Цукрыстасць сыравіны вышэй чым летась

Цукрыстасць сыравіны вышэй чым летась

IMG_4229

Чарговы бураковы сезон цукраварэння на галаўным прадпрыемстве Жабінкаўшчыны, у якога сёлета “залаты” юбілей з дня пуску, пачаўся 3 верасня. Тыднем раней першыя тоны салодкай сыравіны паступілі з Пружанскага раёна.
Аб тым, як падрыхтавана буракапрыёмная гаспадарка завода да нарыхтоўкі сыравіны ўраджаю-2013-га, аб асаблівасцях, з якімі сутыкнуліся нарыхтоўшчыкі, расказаў нашаму карэспандэнту намеснік генеральнага дырэктара па сыравіне ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Андрэй Яўгенавіч Яраш.
— Вядома, што перад намі стаіць задача — наза-
пасіць цукровых буракоў як мага больш, не дапусціць страт пры іх захаванні, дабіцца максімальнага выхаду белага цукру з сыравіны. Каб не ўзнікла праблем у сезон нарыхтоўкі, загадзя да яго рыхтуемся.
У нас сем буракапрыёмных пунктаў на перыферыі і адзін цэнтральны непасрэдна на заводзе. Мадэрнізаваць іх усе адразу немагчыма, таму што патрэбны вялікія фінансавыя выдаткі, таму ажыццяўляем гэта паводле графіка. Летась, напрыклад, абнавіўся Бярозаўскі, а ў гэтым го-дзе Пінскі і Высокаўскі. Тут правялі мадэрнізацыю і абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. У прыватнасці, закупілі два новыя буртаўкладачныя комплексы ўкраінскай вытворчасці, механічныя вагі замянілі на электронныя. Паўсюдна адбыўся рамонт разгрузачна-пагрузачнай тэхнікі і ямачнага кагатнага пакрыцця. Словам, усё зрабілі для таго, каб не дапусціць аварыйнасці, не ствараць нязручнасцяў для пастаўшчыкоў салодкіх карэнняў, закласці ў кагаты максімальную колькасць іх і высокай якасці.
Завозяць іх нам як з Брэсцкай, так і Гродзенскай абласцей. Сыравіны, вырашчанай буракаводамі-берасцейцамі не хапае для эфектыўнай працы завода на ўвесь сезон, таму вымушаны закупляць яе ў чатырох раёнах Гродзеншчыны. Дарэчы, якасць яе адсюль лепшая ў параўнанні з той, што нарыхтоўваецца ў нашым рэгіёне, дзе многа палёў, непрыгодных для вырошчвання салодкага кораня. Гэта найперш Пінскі, Іванаўскі, Драгічынскі раёны, якія размешчаны ў зоне палескай нізіны. Увесь перыяд росту буракі знаходзяцца ў пераўвільготненай глебе з-за ападкаў ці з-за блізкага залягання грунтовых вод. Такія караняплоды трэба ў першую чаргу перапрацоўваць, каб не панесці страты. Вядома, мы так і робім, стараемся, каб перыяд лёжкі іх у буртах быў мінімальным.

IMG_4234На сённяшні дзень сыравіна паступае ўжо з Пінскага і Столінскага, Іванаўскага і Драгічынскага, Бяро-заўскага і Баранавіцкага, Ляхавіцкага і Кобрынскага, Пружанскага і Брэсцкага раёнаў, Іўеўскага і Лідскага, што на Гродзеншчыне. Астатнія падключацца пазней, тым болей што назапашванне цукру ў караняплодах адбываецца да кастрычніка. Паводле пастановы Савета Міністраў Беларусі, дзе гаворыцца аб даплаце за здачу буракоў у раннія тэрміны, у верасні, недабор цукру ў сыравіне гаспадаркам будзе кампенсаваны. Летась гэтая даплата была 15 працэнтаў. Заўважу, што канчатковы разлік ажыццяўляецца за яе заліковую вагу ў пераразліку на базісную цукрыстасць, якая ўстаноўлена ў памеры 16 працэнтаў.
У першы тыдзень верасня цукрыстасць сыравіны, якая паступае з Брэсцкай вобласці, складае 15,58%, што вышэй на 1,5% у параўнанні з мінулагоднім сезонам. Камянецкія буракаводы прадаюць яе з 16,11% цукрыстасці, кобрынскія — з 16,02 %. З нашага раёна пакуль што карэнні завозяць СВК “Шпіталі” і фермерская гаспадарка “Бярозка” з утрыманнем цукру ў іх 15,72%. Гэты паказчык напрамую залежыць ад захавання агратэхнікі вырошчвання культуры, ад якаснага пасяўнога матэрыялу. Пры закупцы яго супрацоўнічаем з пяццю-шасцю фірмамі, 99 працэнтаў насення замежнай селекцыі. Найперш, канечне, высвятляем яго на прыгоднасць вырошчвання ў нашай зоне. З насення павінны вырастаць салодкія карэнні, багатыя на цукар і быць устойлівымі да хвароб і шкоднікаў, паражэння гніллю пад час захоўвання. Такія параметры імкнемся не парушаць з году ў год, што станоўча ўплывае на рытмічнасць і эфектыўнасць работы прадпрыемства.
Спынюся яшчэ на адной асаблівасці сёлетняга сезона. Адсутнасць ападкаў у ліпені прывяла да таго, што пацярпелі пасевы цукровых буракоў — бацвінне засохла, а жнівеньскія дажджы выклікалі “абмалоджванне” каранёў. На рост лісткоў траціцца цукар, што назапашаны ў карэннях. Першачарговая задача буракаводаў — выкапаць караняплоды на такіх участках.
Сёлета не назіраецца паражэння раслін хваробамі і шкоднікамі.
Мы яшчэ вітаем захоўванне буракоў на палях гаспадарак у восеньскія месяцы з далейшай дастаўкай іх у снежні. За такі падыход таксама прадугледжана даплата. У мінулым сезоне яна была на ўзроўні 15 працэнтаў.
Папярэдні аналіз цукровых палёў, першыя дні нарыхтоўкі сыравіны, калі копка ў асноўным вядзецца на пашкоджаных засухай палях, не дае поўнай аб’ектыўнаці. Больш канкрэтная інфармацыя бу-дзе тады, калі гаспадаркі прыступяць да ўборкі асноўных плошчаў.
Пакуль чакаецца, што будзе нарыхтавана салодкай сыравіны менш чым летась. Сёлета паводле дзяржзаказу аб’ёмы паставак яе даведзены на ўзроўні 939 тысяч тон: 789 тысяч з Брэсцкай і 150 тысяч тон з Гродзенскай абласцей. Праўда, у рэгіёнах плануюць накапаць больш караняплодаў: берасцейцы на 105 тысяч, а гродзенцы на 150 тысяч тон. Мы пастараемся аб’ём нарыхтовак салодкай сыравіны давесці прыкладна да 1 мільёна 212 тысяч тон. Гэта паспрыяе эфектыўнай рабоце прадпрыемства і дазволіць выпрацаваць больш бураковага цукру-пяску.
Запісала
Людміла КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top