Нездароўе каштуе дорага!

Нездароўе каштуе дорага!

IMG_1547
Нагодай для размовы з галоўным дзяржаўным санітарным урачом раёна, кіраўніком ДУ “Жабінкаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Н.П.Шосцік стала нядаўняе жнівеньскае пасяджэнне аблвыканкама, дзе пад кіраўніцтвам старшыні К.А.Сумара разглядалася пытанне “Аб стане работы па санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва Брэсцкай вобласці і мерах па яго ўдасканаленні”.
— Надзея Палі-нараўна, нарада з удзелам вышэйшых кіраўнікоў вобласці падзея не ардынарная. Ці часта абмеркаванне пытанняў санітарна-эпідэміялагічнай службы выносіцца на такі высокі ўзровень?
— Даволі рэдка. Таму не толькі ў мяне, але ў многіх калегаў з іншых раёнаў Брэстчыны бачыла зацікаўленасць да гэтай сустрэчы. Хацелася пачуць не толькі, як выглядае Жабінкаўшчына ў нашай галіне на фоне іншых куткоў вобласці, але й даведацца з першых вуснаў, наколькі разумее кіраўніцтва рэгіёна, прынамсі старшыня аблвыканкама, важнасць і адказнасць працы санэпідэміёлагаў. Размова засведчыла, што ёсць і разуменне, і падтрымка, і жаданне дапамагаць.
— Галоўная функцыя вашай службы — дзяржаўны санітарны нагляд. Ці дастаткова, на ваш погляд, зараз распрацавана заканадаўчая база ў гэтай сферы?
— Увесь час мы працуем у межах Закона Рэспублікі Беларусь “Аб забеспячэнні санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва”, на яго падставе распрацаваны і паспяхова дзейнічаюць Комплексы абласных і раённых мерапры-емстваў, шэраг раённых планаў і праграм, разлічаных да 2015 года ўключна. Пра іх выкананне штогод трымаем справаздачу на пасяджэннях раённага выканаўчага камітэта. Гэта ўсё дазваляе захоўваць на Жабінкаўшчыне стабільную кіруемую сітуацыю ў большасці інфекцыйных і паразітарных захвор-ванняў, цалкам забяспечваць санітарную ахову тэрыторыі. Каб мінімізаваць вынікі эпідэміі грыпу, летась было прывіта 8887 чалавек (або 35% насельніцтва раёна). Да такой лічбы імкнемся і сёлета. Асаблівую ўвагу звяртаем на імунізацыю працуючых за кошт сродкаў арганізацый.
— Гавораць, нішто так не каштуе дорага, як здароўе. Ці можна гэтае выслоўе падмацаваць лічбамі?
— Калі ўжо загаварылі пра імунізацыю, прывяду такі прыклад. Летась адна доза вакцыны каштавала ў эквіваленце 3-5 долараў ЗША, а эканамічныя страты ад аднаго выпадку захворвання на грып — 30-40 долараў. Пры гэтым кошт лячэння ў стацыянары абыходзіўся дзяржаве ў сярэднім у 200 долараў. Дзякуючы праведзенай вакцынацыі, у краіне папярэджана каля 100 тысяч зваротаў жыхароў па амбулаторна-паліклінічную дапамогу да ўрачоў-тэрапеўтаў і педыятраў.
— Надзея Палі-нараўна, у летні сезон і напачатку восені звычайна ў насельніцтва выклікае занепакоенасць пагроза кішэчных захворванняў. Наколькі гэты год пацвердзіў (ці наадварот, абвяргае) гэтую занепакоенасць?
— Сітуацыю з вострымі кішэчнымі інфекцыямі ў нашым раёне зараз можна акрэсліць як добрую. Групавых і ўспышкавых хвароб не зарэгістравана. Дзеля гэтага, асабліва пры арганізацыі летняга адпачынку дзяцей, быў узмоцнены кантроль за выкананнем усімі суб’ектамі гаспадарання патрабаванняў санітарнага заканадаўства, актывізавалася асветніцкая работа ў СМІ, найперш праз вашу газету і раённае радыё, існаваў кантроль на аб’ектах, што арганізуюць харчаванне і інш. Маніторынгам былі ахоплены ўсе без выключэння аб’екты гандлю і грамадскага харчавання Жабінкаўшчыны. У выніку выяўленыя парушэнні (а іх было, заўважу, дастаткова шмат) былі выпраўлены, а парушальнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
— Існуе трапны выраз: “Як мы п’ем — так і жывем”. Ведаю пра існаванне ў раёне праграмы “Чыстая вада”. Што робіцца для яе выканання?
— Зараз на дзяржсаннаглядзе 18 камунальных і 38 ведамасных водаправодаў. Тыя, што на балансе КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”, у здавальняючым стане. Якасць пітной вады ў раёне за мінулыя гады паводле вынікаў дзяржаўнага санітарнага нагляду ў мікрабіялагічных паказчыках стабільная. Маецца таксама пяць станцый абезжалезвання (акрамя горада, яны месцяцца ў санаторыі “Буг”, вёсцы Пятровічы, аграгарадках Азяты і Ленінскі). Якасць вады паводле санітарна-хімічных паказчыкаў пасля будаўніцтва станцый палепшылася. Праграма “Чыстая вада” надзвычай важная для Беларусі, таму рэалізацыя яе мерапрыемстваў будзе працягвацца і надалей.
— Часам выклікае нараканні тое, як жыхары раёна і камунальнікі абыходзяцца са смеццем. Пра такія адмоўныя выпадкі “Сельская праўда” не аднойчы расказвала. Але ж ці можаце назваць станоўчыя пры-клады?
— Рэгулярнай планавай ачысткай ад цвёрдых бытавых адходаў ахоплены ўсе 97 вясковых населеных пунктаў раёна. У 47 з іх уладкаваны 348 металічных кантэйнераў, у астатніх смецце вывозіцца транспартам сельгаспрадпрыемстваў. Як станоўчы прыклад назаву ўтварэнне гаражнага кааператыва ў пасёлку санаторыя “Буг”. Раней гэтая тэрыторыя была месцам антысанітарыі і бясконцай тэмай размоў на нарадах, прысвечаных добрапарадкаванню. Тым больш прыемна адзначыць станоўчыя змены, што зараз там назіраюцца. Многія прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы так-сама клапоцяцца пра належнае санітарнае ўтрыманне сваіх тэрыторый. Прыкладам для пераймання ў гэтым могуць быць райсельгастэхніка і ПМК-19, СВК “Рагазнянскі” і “Вазнясенскі”, установы аховы здароўя і адукацыі.
Аднак хацелася б падкрэсліць, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі выконвае функцыі нагляду за добраўпарадкаваннем аб’ектаў і тэрыторый. А вось арганізуюць і непасрэдна выконваюць мерапрыемствы перш-наперш камунальныя службы і сельвыканкамы з дапамогай насельніцтва.
— Многіх жыхароў Жабінкі і раёна хвалюе, наколькі адпавядаюць школы і дзіцячыя сады санітарным нормам?
— Да гэтага навучальнага года зроблена шмат у навучальных установах у адпаведнасці з патрабаваннямі санітарна-эпідэміялагічнай службы. Рэканструяваны сістэмы штучнага асвятлення ў агульнаадукацыйных школах і вясковых дашкольных установах, гэтыя працы сёлета завершацца і ў гарадскіх дзіцячых садзіках. У добрым санітарна-тэхнічным стане санвузлы, ёсць неабходныя ўмовы для асабістай гігіены дзяцей. Харчблокі забяспечаны гарачай праточнай вадой, тэхналагічным абсталяваннем і інвентаром, дазатарамі з вадкім мылам і антысептыкамі для апрацоўкі рук персаналу. Існуе запас аднаразовых пальчатак, якія выка-рыстоўваюцца пры прыгатаванні, парцыяванні і выдачы ежы. Усе ўстановы адукацыі забяспечаны бутыляванай вадой. Адным словам, зроблена шмат, каб у школах і садзіках нашы дзеткі клапаціліся толькі пра добрыя адзнакі і адпачынак. І не хварэлі ні ў якім разе!
— Аднак вучыцца такому “прадмету” як захаванне ўласнага здароўя павінны не толькі малыя. Гэта і дарослым, дакладна, ведаць не пашкодзіць…
— Мы таксама так мяркуем, таму і робім нямала, каб у жабінкаўцаў павышаўся ўзровень санітарна-гігіенічных ведаў. За апошнія два з паловай гады нашы спецыялісты ахапілі гігіенічнай адукацыяй 2894 чалавек (або 100% з ліку тых, каму гэта патрэбна для выканання службовых абавязкаў). Сярод гэтых катэгорый — працаўнікі лазняў, саўнаў, інтэрнатаў, гандлю, камунальнай гаспадаркі, грамадскага харчавання, устаноў адукацыі, харчовай прамысловасці, прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Для іх ладзілася 158 адукацыйных семінараў. Гэтак — праз веды — раней ці пазней мы прыйдзем да простай ісціны: здароўе каштоўнасць, якою трэба даражыць больш за золата.
Інтэрв’ю браў Анатоль БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top