Свята трох пяцёрак

Свята трох пяцёрак

IMG_9720Нягледзячы на тое, што паміж Жабінкай і Лунінцам звыш дзвюх соцень кіламетраў, але людскія жыццёвыя лёсы настолькі перапляліся, што дарога даўно ўжо не здаецца далёкай. Вось і на святкаванне 555-годдзя з дня першага ўпамінання ў дакументах вёскі Бастынь Лунінецкага раёна былі запрошаны госці з Жабінкаўшчыны.
Калісьці паводле размеркавання я прыехаў у гэтую вялікую палескую вёску працаваць настаўнікам. Тут для мяне пачыналася ўсё: работа ў школе, каханне і жаніцьба, нараджэнне сына-першынца, адсюль пасылаў у Мінск свае творы для дзяцей, якія ў хуткім часе склалі першую кніжку “Вавёрчына дзякуй”.
Зараз мы ехалі на свята ў Бастынь разам з вядомым гуртам “Хмелеўскія валацугі”. У іх сваё раство з гэтай вёскай: кіраўнік калектыву Наталля Аляксееўна Дырман стала жонкай бастынца Аляксандра, які прыехаў у Хмелева і застаўся жыць ды працаваць на нашай зямлі. Таму не дзіўна, што “валацуг” таксама запрасілі прыняць удзел ва ўрачыстасцях.
Даўно ўжо напісаны сцэнарыі святаў вёсак, але ў кожным выпадку стваральнікі ўносяць свае карэктывы. Тут варта сказаць добрае слова ў адрас мясцовай журналісткі Таццяны Васільеўны Канапацкай — рэжысёра-пастаноўшчыка свята. Праўда, некаторыя атрыбуты падобных сцэнарыяў аўтар захавала.
Камісія прайшлася па вуліцах, вызначаючы, чый падворак лепшы, і ўручыла падарунак сям’і Драздовых. Наведалі гаспадароў, якія рыхтавалі святочныя сталы, і знайшлі не адну, а шэсць выдатных гаспадынь. Павіншавалі “старэйшыну” вёскі Веру Гаўрылаўну Буська, якая адзначыла свой 91-ы год, і самую юную Ганначку Канавальчук, а Марыю і Міхаіла Каховічаў — з залатым вяселлем. Атрымалі падарункі і лепшыя працаўнікі, сённяшнія і тыя, хто ўжо на заслужаным адпачынку.
Рыхтуючыся да свята, бастынцы на скрыжаванні вёскі ўстанавілі помнік, на якім высечаны імёны тых, хто не вярнуўся з вайны. Запрашалі ветэранаў і ўдоў-салдатак на свята, аднак змог прыйсці ў клуб толькі Павел Пятровіч Бунас. Астатнія свае дарункі атрымалі дома.
Быў праведзены першы бастынскі фестываль “Галасісты кабан узляцеў на плот”. Кабаном у Бастыні старыя людзі называюць… пеўня. Менавіта на афіцыйным гербе паселішча змешчана выява пеўня.
У “пеўневых баях”, якія разгарнуліся на клубнай сцэне, удзельнічалі тры каманды: “Лабчанка” з блізкай вёскі Лобча Лунінецкага раёна (кіраўнік Настасся Якавец), вучні Бастынскай сярэдняй школы “Госці з-за мяжы” і нашы “Хмелеўскія валацугі”. Вяскоўцы назіралі за спаборніцтвам розных гуртоў. Кожны быў па-свойму цікавы. Падарункі ад бастынцаў і прыз глядацкіх сімпатый дастаўся “Хмелеўскім валацугам”.
Ад нашай сям’і выступаў сын Анатоль — ураджэнец вёскі Бастынь. Ён падзякаваў бастынцам за тое, што ў любы час можна прыехаць сюды і адчуць, што ты дома. Анатоль падараваў нядаўна выдадзную кнігу “Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля” гурту “Госці з-за мяжы”, мясцовай бібліятэцы і старшыні сельвыканкама Фёдару Міхайлавічу Рашэцкаму.
З Брэста на ўрачыстасці прыехалі ўраджэнкі старажытнай вёскі — былая піянерважатая Бастынскай школы Людміла Слуцкая і колішняя вучаніца Ніна Бунас, якая ў замужжы носіць прозвішча Чопчыц. Ніна Паўлаўна даўно займаецца пытаннямі курортнага і санаторнага лячэння людзей і прыехала на свята з падарункамі. Напрыклад, старшыні Бастынскага сельвыканкама паднесла ягоны партрэт… у каралеўскім адзенні: маўляў, ён сапраўдны кароль Бастыня!
Колішняя наша калега-пенсіянерка Ніна Васільеўна Буська сказала пра Фёдара Міхайлавіча:
— У нашай вёсцы парадак, бо гаспадар на месцы. У яго да ўсяго справа ёсць, умее арганізаваць людзей, зрабіць для іх свята…
Сапраўды, старшыня жыве не толькі сённяшнім днём, а і тым, каб бастынцы не забываліся пра сваіх продкаў, пра сваю гісторыю. Дзесяць гадоў назад адзначылі 545-годдзе вёскі, пасля — 550 і гэтак далей…
У Фёдара Міхайлавіча — нямала аднадумцаў-памочнікаў: і землякі контр-адмірал расійскага флоту Качановіч ды генерал Дырман, і журналістка Канапацкая… І ў святкаванні 555-х угодкаў Бастыня браў удзел генерал Іван Васільевіч Дырман, колішні намеснік Міністра абароны Рэспублікі Беларусь па ўзбраенні, а сёння — старшыня рэспубліканскага Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту.
У бліжэйшых планах старшыні сельвыканкама напісанне гісторыі вёскі Бастынь, а можа, і стварэнне музея старажытнага паселішча. Ведаючы ягоную захопленасць справай, любоў да людзей і працаздольнасць, верыцца, што і гэтая задумка павінна быць ажыццёўлена.
Расціслаў БЕНЗЯРУК.
На здымку: хмелеўскія артысткі пад кіраўніцтвам Наталлі Дырман сустрэліся з генералам Іванам Дырманам.
Фота Анатоля БЕНЗЕРУКА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top