Сведка чалавечых лёсаў

Сведка чалавечых лёсаў

0A3A2571-12BD-4127-B21E-FDB684601B33_mw1024_n_s(Да 60-годдзя Уладзіміра Арлова)

У сучаснай беларускай літаратуры Уладзімір Арлоў — адзін з аўтараў, з-пад пяра якога выходзяць у свет творы самых розных жанраў: ад вострасюжэтных аповесцяў і апавяданняў да “вершаў у прозе”, гістарычных нарысаў, сцэнарыяў і артыкулаў. У асобе гэтага чалавека ўдала спалучыліся журналіст, паэт, гісторык.
Нарадзіўся ён 25 жніўня 1953 г. у Полацку. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Пэўны час працаваў у Наваполацку настаўнікам гісторыі, журналістам, узначальваў літаб’яднанне “Крыніцы” пры газеце “Хімік”. У 1988 г. пісьменнік пераехаў у Мінск і да
1997-га працаваў рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
Творчая біяграфія пісьменніка пачалася ў 1976 годзе  вершамі, але вядомасць ён набыў сваімі празаічнымі творамі. Яго першая кніжка прозы “Добры дзень, мая шыпшына” (1986) і была адзначана прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі. Пасля былі зборнікі “Дзень, калі ўпала страла”, “Асветніца з роду Усяслава: Еўфрасіння Полацкая”, “Рандэву на манеўрах”, “Пяць мужчын у леснічоўцы”, “Сны імператара”, “Ордэн Белай Мышы”, “Каханак яе вялікасці” і іншыя. За гады творчай працы ён напісаў больш за 20 кніг прозы, паэзіі, гістарычных нарысаў і эсэ. Асноўныя дамінанты творчасці Уладзіміра Арлова: нацыянальная ідэя, Беларусь у самавызначанасці сваёй і ў сувязі з іншымі народамі, гістарычныя моманты гераічнага кшталту, нацыянальная свядомасць і самасвядомасць. Ледзь не хрэстаматыйнымі сталі героі яго твораў: вольналюбівы пісьменнік Незабытоўскі (“Пакуль не згасла свечка”); народаволец Ігнат Грынявіцкі, што ахвяруе ўласным жыццём, каб, як яму здаецца, пазначыць шлях да светлай будучыні іншым (“Далёка да вясны”); асветнік і паэт Мікола Гусоўскі, які ў далёкім Рыме адстойвае годнасць чалавека з зямлі пушчаў і зуброў (“Час чумы”); мудры і смелы князь зямлі Полацкай Уладзімір (“Дзень, калі ўпала страла”).
Шмат цікавага рас-павядаюць гістарычныя эсэ “Таямніцы Полацкай гісторыі”, у якіх пісьменнік звяртаецца да найбольш драматычных момантаў, што вызначылі лёс гэтай зямлі. На падставе матэрыялаў кнігі, а таксама сабраных новых фактаў, ён выдаў зборнік гістарычных апавяданняў для дзяцей “Адкуль наш род?” У.Арлоў спрабуе запоўніць малавядомыя старонкі гісторыі радзімы і тым самым узбагаціць нашы веды пра яе, данесці да нашчадкаў. У зборніку прозы “Рэквіем для бензапілы” аўтар сканцэнтраваў сваю ўвагу на праблемах, звязаных з асобай сучасніка, з яго ўласным і грамадскім жыццём, з патаемнымі рухамі душы і глыбіннымі асновамі характару. Проза Уладзіміра Арлова пазбаўлена павучальнасці, але ў ёй прысутнічае вялікі запал думкі, яна ўвасабляе цікавы і багаты матэрыял пра духоўнае і гераічнае жыццё нашых продкаў, пра рэаліі сённяшняга дня.
Свой чытач ёсць і ў Арлова-паэта. Пісьменнік выступіў у друку са зборнікам “вершаў у прозе” “Там за дзвярыма”, кнігай вэрлібраў “Фаўна сноў”, паэтычным выданнем “Паром праз Ла-Манш”.
Вядомы пісьменнік і як аўтар сцэнарыяў дакументальных кінафільмаў “Еўфрасіння Полацкая”, “Беларускія матывы”, “Полацкія лабірынты”, “Сімяон Полацкі” і інш.
Акрамя прэміі Ленінскага камсамола Беларусі Уладзімір Арлоў узнагароджаны медалём Ф.Скарыны, выдавецкай прэміяй імя У.Караткевіча, літаратурнай прэміяй імя Ф.Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтра.
У апошні час пісьменнік перайшоў да асветніцкай дзейнасці, стаў папулярызатарам айчыннай гісторыі. Адносіны да яго кніг і артыкулаў неадназначныя. Адно бясспрэчна — сённяшняя літаратурная і культурная рэальнасць нашай Беларусі не ўяўляецца без постаці Уладзіміра Арлова.
Марына КАРПІШЧУК, бібліёграф ЦРБ.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*