяч тон бульбы, з іх амаль дзве тысячы тон прадалі, столькі ж пайшло на корм жывёле (дробнай) і для ўласнага спажывання (у прыватнасці, на абеды для работнікаў), 404 тоны адправілі на прамысловую перапрацоўку і 767 тон пакінулі на насенне. Паклапаціліся і пра сваіх былых работнікаў, а цяпер і пенсіянераў, якія не садзяць бульбу, а таксама пра тутэйшых медыкаў, настаўнікаў, выдзелілі ім бясплатна па 200 кг.
Заслугоўвае ўвагі, што ў сельгаскааператыве імкнуцца рэалізоўваць прадукцыю і за межы краіны.
— Вывучаем расійскі рынак, попыт на бульбу, — расказвае галоўны эканаміст гаспадаркі Людміла Іванаўна Парафянюк. — Мінулай восенню, можна лічыць, бульба на экспарт не пайшла, затое самы попыт быў напачатак года. Тут, канечне, спаўна адчулі, што бульбасховішча сябе выдатна апраўдвае. У першым квартале прадалі ў Расію 723 тоны “другога хлеба”. Сталі арыентавацца і на пэўныя сарты. Вядома, пакупнік ацэньвае тавар вачамі і спачатку для яго важны знешні выгляд, а ўжо потым смакавыя якасці. Расіяне, напрыклад, аддавалі перавагу Скарбу, Рэд Скарлет, а Здабытак і Журавінка не пайшлі. Сёлета рэалізавалі ў Расію 60 тон новага ўраджаю, аднак экспартныя пастаўкі спынілі, бо нас не задавальняе цана. Пакуль пачакаем, балазе, ёсць бульбасховішча.
241 мільён рублёў прыбытку атрымалі хмелеўцы за 2012 год ад вырошчвання бульбы, яе рэнтабельнасць склала 67 працэнтаў.
Добрыя ўраджаі, безумоўна, немагчымыя без вырошчвання высокапрадукцыйных новых сартоў. Насенны матэрыял сельгаспрадпрыемства атрымлівае, у прыватнасці, у Пружанскім гадавальніку. Гэта супер-супер эліта, супер эліта, эліта і першай рэпрадукцыі. Сярод сартоў — раннія і сярэднія — Скарб, Рэд Скарлет, Молі, Брыз, Атлант, Крыніца.
Як насенная гаспадарка ў вырошчванні бульбы, новымі сартамі СВК “Хмелева” забяспечвае насельніцтва, тут могуць зрабіць і ўзаемаабмен. За гэтыя восень-вясну было прададзена людзям 12 тон насення бульбы.
Сёлетняя ўборка клубняў распачалася ў сельгас-кааператыве з першых дзён жніўня. Выкапаць патрэбна іх на 190 гектарах. Бульбаўборачная тэхніка — 3 камбайны і падкопвальнік. І калі з тэхнічнага боку ўсё нармальна, дык гэтага нельга сказаць пра людскія рэсурсы. Калі б не прыезджыя ўкраінцы, якія штогод выручаюць, цяжка сказаць, як ішла б справа ў гаспадарцы з нарошчваннем бульбяных палеткаў. Ясна адно — не было б іх каму ўбіраць, бо як сказалі тут, “свае, мясцовыя ідуць у горад”.
А жыхары суседняй Украіны задаволеныя, і што могуць зарабіць, і ўмовамі працы. У гэтым мы пераканаліся, калі прыехалі ў мінулы чацвер на поле, дзе працавала адна з брыгад разам з механізатарам СВК “Хмелева” Уладзімірам Трафімуком, IMG_4250які шчыраваў на трактары з бульбаўборачным камбайнам. Антаніна Фіц, Аксана Балецка, Надзея Сушко і Віктар Карпусь з Валыні, не перастаючы нахвальвалі, як ім тут добра. Якраз прывезлі вячэру, якую гатуюць повары, таксама з прыезджых украінак. Атрымліваецца, што нават ад нацыянальнай кухні тут не адвыкаюць.
У сёлетні сезон уборкі бульбы ў СВК “Хмелева” будзе працаваць 5 брыгад украінцаў па 6-9 чалавек. У гаспадарцы лічаць, што такі варыянт знімае кадравую праблему.
Разлікі на ўраджай у “Хмелеве” добрыя. На 9 верасня з 31 гектара накапана 1027 т бульбы, ура-джайнасць 331,3 ц/га.
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.
На здымках: брыгада  на ўборцы бульбы ў складзе Антаніны Фіц, Аксаны Балецка, Надзеі Сушко і Віктара Карпуся; механізатар СВК “Хмелева” Уладзімір Трафімук.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top