450 гадоў Брэсцкай Бібліі

450 гадоў Брэсцкай Бібліі

 

«Зроблена ў Берасці…»

51a5b687-d2cf-3f7f-d2cf-3f700140a744.photo.0

Берасцейцам ёсць чым ганарыцца перад усім светам. Многае тут пачыналася раней, чым у іншых беларускіх землях. Менавіта ў Брэсце ўзніклі першыя манетны двор, мытня і друкарня, а ў апошняй — унікальны помнік культуры — Брэсцкая Біблія,  у якой ёсць наступныя радкі: “Зроблена ў Берасці 1563 года, месяца верасня чацвёртага дня…”.
Мне пашчасціла апынуцца ў горадзе над Бугам у коле вучоных з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, Латвіі і Літвы. Яны ўдзельнічалі ў міжнародным “круглым стале”, прымеркаваным да 450-годдзя выдання кнігі, “Брэсцкая Біблія — унікальны помнік культуры ХVІ стагоддзя”.
Арганізатарамі навуковай сустрэчы выступілі Брэсцкая абласная бібліятэка імя М.Горкага і ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама.
Брэсцкая (Радзівілаўская) Біблія (поўная яе назва — “Бiблiя святая, гэта значыць Кнiга Старога i Новага запаветаў з яўрэйскай, грэчаскай i лацiнскай нанава на польскую мову са стараннасцю i дакладна перакладзеная”) пабачыла свет 4 верасня 1563 года у знакамітай друкарні, заснаванай князем Мікалаем Радзівілам Чорным.
Знешне старажытны літаратурны помнік уяўляе сабой вялікі фаліянт у 738 старонак, апраўлены ў скураную вокладку, з густам аздоблены малюнкамі і графікай. Тэкст надрукаваны гатычным шрыфтам у дзве калонкi па 58 радкоў у кожнай. На палях амаль кожнага аркуша — каментарыi да тэксту. Упершыню ў гiсторыi айчыннага кнiгадрука-вання ў Бібліі змешчаны прадметны паказальнiк.
Цікавасць выклікае і асоба “бацькі” выдання — берасцейскага старасты Мікалая Радзівіла Чорнага, аднаго з самых уплывовых магнатаў ВКЛ, дзяржаўнага і ваеннага дзеяча, актыўнага прыхільніка Рэфармацыі і мецэната. Ён прафінансаваў ёмістае выданне. Дзеля таго стварыў друкарню, дзе была надрукавана — і гэта таксама ўнікальны выпадак! — пратэстанцкая рэлігійная кніга на польскай мове ў… праваслаўнай культурнай традыцыі.
Лёс Брэсцкай Бібліі, на жаль, склаўся трагічна: значная частка накладу была знішчана, таму асобнікаў яе захавалася адзінкі, і тыя за межамі Радзімы. У Беларусі маецца толькі адна (да таго ж — няпоўная) Брэсцкая Біблія. Яна знаходзіцца ў Мінску, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы iмя Я.Коласа. Супрацоўнікі яе выступілі ініцыятарамі праекта стварэння поўнатэкставай электроннай версіі рэдкага старадруку.
Вынікам з’явілася электроннае выданне (DVD-ROM), якое змяшчае поўную алічбаваную копію Бібліі, навуковыя артыкулы пра гісторыю яе стварэння, а таксама мультымедыйную прэзентацыю. Кожны, хто жадае, можа пазнаёміцца з віртуальнай выставай “Брэсцкая Біблія” ў раздзеле сайта ЦНБ імя Я.Коласа “Виртуальные выставки” (http://csl.bas-net.by).
Загадчык аддзела рэдкай кнігі і рукапісаў гэтай культурнай установы Аляксандр Сцефановіч за “круглым сталом” упершыню прэзентаваў электронны варыянт “Брэсцкай Бібліі”.
Вядомы берасцейскі майстар-эмальер Мікалай Кузьміч вырабіў паўсотню памятных бронзавых медалёў у гонар 450-годдзя ўнікальнага выдання.
Больш падрабязна даведацца аб правядзенні “круглага стала” і пашырыць свае веды непасрэдна пра Брэсцкую Біблію можна на афіцыйным сайце Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М.Горкага ў раздзеле “События” (http://www.brl.by).
Ірына ГАНЧАР, дырэктар Жабінкаўскай ЦБС.
На здымку: унікальная “Брэсцкая Біблія” святкуе 450-годдзе
з дня выхаду ў свет.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top