Жабінкаўшчына літаратурная

Жабінкаўшчына літаратурная

Эмблема-Дня-письменности-копия3-300x300Сёлета  ён супадае з Днём ведаў. Упершыню традыцыя праводзіць свята беларускага пісьменства закладзена ў 1994 годзе ў старажытным Полацку. А гэта значыць, што сёлетнія мерапрыемствы — юбілейныя, дваццатыя. Сталіцай Дня беларускага пісьменства на гэты раз абраны горад Быхаў, размешчаны на велічным Дняпры, што злучае здавён славянскія краіны і народы. Ён будзе вітаць на свяце творцаў з усіх куткоў Беларусі і замежжа. Коратка прыгадаем нашы кніжныя справы, дасягненні паэтаў і празаікаў Жабінкаўшчыны.
* Найпершым нараджэнцам нашага краю, што не толькі прыхільна ставіўся да прыгожага пісьменства, але і спрабаваў свае сілы ў літаратуры, быў славуты генерал Тадэвуш Касцюшка. Яму належыць грамадска-філасофскі трактат “Ці могуць палякі прыйсці да незалежнасці?” (выдадзены ў Парыжы на польскай мове ў 1800 годзе).
* Упершыню стан кніжных спраў ў нашым краі трапіў у поле зроку прэсы, калі вёску Крупчыцы (цяпер Чыжэўшчына) наведаў рэвізор. Пра тое на  прыканцы 1907 года паведаміла газета “Наша Ніва” : “Рэвізія рабілася пасля даносаў людзей, якім не спадабалася праца дзеля прасвятлення народа. Чыноўнік, разгледзеўшы спісак кніжак, прызнаў, што творы Дастаеўскага, Талстога, Караленкі не павінны быць у бібліятэках для народа; загадчыкаў бібліятэкамі настрашыў, што іх пакараюць за тыя кнігі”.
* Сёлета 25 ліпеня споўнілася 110 гадоў з дня смерці вядомага этнографа, гісторыка, нараджэнца вёскі Азяты Ю.Ф.Крачкоўскага (1840-1903). Юльян Фаміч памёр раптоўна ад паралічу сэрца ў дзень свайго нараджэння. Аднак навуковец паспеў стварыць нямала фундаментальных даследаванняў. Між іншымі — “Гістарычны нарыс стану праваслаўнай царквы ў Літоўскай епархіі за час з 1869 па 1889 гг.” і “Старая Вільня да канца ХVІІ стагоддзя”.
* У 1950-ыя гады Жабінкаўшчыну не аднойчы наведвалі народныя пісьменнікі і паэты Беларусі Максім Танк, Пімен Панчанка, Іван Мележ. Прычым апошняга сюды цягнулі не толькі творчыя сустрэчы ці дэпутацкія справы, але й тое, што ў Жабінцы працавала культработнікам яго сястра Лілія.
* Першай жабінкаўскай вёскай, якая трапіла на старонкі мастацкага твора, сталі Мышчыцы. У 1985 годзе ў свет выйшла аповесць Івана Аношкіна “Чырвоная каліна стаяла…”. Галоўны герой — малады журналіст прыязджае на працу ў Мышчыцы. Гэтая акалічнасць цалкам адпавядала біяграфіі самога аўтара, які ў 1948 годзе 20-гадовым юнаком прыехаў паводле размер-кавання на Жабінкаўшчыну і быў прызначаны загадчыкам Мышчыцкай пачатковай школы. У хуткасці будучы пісьменнік перайшоў у Жабінку на пасаду адказнага сакратара раённай газеты “Ленинский путь”, а затым і ў абласную “Зарю”.
* Улетку 1967 года пад кіраўніцтвам аўтара рамана “Ахтубінскі стэп” Аляксандра Гогалева пры раённай газеце “Сельская праўда” было  заснавана літаб’яднанне “Плынь”. Пазней яго ўзначальвалі такія вядомыя пісьменнікі, як Алесь Каско, Васіль Сахарчук, Расціслаў Бензярук. Дасюль рэгулярна ў раёнцы з’яўляецца старонка “Плынь”, дзе друкуюцца маладыя і сталыя таленты Жабінкаўшчыны.
* Самы вялікі наклад сярод кніг, напісаных жабінкаўцамі, мае зборнік апавяданняў і казак “Вавёрчына дзякуй” Расціслава Бензерука, які  выйшаў у свет у 1975 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” тыражом у 50 000 (!) асобнікаў. Аздоблены малюнкамі Ларысы Зяневіч.
* У 1979 годзе першым сярод нараджэнцаў Жабінкаўшчыны ў Саюз пісьменнікаў Беларусі быў прыняты паэт Іван Арабейка з Хмелева, на той час аўтар зборнікаў паэзіі “Услед за сонцам” і “Асенні ранак”.
* У памяць пра родны горад носіць літаратурны псеўданім Жабінкаўская нараджэнка Жабінкі Алена Ахматава. Яна жыве ў Санкт-Пецярбурзе, дзе выдала кнігі паэзіі “Улитка-слеза”, “Сердечная юдоль” і інш.
* Слынным паэтам, а таксама адораным перакладчыкам застаецца па сённяшні дзень Васіль Сахарчук. Дзякуючы яму пачалі “размаўляць” з айчыннымі чытачамі паэты і празаікі Балгарыі. Вынікамі працы паэта-перакладчыка сталі кнігі Пеё Яварава “Апалавы пярсцёнак”, “Пад сурдзінку” Дзімчы Дабелянава.
* Сапраўднае прызнанне ў літаратурным свеце паэт Алесь Каско атрымаў у 1994 годзе — пасля выхаду кнігі паэзіі “Час прысутнасці”. За яе творца ўганараваны літаратурнай прэміяй імя Аркадзя Куляшова. Усяго на гэты час у яго скарбонцы ўдзел у калектыўным зборніку “Нашчадкі”, кнігі паэзіі “Скразная лінія”, “Набліжэнне”, “Час прысутнасці”, “45”, “Трохкроп’е”, “Нічога больш”, “Прыадхінуты небасхіл” і інш.
* Самы пладавіты сярод пісьменнікаў, якія звязаны лёсам з нашым краем, — Раман Левін. Восенню 1942 года ў Пятровічах была забіта яго маці Серафіма. У 1970-ым клопатам Левіна на тым месцы паўстаў абеліск. 12-гадовага яўрэйскага хлопчыка, што ўратаваўся ад расстрэлу, ратавала, рызыкаючы жыццём, жыхарка Жабінкі Флорыя Будзішэўская. Сваёй выратавальніцы і пакутніцы, замардаванай фашыстамі за два дні да вызвалення, Раман Левін прысвяціў аўтабіяграфічную аповесць “У Вас добрае сэрца, мадам” (Харкаў, 2003 год). Яна стала 32-й кнігай паэта і празаіка.
* Самай уганараванай сярод кніг жабінкаўцаў стала гістарычная аповесць Анатоля Бензерука “Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля”, выдадзеная ў 2012 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Сёлета яна названа ў ліку пераможцаў на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы (на нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі” аповесць узнагароджана ў намінацыі “Літ-фармат” дыпломам
І ступені і ганаровым знакам “Залаты фаліянт”). Мастак-афарміцель кнігі Уладзімір Даўгяла перамог у намінацыі “Лепшы мастак”.
* Амаль 10 гадоў таму Брэсцкім аблвыканкамам заснавана літаратурная прэмія імя Уладзіміра Калесніка. За гэты час ёю ўганараваны чацвёра жабінкаўцаў: Алесь Каско (за кніжку “Свой камень” у калектыўным паэтычным зборніку “Трохперсце” — у намінацыі “Паэзія”, 2008 год), Расціслаў Бензярук (за кніжку апавяданняў і казак “Зайцаў кажушок” — у намінацыі “Дзіцячая літаратура”, 2008 год), Анатоль Бензярук (за кнігу “Свята для сэрца” — у намінацыі “Дзіцячая літаратура”, 2009 год), Іван Арабейка (за зборнік вершаў “Сказаць хачу” — у намінацыі “Паэзія”, 2012 год).
Антон БЕРАСТОК.
На здымку: карціна берасцейскай мастачкі Наталлі Башчук “Маска натхнення”. На палатне пералічаны імёны паэтаў і празаікаў Брэстчыны — лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top