Untitled-1Блакітнае паліва прыходзіць у вёскі

У раёне паспяхова працуе “Жабінкаўскі цэх газазабеспячэння” (начальнік Яўген Кукашук). Спецыялісты яго выконваюць надзвычай адказную справу. Паводле слоў намесніка начальніка цэха Д.Р.Алешкі, на абслугоўванні прыродным газам у раёне каля 7,5 тысячы чалавек, яшчэ 3,8 тысячы карыстаюцца звадкаваным. Працягласць газаправодаў на Жабінкаўшчыне каля 300 км (штогод іх даўжыня прырастае на 20-40 км). Летась пачалася газіфікацыя паўночнай часткі раёна, калі былі падключаны спажыўцы ў Хмелеве, Алізаравым Ставе, Сенькавічах, Малых Сяхновічах і пабудаваны падводзячы газаправод да Вялікіх Сяхновічаў. Зараз практычна завершана такая ж галіна да аграгарадка Маціевічы і па вёсцы будуецца размеркавальны (вулічны) газаправод. Распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя для падводзячага газаправода на Сакалова, ідзе будаўніцтва галіны да свінакомплекса “Сычова”. “Акрамя аварыйных заявак, — падкрэсліў Дзмітрый Рыгоравіч, — наша служба выконвае кругласутачна і рамонтна-тэхнічныя работы”.

Напярэдадні вучэнняў “Захад-2013”

У Беларусі з 19 па 27 верасня з удзелам краін АДКБ будуць праводзіцца сумеснастратэгічныя вучэнні “Захад-2013”. У рамках падрыхтоўкі да іх прайшлі заняткі з саветам абароны раёна пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Мікалая Токара ў пытаннях тэрытарыяльнай абароны. На іх былі адпрацаваны дзеянні членаў савета ў час вучэнняў “Захад-2013”.

Шанавалі старажылаў і …

Жнівень на Жабінкаўшчыне быў адзначаны святамі вёсак. У мінулыя выхадныя яны адбыліся ў Крыўлянах і Задзерці. Добрае слова землякам сказалі старшыні Крыўлянскага і Ракітніцкага сельвыканкамаў Анатоль Марчук і Уладзімір Дземідзюк.
Шмат музыкі і песень ад самадзейных артыстаў, спартыўнага запалу было пад час відовішчаў. У аграгарадку Крыўляны ўшанавалі гаспадароў прыватных падворкаў Івана Пасюка, які жыве на вуліцы Цэнтральная, 73, Святлану Дубовік і Алену Балюк. Былі ўручаны падарункі старажылам вёсак Алене Вярэшка з Задзерці і Ніне Карпук з Крыўлянаў. Іх узрост падыходзіць да дзевяці дзясяткаў. Атрымалі іх таксама самыя юныя вяскоўцы Сафія Кавальчык і Мікіта Новік, шматдзетная сям’я Дзянішчычаў. А яшчэ ў Крыўлянах удзячным словам успомнілі настаўнікаў-пенсіянераў Н.Ф.Семянюк, М.П.Свістун, М.Р.Марковіч, Н.М.Якавенка, В.В.Якавенку і А.С.Ігнатчык.
Завяршаліся святы вечаровымі танцавальнымі праграмамі.

“Муховэцька кумора” ў Эстоніі

Пад агульнай назвай “Муховэцька кумора” (“Мухавецкая камора”) аб’ядналіся тры аб’екты аграэкатурызму Брэстчыны: “Страусава ферма”, фермерская гаспадарка “Вілія-Агра” з сядзібай “Студзінка”, размешчаныя на Кобрыншчыне, і жабінкаўская аграсядзіба “Рачная”, створаная Генадзем Турыцыным на ўзбярэжжы Мухаўца ў вёсцы Здзітава.
Дзейнасць “Муховэцькай куморы” ажыццяўляецца у рамках міжнароднага праекта “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”. Ён рэалізуецца на падставе Праграмы развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый пры каардынацыі Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. На першым этапе — распрацоўка стратэгіі развіцця агратурызму ў нашым краі. З гэтай мэтай Г.Ф.Турыцын 28-31 жніўня наведаў Эстонію, дзе адбылося знаёмства з напрацоўкамі тамтэйшых гаспадароў аграсядзіб Пярнускага павета і найбуйнейшага эстонскага вострава Саарэмаа.

Гарэлку піць — рыбу не лавіць

Мінулы тыдзень на Брэстчыне не абышоўся без гібелі людзей на вадзе. Адбылося 6 няшчасных выпадкаў. Здарылася гэта пад час рыбнай лоўлі і адпачынку ля вады ў нецвярозым стане. Няшчасці адбыліся на рэках Лясная, Мухавец, Стыр, Прыпяць. Трагедыя напаткала трох рыбаловаў Берасцейшчыны. Яны выпалі з лодак, былі нападпітку і без выратавальных камізэлек. У іншых трох выпадках ахвярамі вады сталі нецвярозыя адпачываючыя: хто купаўся, а хто і выпадкова ўпаў у вадаём і згубіў жыццё, як жыхар Плябанцаў Пружанскага раёна.
Старшыня Жабінкаўскай раённай арганізацыі Асвод Юрый Гапончык просіць усіх рыбаловаў захоўваць меры асцярожнасці і бяспекі на рыбалцы і нагадвае, што кожны з іх  павінен быць у выратавальнай камізэльцы пры лоўлі з лодкі. І яшчэ папярэджвае, што вада не любіць тых, хто знаходзіцца ў нецвярозым стане.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top