Дакрануліся да мінулага

Дакрануліся да мінулага

Актывісты клуба “Суразмоўнік” адправіліся ў паездку ў Кобрын, каб дакрануцца да гісторыі славутых мясцінаў горада. Такія вандроўкі праводзяцца не ўпершыню. Наогул жыццё клуба вельмі цікавае, дзякуючы яго кіраўніку Людміле Аляксандраўне Астроўскай. Тут праводзяцца сустрэчы з таленавітымі людзьмі, ладзяцца паэтычныя вечарыны, абмяркоўваюцца літаратурныя навінкі.
Адразу група разам з Таццянай Францаўнай Чапялевіч, якая ўзяла на сябе ролю экскурсавода, накіравалася ў Аляксандра-Неўскі сабор. Там чакаў айцец Аляксандр, які пазнаёміў прадстаўнікоў клуба з гісторыяй храма, яе цікавымі фактамі і запрасіў пакланіцца іконе з часціцай мошчаў дабравернага князя Аляксандра Неўскага.
Мы даведаліся, што храм быў пабудаваны ў 1868 годзе “… в честь победы русских войск 1812 года” – менавіта так напісана на мемарыяльнай дошцы на саборы. У савецкія часы гэты храм неаднаразова зачыняўся, аднойчы нават на цэлых трыццаць гадоў з 1960 па 1990 гг. “З царквы намагаліся зрабіць і планетарый, і архіў, але людзям была патрэбна святыня. Нарэшце, 12 верасня 1990 года Аляксандра-Неўскі сабор нанава асвяцілі. З гэтага часу набажэнствы ў ім праходзяць пастаянна, працуе нядзельная школа. У 2006 годзе было ўтворана моладзевае брацтва, дзейнічае паломніцкі аддзел, які арганізуе паездкі да святых месцаў Беларусі, нашых суседзяў. Унутры Аляксандра-Неўскі сабор распісвалі майстры з Украіны”, — расказаў айцец Аляксандр. Цёпла развітаўшыся са святаром клубаўцы ушанавалі памяць загінулых салдат каля манумента ў гонар перамогі рускіх войскаў у бітве пад Кобрынам і накіраваліся далей.
Таццяна Чапялевіч спыніла ўсіх каля помніка князю Уладзіміру Васількавічу і княгіні Вользе Раманаўне, які ўсталяваны на пешаходнай вуліцы Суворава. “Менавіта ў тэстаменце ўладзіміра-валынскага князя Уладзіміра Васількавіча была знойдзена першая згадка пра горад Кобрын, якая адносіцца да 1287 года. Увесь горад і сяло Гарадзец ён завяшчаў сваёй жонцы Вользе.
У 2009 годзе ў Кобрыне быў усталяваны бронзавы манумент, аўтарам якога стаў скульптар Аляксандр Лышчык. Князь, які стаіць побач з жонкай, бласлаўляе горад і ўсіх яго жыхароў”, – распавяла Таццяна Францаўна і прапанавала накіравацца да апошняга прыпынку паездкі – парка культуры і адпачынку імя А. В. Суворава.
Нам было цікава даведацца, што заснаваны ён ў 1768 годзе паводле распараджэння падскарбія Вялікага Княства Літоўскага Антонія Тызенгаўза. Сёлета парку споўніцца 245 гадоў. Гэта батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння і гісторыка-культурная каштоўнасць другой катэгорыі. У 1795 годзе Кацярына II падаравала маёнтак Кобрынскі ключ разам з паркам Аляксандру Сувораву за ягоныя заслугі. Нямым сведкам гістарычных падзей застаўся вялізны валун, урослы ў зямлю. Изображение21 005Лічыцца, што на ім любіў сядзець і думаць Аляксандр Сувораў. Аднак уладанне стала цэнтральным гарадскім паркам імя Суворава ў 1948 годзе. Праз два гады скульптар І. Рукавішнікаў усталяваў тут бронзавы бюст палкаводца.
У парку можна не толькі палюбавацца цудоўнай флорай, успомніць гістарычныя падзеі, але цікава правесці свой вольны час разам з сям’ёй і сябрамі. Тут працуюць 18 атракцыёнаў, дзіцячы забаўляльны цэнтр “Кеша”, які запрашае жадаючых ад 1 да 15 гадоў узросту. Недалёка ад танцпляцоўкі размясцілася лыжа-ролерная траса з пунктам пракату ролікавых канькоў і лыжа-ролераў. У 2009 годзе парк для маладых людзей, якія мараць ўмацаваць свае адносіны шлюбам, зрабіў сапраўдны сюрпрыз: каля возера з’явілася асляпляльна белая ратонда, дзе можна ажыццявіць сваю мару і сфатаграфавацца на памяць.
У будынку амфітэатра праводзяцца канцэрты вядомых артыстаў: парк прымаў гумарыстку Алену Варабей, народную артыстку Расіі Надзею Бабкіну, беларускі гурт «Тяни-Толкай».
На завяршэнне экскурсіі наш гід Таццяна Чапялевіч паведаміла, што ў парку ёсць чырвона-чорная карэта, запрэжаная грацыёзным канём. Фурман і пажы ў старадаўніх касцюмах перанясуць ўсіх жадаючых у далёкае мінулае.
Мы вярталіся радасныя, з прыўзнятым настроем ад таго, што падарожжа ў слаўны Кобрын атрымалася!
Дар’я НІКАНЧУК, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top