Untitled-1

У тэрмін да 1 кастрычніка

Прыйшла пара рыхтавацца да новага ацяпляльнага сезона. На 4 верасня ў энергаінспекцыі Жабінкаўскага раёна 59 спажыўцоў электрычнай і цеплавой энергій са 118 зарэгістравалі пашпарты гатоўнасці. Сёлета на два тыдні скараціліся тэрміны іх афармлення, і да 1 кастрычніка павінна быць завершана гэтая працэдура. Часу засталося няшмат. За нясвоечасовую падрыхтоўку да ацяпляльнага перыяду кіраўнік арганізацыі нясе адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.

Што паказала ўступная кампанія?

Нягледзячы, што сёлета прахадны бал для абітурыентаў быў вышэйшым, 41% жабінкаўскіх выпускнікоў (205 атрымалі атэстаты сярэдняй адукацыі) паступілі ў ВНУ. Крыху больш чым палова з іх будзе займацца на бюджэтнай аснове. У студэнцкую сям’ю ўліліся 75% выпускнікоў ліцэя, 49% — СШ №3, 44% — Азяцкай СШ. Менавіта з гэтых навучальных устаноў юнакі і дзяўчаты паказалі найлепшыя вынікі. Прычым, сельскія вучні ў параўнанні з леташняй уступнай кампаніяй паднялі свой рэйтынг на тэставых іспытах. У нашых абітурыентаў самыя запатрабаваныя спецыяльнасці эканамічныя, тэхнічнага праграмавання і медыцынскія.

Велапрабег у пушчы

Цудоўна, з карысцю для здароўя і павышэння свайго інтэлекту ўмеюць адпачываць работнікі ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. Ініцыятарам добрых спраў найперш з’яўляецца прафкам прадпрыемства, які ўзначальвае Віктар Якубук.
Апошняя летняя экскурсія была арганізавана ў Белавежскую пушчу, куды накіраваліся працаўнікі камбікормавага цэха, участка сыравіны і гатовай прадукцыі — паўтара дзясятка чалавек. У праграму яе ўваходзіў 16-кіламетровы велапрабег па маршруце “Звярыны пераход”. 70% яго складала лясная, прасёлачная дарогі, на якой сустрэліся турыстам 300-400-гадовыя сосны, насельнікі пушчы вавёркі, зайцы, а самае галоўнае — надыхаліся цудоўным водарам.
Незабыўнае ўражанне засталося ад наведвання вальераў і музея, у якім усё зроблена па-сучаснаму, на высокім пазнаваўчым узроўні.
Дзе яшчэ пабывалі летам вытворцы камбікармоў? Нехта ажыццявіў экскурсію ў Чэхію ці на “Славянскі кірмаш”, іншыя пакаталіся на байдарках ці адпачылі ў лясных масівах.

Дзень ведаў у школе праваслаўя

Штомесяц праходзяць заняткі ў школе праваслаўя, што працуе пры Жабінкаўскай дзіцячай бібліятэцы, якую наведваюць звыш 30 дзетак з мамамі і татамі.
На вераснёўскае пасяджэнне традыцыйна быў запрошаны дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі айцец Сергій. Спачатку адбылося ўшаноўванне імяніннікаў-матуляў Юліі Шосцік, Вольгі Каржук, Алены Шорах, потым перайшлі да размовы пра гісторыю і дзейнасць Свята-Пакроўскага храма. Вядома, было шмат пытанняў да госця сустрэчы айца Сергія, у прыватнасці, як рыхтавацца да прычасця, пра ранішнія і вячэрнія малітвы, як часта можна прычашчаць маленькіх дзетак, іншыя.
Вернікі, якія ажыццявілі вандроўку ў Масква-Дзівеева да Свята-Троіцкага Серафіма-Дзівееўскага жаночага манастыра на святы прападобнага Серафіма Сароўскага, падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Вялікае кола сяброў

Сёлета — 20 гадоў трывалым сувязям дабрачыннага фонду “Дапаможам ім жыць” (г.Мілан) і ДУА “Жабінкаўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат”. За гэты час з дапамогай міланцаў сотні дзяцей з Жабінкі аздаравіліся ў Італіі. За апошнія сем гадоў сяброў у школы-інтэрната значна пашырылася. Сваю дапамогу вучням з парушэннямі зроку неаднаразова прапаноўвалі прафсаюзныя арганізацыі раёна і вобласці: працаўнікоў будаўніцтва і вытворчасці будматэрыялаў, Беларускай чыгункі, мясцовай і камунальна-бытавой прамысловасці. Надзейныя спонсары школы ўпраўленне КДБ у Брэсцкай вобласці, ГА “БелТІЗ”, акцыянерныя таварыствы “Брэстпраект”, “Бярозабудматэрыялы”, фірма “Лінгмэбля” (г.Брэст), НВА “Завод парашковай металургіі” (г.Маладзечна), НДІ “Парашковая металургія” (г.Мінск).
Напярэдадні новага навучальнага года з добрай ініцыятывай выступіў таксама Жабінкаўскі раённы аддзел Следчага камітэта (начальнік А.Ц.Дзягель). Супрацоўнікі камітэта ахвяравалі на спецрахунак грошы, якія выкарыстаны на закупку новых стэндаў для школьнага вучэбнага корпуса.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top