Мадонны Геннадия Клыпы

Мадонны Геннадия Клыпы

Мадонны Генадзя Клыпы
Нарыс
Герой майго нарыса знайшоўся сам. Спачатку — тэлефонным званком у рэдакцыю: “Турбуе вас Клыпа Генадзь Мікалаевіч. Прозвішча пра што-небудзь кажа вам? Так, я родны пляменнік Пеці Клыпы, а самае важнае зараз, што я сведка адной з трагедый мінулай вайны на Жабінкаўшчыне…” Зацікавілі, усхвалявалі абедзве акалічнасці: пляменнік славутага гаўроша Брэсцкай крэпасці і чалавек, ваенным дзіцячым лёсам звязаны з нашай зямлёй. Нельга было не спаткацца з ім. Не праехацца разам па родных для яго мясцінах. Не напісаць гэты нарыс.
1
Ішоў 1942 год. Насупраць царквы ў Сцяпанках, па другі бок вуліцы на лаўцы зноў і зноў паяўляўся пяці-шасцігадовы хлапчук і сумна-трывожна ўзіраўся ў вяскоўцаў. Надзея ў ягоных вачанятах то патухала, то загаралася зноў, асабліва тады, як у той ці іншай жанчыне мроілася яму матчына постаць. Ён ужо некалькі дзён чакаў маму, што пакінула яго каля царквы, дзе звычайна было людна, а сама падалася ў Брэст. Да вайны там была іхняя, афіцэрскай сям’і, кватэра, там вясёлкава іскрылася ягонае бесклапотнае маленства. Апынуцца б у родным доме хоць на часіну, пабыць з усімі разам!..
“Сынок, я да вечара ўпраўлюся, трэба ж цяплейшая вопратка, ежа трэба. Ты тут пабудзь, далёка не хадзі, дачакайся”, — не выдаючы слёз настаўляла яго маці. І вось Генік знемагаў у чаканні дзень, другі, трэці… Нанач яго іншы раз літасціва пускаў у хату гаспадар лаўкі, падкормліваў, а раніцаю зноў выпраўляў на вуліцу. Гена цьмяна здагадваўся, што дзядзька пабойваецца яго. Толькі на зыходзе трэцяга дня ён паслаў свайго сына па малога бяздомніка. Завялі яго ў хату з завязанымі вачыма, і гэта было так нязвыкла, няёмка. З палёгкаю ўздыхнуў, калі знялі хустачку-павязку. Прагна глытаў хлеб, вараную бульбу, кіслае малако. Упершыню паеў як след. А ледзь развіднела — дзякуй і бывайце.
Страх жыў і ў ягонай дзіцячай душы. Не толькі ад адзіноты. Не-не, ды і ажывалі ў параненай памяці крык, галашэнне жанчын, нямецкая лаянка, стрэлы… Так нядаўна тое было. Яны з маці тады ўратаваліся, а куды цяпер? Падмывала і зараз куды-небудзь схавацца, але ж — мама. Яна прыйдзе, а яго няма. І ён заставаўся на той жа вуліцы, на той жа лаўцы каля плоту, спадзеючыся на асцярожнага гаспадара (Прывецень, здаецца, яго прозвішча), на іншых вяскоўцаў, а больш за ўсё на вяртанне маці, якая ўсё-такі прыйдзе, не можа не прыйсці.
2
Полк, у якім служыў кадравы афіцэр Мікалай Сяргеевіч Клыпа, у 1939 годзе быў пераведзены з-пад Полацка ў Брэсцкую крэпасць. Сям’я жыла ў адным з дамоў камсаставу. Штораніцы бацька выпраўляўся на інтэнданцкую службу — кіраваў палкавым аркестрам, у якім іграў на трубе на дзевяць гадоў малодшы яго брат Пётр, выхаванец музычнага ўзвода (перад самай вайной яму споўнілася 16). Маці Ганна Антонаўна часта была занятая працаю ў гарадскім кааператыўным гандлі, і Гену давалася поўная, лічы, воля, балазе зусім не строгі быў ягоны “апякун”, бацькаў ардынарац дзядзька Міша, будучы абаронца крэпасці Міхаіл Ігнацюк. Дый сяброў-аднагодкаў хапала, з кім можна было пабегаць і ў двары, і на тэрыторыі крэпасці, паашывацца нават сярод вайскоўцаў, паслухаць той жа духавы аркестр.
Страшэннай стыхіяй грымнула, раскалола мірнае жыццё вайна. Як прыродную стыхію акурат успрыняў грукатанне бацька, прабуджаны тым памятным чэрвеньскім досвіткам 1941-га. Страсянуўся дом; дзіцячы ложак, дзе спаў сын, праехаўся з канца ў канец па пакоі, ад чаго прахапіўся і малы. Бухала моцна. Аднак выбухаў з акна не відно было, дык бацька падумаў уголас: “Што, землятрус?!” Спехам збіраліся. Бацька прыхапіў (вось інстынкт музыканта!) свой акардэон, маці сяк-так сабрала плеценую кашолку, з якою звычайна хадзіла ў краму, і гэта ўсё, што ўзяла з сабой сям’я, бегучы ў падвал дома. Толькі тут убачылі, як фугасам разнесла на друз нейкі склад у двары, як пачалі рвацца снарады. “Колечка, гэта ж вайна!” — усклікнула Ганна Антонаўна. Муж спрабаваў аспрэчыць, — маўляў, у нас мірны дагавор з Германіяй, — аднак гэта была суровая, жорсткая праўда: вайна.
Са свайго часовага сховішча сям’я старшага лейтэнанта Клыпы рушыла па Каштанавай (пасля вайны яна стане вуліцай Герояў абароны Брэсцкай крэпасці) у напрамку штаба дывізіі, які знаходзіўся на Леванеўскага. Трэба было высветліць, што рабіць далей. Бацька павагаўся і вырашыў вярнуцца ў крэпасць. Там яго таварышы, там недзе брат Пеця, які начаваў у казарме. Каля гарадскога парку ён развітаўся, пабег назад, а яны засталіся ўдваіх: Ганна Антонаўна і ён, пяцігадовы Гена. Гэтак жа стаялі перад невядомасцю іншыя афіцэрскія жонкі з дзецьмі. Яны здагадваліся, але яшчэ да канца не ўсведамлялі, што расстанне задоўжыцца на гады, а для некаторых сальецца з вечнасцю.
Генадзя з маці чакаў яшчэ адзін падвал — у будынку штаба дывізіі. Штаб рыхтаваўся да эвакуацыі, апошнія дакументы ўжо клаліся ў крытыя грузавікі. Гену запала ў памяць, як шмат і ў якім беспарадку ляжала ў падвале пісталетаў, аўтаматаў з дыскамі ды іншай зброі. Людзі спадзяваліся, што вайскоўцы прыйдуць па гэты арсенал і разам з ім забяруць іх, вывезуць у тыл. Марнае чаканне цягнулася ўсю ноч, а ўранку сюды спусціліся нямецкія аўтаматчыкі: вэк, на выхад! Уцекачоў завялі ў гарадскую турму на Маскоўскай і пратрымалі каля тыдня. Ніхто са знаёмых, на шчасце, не выдаў, што Ганна Клыпа — жонка савецкага афіцэра, а хлапчук — іхні сын. Абышлося і там, у своеасаблівай рэзервацыі на вуліцы Кірава, дзе немцы з месяц марылі іх у зборышчы ўсялякіх бежанцаў і бяздомнікаў, тутэйшых і не. Нарэшце адпусцілі на ўсе чатыры бакі, у няўтульны па-ранейшаму белы свет.
3
Чым хутчэй з горада, няма чаго выпрабоўваць лёс! Пакуль што, дзякуй Богу, небяспеку пранесла, але дзе зарука, што нехта не пакажа на іх, не схоча задобрыцца перад новаю ўладаю? Выбар заставаўся адзін: падацца на ўсход або на поўдзень, пашукаць прытулку ў вёсках. І пачаліся для хлапчука і маладой маці блуканні, поўныя надзей і трывог, расчараванняў і трагедый.
Першае часовае прыстанішча знайшлі ў вёсачцы Сакі. Сям’я Цютчыкаў была не малая — гаспадар, гаспадыня, трое дзяцей, і ўсё ж не адмовіла ў прытулку, дала перазімаваць. Ды ўвесну гаспадары вінавата сказалі: “Анечка, табе трэба пакінуць нас, чуткі дайшлі, што з вамі небяспечна…”
Якія толькі вёскі Жабінкаўшчыны не стаялі на далейшым шляху! Дзе начавалі пад адкрытым небам, дзе ў хатах. Рады былі кавалку хлеба, бульбе, якія Ганна Антонаўна старалася адрабляць. Асталяваліся на пастаянна, так здавалася ім, у Гарэлках.
Восень 1942-га была жудаснай. Ужо 11 верасня фашысты спалілі Драмлёва разам з жыхарамі, пра што не маглі не чуць у навакольных вёсках. А крыху пазней выйшаў загад жабінкаўскай камендатуры сабраць у мястэчку “ўсходнікаў”, папросту бежанцаў, кім былі пераважна жонкі савецкіх афіцэраў з дзецьмі. “Збірайся, Ганна, — зайшоў у хату гарэлкаўскі солтыс. — Мушу завезці вас у Жабінку, такі загад. Дзеля рэгістрацыі, ці што”. Ганна Антонаўна пачала прасіцца, па дарозе нават спрабавала ўцячы, аднак ён быў няўмольны. Павінаваціўся: “Не магу, дома, ты ж ведаеш, у мяне куча дзяцей. Што з імі будзе, калі не падпарадкуюся?” Што чакала саму Ганну Клыпа з сынам ды такіх жа, як яны, магчыма, ён дакладна не ведаў. Пасадзіў на падводу і павёз.
На ўскрайку мястэчка, у беразняку непадалёку ад рачулкі дзеялася стоўпатварэнне. Ужо былі сабраны ахвяры блізкай расправы, гатовая была вялізная яма, у канцы яе пачвараю застыў землярыйны агрэгат. Чуліся вокрыкі эсэсаўцаў з аўтаматамі, паліцаяў. Народу было процьма, некаторыя стаялі на брустверы. Апрача “ўсходнікаў”, сагналі сюды жыхароў Жабінкі і многіх вёсак — сведкаў страшэннага, але, на думку заваёўнікаў, справядлівага відовішча. Застрашыць насельніцтва, прымусіць яго скарыцца акупацыйнаму рэжыму было таксама не “лішне”.
І разыгралася крывавая драма. Першаю загінула дзяўчынка, якую маці-“ўсходніца” кінула ў натоўп на рукі жанчынам. Немцы спачатку не адрэагавалі на яе ўчынак, але прыгожае кучаравенькае дзяўчо нема крычала, білася з усіх сіл, як злоўлены звярок, і рвалася з рук незнаёмых цётак: да мамы хачу, да мамы! Адзін з эсэсаўцаў не вытрываў, схапіў дзіця за ножку і стукнуў галавой аб рог кузава грузавіка, шпурнуў цельца ў яму. Туды ж  спіхнулі і непрытомную маці…
Гэта была прэлюдыя, сігнал да агульнай расправы. Да смерці напалоханых, бездапаможных жанчын і дзяцей карнікі саштурхоўвалі ў выкапаную загадзя магілу, страляючы зрэдку. Адтуль чуліся крыкі і стогны. Галашэнне стаяла паўсюль.
Адлегласці паміж натоўпамі ахвяраў і сведак амаль не было. Ганна і Генік Клыпы апынуліся ў гэтым людскім гармідары сярод апошніх. Тым і скарысталася мажэйкаўская сялянка Валерыя Дзенісюк. Яна прыкрыла хлопчыка падолам сваёй спадніцы, а ягоную маці ахінула дзяружкаю, нібыта якою апраткаю, прыціснула абаіх да сябе. Занятыя крывавай “работай” карнікі гэтага не заўважылі. Неўзабаве яны абрушылі смертаносны метал “шмайсераў” на людзей унізе, ператварылі іх у жудаснае месіва. І агрэгат-пачвара зраўняў братэрскую магілу з зямлёй, а цяжкія грузавікі ўтрамбавалі яе…
Тая трагедыя ў Жабінцы, паводле архіўных дакументаў, адбылася 27 верасня 1942 года ў гэты дзень загінула 380 чалавек. З дзесятак гадоў назад перад высокім, але сціплым абеліскам каля гарадскіх могілак на вуліцы Міру паўстала бронзавая фігура маці з дзіцем — мадонна. Гэта абагульнены вобраз, аднак Генадзю Мікалаевічу Клыпу нязменна здаецца, што ў скульптуры ўвасоблена менавіта яна, самая першая ахвяра. Прозвішча жанчыны — Мурына, пра што ён даведаўся значна пазней пасля трагедыі.
4
…Дні за днямі, ночы за ночамі цягнуліся ў Сцяпанках. Хлопчык па-ранейшаму быў адзін, нібы на гэтай вось лаўцы насупраць царквы яму наканавана было жыць вечна. Ажыўляўся і весялеў, калі на падводах і пешшу да царквы спяшаліся людзі, і тутэйшыя, і з суседніх вёсак. Асабліва радаваўся тым, хто прыбываў з хрэсьбінамі або вянчаннем. Святочнасцю напаўнялася тады і яго душа. Чыста ўбраныя, лагодныя хросныя бацькі або вясельнікі заўсёды мелі з сабою што-небудзь з яды, прычым смачнай, самай лепшай з такой нагоды. Яны ахвотна падавалі малому, балазе сцяпанкаўцы падказвалі ім, хто ён і куды падзелася ягоная маці.
Але дзе мама і што з ёю, не мог ведаць ніхто. Сам Генадзь пачуў пра гэта толькі ў 1945-м. З яе вуснаў. Здарылася ў фашысцкую акупацыю звычайнае: у Брэсце яе схапілі і памясцілі ў нерэжымны канцлагер — мыць бялізну. На цэлыя гады нават пасля ўцёкаў з лагера зацягнулася яе вяртанне.
Недасведчаны хлапчук між тым не-не ды і ўяўляў: а што, калі ў адзін з такіх жа святочных дзён сярод людзей, прывезеная ў возе ладным канём, апынецца шчаслівая мама? Або тая цётка, што нядаўна ўратавала іх ад лютых немцаў у мястэчку?.. Згадвалася часам і яна. Калі карнікі пагрузіліся ў машыны, добрая і адважная цётка сказала Геніку: “Ну вось, дзетка, што наказаў мне Гасподзь, тое я і зрабіла, жыві на здароўе”. А да маці: “Бяры, мілая, сыночка ды ідзіце сабе з Богам”. Мама ў слязах дзякавала ёй, а потым, калі засталіся адны, зажурылася. Зноў невядома, куды ісці. І хто дасць прытулак цяпер пасля ўсяго, што адбылося? Але раздумваць не было калі, заставацца ў Жабінцы было страшна. Дайшлі да Сцяпанак. Астатняе Гена перажыў адзін.
І вось — здарыўся цуд! У той, сёмы ці восьмы, дзень самоты да царквы пад’ехалі дзве фурманкі. З аднае з іх ступіла на зямлю да болю знаёмая кабета. Яна таксама пазнала яго, хоць спачатку паўзіралася. “Дывысь, дывысь, Цімоха, — здзіўлена звярнулася да свайго дарослага сына, — то ж той самы хлопчык!” Хтосьці з тутэйшых жанчын патлумачыў: дык ён, маўляў, ужо цэлы тыдзень жыве тут як непрыкаяны. “Цяпер з намі будзе”, — цвёрда сказала прыезджая. Забрала з сабою, па дарозе шчодра частавала караваем ды іншымі прысмакамі. Ратавала другі раз.
Так Гена Клыпа стаў жыць у Валерыі Іванаўны Дзенісюк у Мажэйках. Зрабіўся сялянскім хлопцам. Пасвіў кароў у гурце з аднагодкамі, палоў дома градкі, абіраў бульбу. Як мог дапамагаў гаспадыні, да глыбіні душы ўдзячны ёй. Не заўважыў, калі першы раз назваў яе мамаю. Дый Валерыя Іванаўна (Валерка — звалі яе ў ваколіцах) лічыла яго за сына. Год за годам мінаў, думалася, што ніколі не расстанецца з ім.
Было першае мірнае лета сорак пятага. Надвячоркам Гена прыгнаў дадому сваю рахманую кароўку. Яшчэ здалёку заўважыў: у двары стаіць, нецярпліва чакае жанчына ў вайсковай форме. “Мамо! Ма-мо!” — па-тутэйшаму выгукнуў хлопец і кінуўся ў абдымкі. Абдымае і сам яе, але адчувае, што абдымкі яго нейкія нясмелыя, сарамлівыя: адвык за тры гады, дый падарослеў. Толькі маці ўсё мацней прытуляе да сябе, плача і плача…
Ганна Антонаўна забрала сына не ў той раз. У Брэсце трэба было знайсці працу, хоць які пакойчык для жытла. Так што Гена жыў у Мажэйках яшчэ болей за год, да верасня 1946-га, да першай сваёй школьнай восені.
Развітанне цягнулася доўга. “О, каб можна было сабраць усе слёзы, што выплакалі тады абедзве жанчыны! — кажа сёння Генадзь Мікалаевіч Клыпа. Не ведаю, у якім сасудзе яны ўмясціліся б”. І ў яго самога, у чалавека, якому за 70, туманяцца цёплыя, ветлыя вочы. Здаецца, так і бачыш у іх жывыя вобразы дзвюх жанчын-маці — дзвюх ягоных незабыўных мадоннаў.
Штораз, калі прыязджае ў Жабінку, спяшаецца Генадзь Мікалаевіч і да яшчэ адной мадонны — той, што стаіць у бронзе над братэрскаю магілаю на вуліцы Міру.
А.КАСКО.
P.S. Разумею, што нарыс вымагае пасляслоўя. Пакуль што дадам: пасля вайны, хоць далёка не адразу, знайшліся і Генадзеў бацька (галава ўжо іншай сям’і), і дзядзька Пётр Клыпа, які вярнуўся з фашысцкага канцлагера (потым ён адбыў “сваё” і ў лагеры сталінісцкім). Цікавы таксама далейшы, пасляваенны лёс героя майго нарыса. Гаворку з ім рэдакцыя мяркуе надрукаваць неўзабаве.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top