Свая педагагічная паэма

Свая педагагічная паэма

IMG_3797Гісторыя кожнай сям’і, — быццам захапляльная кніга, дзе кожная частка — новы лёс. Удвая цікавейшы сямейны летапіс, калі, акрамя роднасных повязяў, лю-дзей аб’ядноўваюць яшчэ і прафесійныя.
Сёстры Аксана і Наталля Уласюкі (чаму ў іх, замужніх, аднолькавыя прозвішчы — пра гэта крыху далей) звязалі сваё жыццё са школай, з дзецьмі. Быць педагогамі — іх прызванне; яны выконваюць сваю справу шчыра, натхнёна, творча, з глыбокай зацікаўленасцю ў выніках работы.
Аксана Мікалаеўна скончыла СШ №1 Жабінкі з сярэбраным медалём. У Мінскім інстытуце замежных моў атрымала спецыяльнасць настаўніка іспанскай і нямецкай моў, а таксама перакладчыка-рэферэнта з польскай. Спачатку працавала ў СШ №7 Брэста, а зараз выкладае нямецкую мову ў Жабінкаўскай школе-інтэрнаце. Аксана Мікалаеўна — настаўнік вышэйшай катэгорыі. На занятках яна выкарыстоўвае такія формы работы, як ролевая гульня, выкананне тэстаў, прымяняе розныя сродкі навучання, аўдыя- і відэазапісы, памяткі і дыдактычныя раздатачныя матэрыялы. З мэтай актывізацыі самастойнай работы вучняў настаўніца звяртаецца да навучальных камп’ютарных праграм і мультымедыйных курсаў. Шмат займаецца самаадукацыяй, бо павінна быць узорам для сваіх вучняў, трымацца на ўзроўні сучаснай навукі. Яна з’яўляецца кіраўніком школьнага метадычнага аб’яднання. Дзеліцца вопытам сваёй работы з настаўнікамі не толькі раёна, але і вобласці. Неаднаразова выступала з лекцыямі ў ДУА “Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі”.
Малодшая сястра Наталля Мікалаеўна Уласюк таксама выпускніца першай гарадской школы. Скончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна, гістарычны факультэт. Але здарылася так, што вось ужо 23 гады яна працуе ў раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Там яна кіруе гуртком мяккай цацкі “Бусляня”, таму што ў яе “залатыя” рукі: прыгожа вяжа, шые, пляце цудоўныя вырабы з саломкі. Дзеці з цікавасцю наведваюць гэты гурток і пераймаюць яе майстэрства. Вучні Наталлі Мікалаеўны — пастаянныя ўдзельнікі, прызёры, а нярэдка і пераможцы абласных і рэспубліканскіх выстаў. Педагог-творца атрымала Пісьмо падзякі ад райвыканкама за добрасумленную працу. Яе імя занесена ў Галерэю працоўнай славы лепшых людзей раёна.
Леў Талстой аднойчы сказаў, што добраму настаўніку дастаткова мець толькі дзве якасці — вялікія веды і вялікае сэрца. Менавіта гэтым надзелены сёстры Уласюк.
Цяпер акурат пра іх агульнае прозвішча. Цікава, што мужы сясцёр Аксаны і Наталлі — родныя браты Вячаслаў і Сяргей Аляксеевічы Уласюкі. Яны таксама скончылі Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна; старэйшы, Вячаслаў, — спартфак і працуе інструктарам у фізкультурна-азда-раўленчым комплексе “Бадзёрасць”, а Сяргей — геаграфічны факультэт.
Сёстры нарадзіліся ў настаўніцкай сям’і, дзе ўплыў бацькоў быў значны. Яшчэ б: яны вядомыя педагогі! Бацька, Мікалай Васільевіч Грыгарук, — настаўнік фізкультуры вышэйшай катэгорыі, трэнер у боксе. Працоўны стаж 43 гады. Ён удастоены звання “Выдатнік асветы Беларусі”, мае шмат грамат міністэрства адукацыі за добрасумленную працу і яе высокія вынікі. У якасці трэнера М.Грыгарук выхаваў прызёраў першынства Еўропы: майстра спорту міжнароднага класа Сяргея Жмайліка, Павел Кастрамін заняў трэцяе месца ў чэмпіянаце Еўропы, зараз рыхтуецца да першынства свету.
Маці, Святлана Іванаўна, — настаўніца фізікі вышэйшай катэгорыі. Яе працоўны стаж 40 гадоў. Узнагароджана мноствам грамат міністэрства адукацыі, педагог-наватар… У яе самой ёсць дынастычныя карані. Бацька, Іван Фёдаравіч Котаў, таксама быў педагогам. З першых дзён вайны ён на фронце, там скончыў афіцэрскую школу; камандаваў ротай, атрымаў два цяжкія раненні, дайшоў да Берліна. Пасля вайны закончыў ваенна-палітычную акадэмію ў Санкт-Пецярбургу, служыў у арміі. Потым на працягу 12-ці гадоў працаваў выкладчыкам гісторыі ў Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце.
Сваё радаслоўна-педа-гагічнае адгалінаванне мае брат Івана Аляксандр Котаў. Працаваў выхавальнікам дзіцячага дома ў Касцевічах Мінскай вобласці, скончыў ваенна-інжынернае вучылішча ў Маскве, быў настаўнікам пачатковай ваеннай падрыхтоўкі ў Абхазіі. Зараз старшыня савета ветэранаў у Віцебску. Настаўнікі і яго жонка, дзеці, унукі…
… Шматлікая радня збіраецца гуртам не так часта. Але, калі гэта здараецца, дык на сямейным “педсавеце” малодшым настаўнікам ёсць чаму павучыцца ў старэйшых. Апошнія, у сваю чаргу, радуюцца поспехам маладых, ды, вядома ж, таму, што нашчадкі ідуць іх дарогай. Настойліва авалодваюць перадавымі сродкамі навучання, упісваюць новыя старонкі ў педагагічную паэму роду.
Вера МАНДРЭНКА, старшыня раённага
савета ветэранаў адукацыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top