Дзе водзяцца чэрці і цвіце кветка-папараць…

Дзе водзяцца чэрці і цвіце кветка-папараць…

iУ ХХІ стагоддзі мы нарэшце пачынаем усведамляць, што шматвяковае ўмяшанне чалавека ў прыроду-мутухну суправаджаецца мноствам экалагічных праблем. Не выключэннем стала і асваенне беларускіх балотаў. Пра балоты рэдка, на жаль, пішуць і нашы СМІ. Дайшло да таго, што слова “балота” стала ўжывацца часцей толькі ў пераносным значэнні — як усё, што характарызуецца застоем. Я ж услед за Іванам Мележам хачу сказаць: выраз “людзі на балоце” гучыць прыгожа, пранікнёна і па-філасофску і ў наш імклівы час…
Цікава, што першыя балоты на Зямлі ўтварыліся 350-400 млн. гадоў назад, а слова “балота” мае балта-славянскае паходжанне. Мой народ балоты называў яшчэ — дрыгва, багна… Але не трэба ўсё ж блытаць гэтыя паняцці. Багна — гэта звычайна нізкае топкае месца, грузкае балота. Дрыгва — таксама топкае балота, багністае месца. Як бачым, паняцце “балота” — больш шырокае, нейтральнае, а “багна”, “дрыгва” — больш вузкія, спецыфічныя слоўцы…
У Беларусі балотамі занята 2,5 млн. га — 12,4% тэрыторыі краіны. Яны буйнейшыя ў Еўропе і ўваходзяць у міжнародны спіс Рамсарскай канвенцыі аб ахове водна-балотных угоддзяў. Практычна ўсе буйныя балоты Беларусі знаходзяцца на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях — заказніках “Выганашчанскае” і “Асвейскі”, у нацыянальным парку “Прыпяцкі”. Беларускія балоты ўнікальныя для Еўропы, і іх вывучэнне дае грунт для працы ў гэтай сферы ў іншых краінах.
Запасы беларускага торфу складаюць 30,4 млрд. куб. м. Аднак у ХХІ стагоддзі эколагі ўсё больш актыўна пачынаюць гаварыць аб неабходнасці аднаўлення больш чым 200 тыс. га выпрацаваных тарфянікаў і прыкладна такой жа колькасці іншых парушаных балот.
… Згодна з міфалагічнымі вераваннямі беларусаў, балота — гэта найперш месца знаходжання ўсялякіх пачвар, нячысцікаў, якія заманьваюць падарожнікаў у багну. У яго ёсць і свой дух — ахоўнік-балотнік: сівы дзядок з шырокім жаўтаватым тварам, які пужае неасцярожных і самаўпэўненых людзей рознымі гукамі, а ўважлівым да прыроды-матухны, наадварот, паказвае бяспечныя сцежкі, грыбныя ды ягадныя мясціны. Згодна з айчынным фальклорам, у балоце водзяцца чэрці, але ж на ім цвіце і папараць-кветка, якая прыносіць спрадвеку шчасце беларускаму народу. Балота зрабіла ўплыў не толькі на лад жыцця нашых продкаў, але і на фарміраванне мянтальнасці народа. Беларусы, як правіла, людзі надзейныя, добрыя, працалюбівыя. Без гэтых якасцяў на дрыгве нашы папярэднікі проста не здолелі б выжыць.
Менавіта балоты — найважнейшыя экасістэмы планеты Зямля, якія выконваюць істотную ролю ва ўтварэнні рэк, перашкаджаюць развіццю парніковага эфекту, паглынаюць вуглякіслы газ і выпрацоўваюць кісларод, фарміруюць клімат і падтрымліваюць біялагічную разнастайнасць. Нашы балоты — лёгкія не толькі Беларусі, але і Еўропы, усяго свету. Яны з’яўляюцца натуральнымі фільтрамі вады. На іх растуць каштоўныя зёлкі, ягады — буякі, журавіны, брусніцы… А, дарэчы, той жа торф выкарыстоўваюць не толькі як паліва, але і як угнаенне, корм жывёле, сыравіну для хімічнай прамысловасці, а ў медыцыне досыць шырокае прымяненне набыло гразелячэнне.
Магутнае наступленне на беларускія балоты пачалося пасля майскага пленума ЦК КПСС 1964 года, на якім было прынята рашэнне аб шырокамаштабнай меліярацыі. Балоты з усіх бакоў акружылі шматлікія асушальныя каналы. Яшчэ раней былі злучаны між сабой найбольш буйныя азёры. Жыватворная вільгаць пачала пакідаць балотны масіў. Раней непраходныя тэрыторыі, дзе хаваліся рэдкія жывёлы і расліны, сталі даступнымі шматлікім рыбаловам, паляўнічым і зборшчыкам ягад. Следам за людзьмі ў сухія гады сюды прыйшоў агонь. А ён поўнасцю знішчаў і працягвае сёння знішчаць травяны покрыў з яго насельнікамі. У значнай ступені цярпелі і церпяць дрэвы і хмызнякі.
Добра, што ў нас праводзяцца, нягледзячы на цяжкасці, мерапрыемствы, звязаныя з адраджэннем і рацыянальным выкарыстаннем балот.Паўторна забалочваюцца выпрацаваныя тарфянікі і парушаныя балоты. Асобныя словы ўдзячнасці хочацца сказаць тут работнікам лясной гаспадаркі краіны, ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, спецыялістам, біёлагам, ды і проста аматарам аховы навакольнага асяроддзя. На разбураных, мёртвых тарфяніках зноў з’яўляюцца жывыя экасістэмы, зберагаецца біялагічная разнастайнасць. Значна зніжаецца рызыка тарфяных пажараў. Робяцца свежыя рэкрэацыйныя зоны і новыя прыцягальныя для падарожнікаў маршруты. Атрымлівае выгаду найперш мясцовая эканоміка.
Беларусь у цяперашні час знаходзіцца на першым месцы ў Еўропе па плошчы адноўленых балот. Іншыя еўрапейскія дзяржавы ўхвальна глядзяць на поспех беларускіх эколагаў, бачаць вынік на памеры выкіду парніковых газаў. Неабходна, каб усё больш людзей, асабліва падрастаючае пакаленне, усвядомілі, што зберажэнне і разумнае прымяненне водна-балотных угоддзяў — важны і надзейны сродак дасягнення ўстойлівага развіцця навакольнага асяроддзя ўсяго свету. Упэўнены: сапраўды экалагічна адукаваная асоба ніколі не стане знішчаць асяроддзе, у якім жыве! Не стане знішчаць тыя “прыродныя лёгкія”, дзякуючы якім паўнакроўна дыхае.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top