Не гаснет слава Грюнвальда

Не гаснет слава Грюнвальда

Наш каляндар
Слава Грунвальда не згасне ніколі
Дзень 15 ліпеня назаўжды ўпісаны ў гістарычныя хронікі як час найвыдатнейшай перамогі. Несумненна, што сярод воінаў, якія змагаліся на грунвальдскіх палях і узвышшах, былі нараджэнцы жабінкаўскай зямлі, таму што ў бітве ўдзельнічалі асобныя палкі з Берасця і Кобрына, а на пачатак ХV стагоддзя Жабінкаўшчына ўваходзіла ў склад Брэсцкай зямлі і Кобрынскага княства.
Ішла Вялікая вайна 1409-1411 гадоў. Польскае Каралеўства і Вялікае Княства Літоўскае сумесна вялі яе супраць Тэўтонскага ордэна.
15 ліпеня 1410 года на поўначы Польшчы пад Грунвальдам адбылася вырашальная бітва. Саюзнікамі кіравалі польскі кароль Уладзіслаў-Ягайла і вялікі літоўскі князь Вітаўт. Яны выставілі 91 полк-харугву. Рыцараў-крыжакоў вёў у бой вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген. Пад яго рукой быў 51 полк, найміты з дваццаці шасці заходніх краін.
Тры гадзіны ворагі стаялі на пагорках адзін супраць другога, не пачынаючы бой. Нарэшце магістр даслаў каралю і князю аголеныя мячы, выклікаючы іх на двубой. Пасля малітвы Ягайла аддаў загад сваім воінам пачынаць.
У хуткасці, як згадваюць летапісцы, “схіснуліся палкі, і ваяры грымнулі ў шчыты, дзіды не вытрымалі напору, дрэўкі ламаліся і сыпаліся, бы салома”.
У самых небяспечных месцах з’яўляўся чорны вершнік — вялікі князь Вітаўт. Ён ні на хвіліну не спыняўся, лётаў між вайсковымі радамі, мяняючы коней, што падалі пад ім забітыя. Ваяры біліся мячамі, коп’ямі, баявымі цапамі цэлую гадзіну. Трэск стаяў такі, што рэха разляталася на вёрсты.
Польскі гісторык ХV стагоддзя Ян Длугаш падрабязна апісаў гарачую бітву: “Нага давіла на нагу, вастрыё дзідаў глядзела ў твары ворагаў.
Калі харугвы зышліся, нельга было адрозніць палахлівага ад смелага, мужнага ад баязліўца, бо ўсе змяшаліся ў клубок. Стала немагчыма нават змяніць месца, прасунуцца на крок.
Адна надзея пайсці наперад — гэта калі пераможца адолее праціўніка, што б’ецца насупраць. Выб’е недруга з сядла — зойме яго месца. Нарэшце дзіды былі паламаныя, шыхты з абодвух бакоў самкнуліся, даспех з даспехам злучыліся, мячы, сякеры страшна грымнулі, нібыта молат па кавадле.
І людзі падалі, а іх тапталі коні!”
Быў небяспечны момант, калі крыжакі праламілі абарону ліцвінаў-беларусаў, скінулі вялікі каралеўскі сцяг. Аднак заранёў святкавалі перамогу, бо Вітаўт хутка ўвёў у бой палкі з рэзерву, якім на падмогу прыйшлі палякі. Саюзнікі раздрабнялі нямецкія атрады на часткі і знішчалі, заціскаючы ў шчыльныя кольцы.
Да вечара бітва, што цягнулася каля шасці гадзін, была скончана. Магутны некалі Ордэн быў зломлены. Каля 15 тысяч ягоных ваяроў склалі галовы на Грунвальдскім полі.
Гэта была вялікая перамога аб’яднанай славянскай арміі. Перад тым два стагоддзі крыжакі пустошылі агнём і мячом беларускія, балцкія, польскія землі. Цяпер ажно да 1915 года, на цэлыя пяць стагоддзяў, змоўк грозны германскі вокліч: “Дранг нах Остэн” (“Націск на Усход”). Крыжацкі наступ быў спынены.
На Грунвальдскім полі ў 1960 годзе паўстаў помнік у памяць пра пераможцаў.
А.БЕНЗЯРУК.
На здымку: карціна былога педагога Жабінкаўскай школы мастацтваў Алега Алейніка “Грунвальд. 1410 год”.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top