На Дняпры, у Быхаве

На Дняпры, у Быхаве

IMG_0742У той дзень многае было першым: 1 верасня, першая нядзеля восені, першы званок… Было толькі адно выключэнне — Беларусь адзначала Дзень беларускага пісьменства ў дваццаты раз, але ж, паверце, так гожа, быццам упершыню!
СВЯТА ПІСЬМЕНСТВА цудоўнай паводкай разлілося па правым беразе летапіснага Дняпра Славуціча. Сталіцай стаў Быхаў — горад старажытны, да гэтага дня памаладзелы. Гасцінныя быхаўцы прымалі гасцей з усіх абласцей, блізкага і далёкага замежжа. Віталі тых, хто мае густ, каб ствараць Кнігі і насіць шаноўны “тытул” Найлепшага Чытача.
Хоць асноўныя мерапрыемствы ХХ Дня беларускага пісьменства былі прымеркаваны да 1 верасня, аднак, паводле даўняй традыцыі, свята пачыналася загадзя, калі з Мінска ў Быхаў выправілася навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Дабрадатным Агнём ад гроба Гасподняга ў Іерусаліме. Сёлетняе паломніцтва было асвечана выдатнай датай — 1025-й гадавінай хрышчэння Русі.
Паколькі сёння супалі Дні пісьменства і ведаў, натуральна ў праграму мерапрыемстваў уплялася лінейка для школьнікаў. Першакласнікі заўжды будуць памятаць, што ўпершыню пачулі школьны званок у дзень, калі родны горад быў сталіцай свята.
У адноўленым раённым цэнтры культуры ладзіўся “круглы стол” “Сугучча: мова і культура ў кантэксце гісторыка-культурнай спадчыны” з удзелам айчынных і замежных пісьменнікаў. Была і навукова-практычная канферэнцыя “Быхаўскія чытанні” з прэзентацыяй найноўшага выдання знакамітага “Баркалабаўскага летапісу”. А на цэнтральнай Кастрычніцкай плошчы адкрылася скульптурная кампазіцыя, прысвечаная гэтаму помніку старажытнабеларускай літаратуры. У метале паўсталі разгорнутая кніга, упрыгожаная старажытнымі пісьменамі, і духоўная святыня Быхаўшчыны — абраз Баркалабаўскай Божай Маці.
АФІЦЫЙНАЯ ЧАСТКА СВЯТА, што ўключала цырымонію ўганаравання майстроў слова — пераможцаў Рэспублікан-скага конкурсу на лепшыя літаратурныя творы, распачалася апоўдні на галоўнай пляцоўцы. На сцэне павольна разгортвалася тэатралізавана-харэаграфічная дзея. Ішоў расказ пра гісторыю айчыннага пісьменства — ад часоў сівых, летапісных да сённяшніх дзён, афарбаваных у колеры свята.
Адкрыў святкаванні віцэ-прэм’ер А.А.Тозік, які падкрэсліў, наколькі важным з’яўляецца месца ведаў і пісьменства ў нашым жыцці. У Год кнігі, якім Беларусь жыла летась, у параўнанні з мінулым падвоіліся колькасць кніг і іх тыражы, узрос аўтарытэт друкаваных СМІ (усяго выдадзена 11 тысяч найменняў кніг агульным тыражом у 33 мільёны асобнікаў, у Беларусі зараз выходзяць 1530 часопісаў і газет, што ахопліваюць усе сферы жыцця краіны).
Прагучалі прывітанні, дасланыя на ўрачыстасць ад імя Прэзідэнта краіны А.Р.Лукашэнкі і мітрапаліта Філарэта.
У час ўганаравання пераможцаў конкурсу “Лепшы твор 2012 года” прадстаўнікі берасцейскай дэлегацыі радаваліся поспеху пінчука Анатоля Шушко, які атрымаў дыплом ІІ ступені за кнігу паэзіі “Шаны”.
БЫХАЎ НА ДЗЕНЬ стаў горадам шматколерным, фестывальным, напоўненым народным каларытам, упрыгожаным вырабамі ўмельцаў і самабытных майстроў.
Побач з галоўнай пляцоўкай разгарнуўся Фестываль кнігі і прэсы, дзе знайшлося месца найлепшым выдавецкім праектам і багатым россыпам айчыннай прэсы. А побач — Фестываль гарадоў-сталіц Дзён беларускага пісьменства. Гасцям былі прапанаваны і іншыя фестывальныя праекты, на якія багаты магілёўскі край. Вельмі многія спяшаліся ў Быхаўскі замак, на рыцарскі турнір і спектакль “З крыніц гістарычнай спадчыны”… Адным словам — усяго і не пералічыш, што было ў той дзень ад золку да святочнага салюту.
Галоўнае, што з кожным застанецца, — настрой і ўражанні. Яны — самыя цёплыя і хвалюючыя. Найперш ад таго, што на вуліцах, у крамах, вядома ж, на сцэне… гучала беларускае слова. Лавіў сябе на думцы: гукі роднай мовы жывуць у Прыдняпроўі не штучна, а спрадвеку падпітваюцца народнымі крыніцамі. Жывая мова дае надзею, што мы ніколі не будзем замежнікі на роднай зямлі…
Лічу штогадовы Дзень беларускага пісьменства асаблівым, бо ён спрыяе захаванню духоўнай спадчыны, узбагачае нацыянальную культуру, беражліва ставіцца да роднай мовы. А над гэтым, паверце, беларусам яшчэ доўга “працаваць”. І адным днём, хай нават самым святочным, тэму духоўнага адраджэння не вычарпаць. Тут павінен быць клопат штодзённы, скіраваны на падтрымку ўсяго свайго, а значыцца — самага найлепшага і дарагога.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top