Untitled-1

Вежкам паўтысячагоддзя!

Аднаму з самых старажытных паселішчаў раёна сёлета спаўняецца 500 гадоў. Першая згадка пра Вежкі сустракаецца ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага пад 1513 годам. Ужо тады гэта быў значны населены пункт, цэнтр двара — асобнай адміністрацыйна-гаспадарчай адзінкі ВКЛ. Вежкам падпарадкоўваліся 11 блізкіх вёсак. Тут упершыню задоўга да пуску цукровага завода ў Жабінцы ў 1837 годзе працавала першая на Жабінкаўшчыне цукраварня. Сёння ў Вежках месціцца цэнтр СВК “Вазнясенскі”, ёсць дзіцячы сад, пошта, магазін, праваслаўная царква, насельніцтва вёскі складае 170 чалавек.

Правялі свята Падлесся

У мінулую нядзелю як сталыя, так і юныя жыхары Падлесся, сабраліся на свята вёскі пад назваю “Мая малая Радзіма”. Як прынята ў такія хвіліны, добрае слова землякам сказалі старшыня Хмелеўскага сельвыканкама Ірына Міхайлаўна Андрайчук і старшыня прафкама СВК “Хмелева” Зоя Арцёмаўна Кацэра. На свяце ўшанавалі старэйшую жыхарку Падлесся Эмілію Станіславаўну Шлык, якая адсвяткавала сёлета свой 101-ы дзень нараджэння, і самую юную — Мілану Дзенісенка, дзяўчынцы ўсяго паўгодзіка.
Падлессе заўсёды было багатае на рупліўцаў хлебнай нівы, мяснога і малочнага цэхаў. Моладзь працягвае працу сваіх бацькоў. Дастойна распусцілі карані дынастыі жывёлаводаў Конюхавых і механізатараў Дзянішчычаў. Цёплыя словы падзякі за сумленную працу і музычныя падарункі ад самадзейных артыстаў Падлескага Дома культуры гучалі ім на свяце.
Жыхары вёскі і яе госці з павагай гаварылі пра юбіляраў Уладзіміра Рыгоравіча Шлыка, Браніслава Браніслававіча Мікуца, Мікалая Уладзіміравіча Бобрыка, Лідзію Сцяпанаўну Ярмак, Людмілу Казіміраўну Жук і Алену Іванаўну Крыцкую.
Свята пераканала ўсіх у тым, што ў Падлессі жывуць руплівыя працаўнікі і прыгожыя душой людзі.

Гандлёвая сетка пашырылася

Для таго, каб быць бліжэй да спажыўца і максімальна задавальняць патрэбы ў камбікармах, ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” пастаянна пашырае ўласную гандлёвую сетку. Так, у жніўні чарговы заводскі магазін камбікармоў расчыніў дзверы ў аграгарадку Азяты. Спецыялісты аддзела маркетынгу прадпрыемства пад час прэзентацыі і рэкламнай латарэі расказалі азятчукам аб сучасных тэхналогіях кармлення і пастараліся пераканаць іх у тым, што карміць хатніх жывёл камбікармамі зручна і эфектыўна. Прэзентацыя прайшла ў форме дыялогу, пагэтаму неабходную інфармацыю атрымалі спажыўцы, а  спецыялісты завода пажаданні.

Сочынскай алімпіядзе прысвячаліся

22 жніўня на тэрыторыі летняга аздараўленчага лагера “Арляня”, што ў нашым раёне, Прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці правяло “Малыя алімпійскія гульні”, прысвечаныя сочынскай алімпіядзе. Яны праводзіліся з мэтай узбагачэння алімпійскімі ведамі і прапаганды асноўных прынцыпаў алімпізму, папулярызацыі здаровага ладу жыцця і рэалізацыі праграмы “Спорт для ўсіх”.
Спачатку было ўрачыстае адкрыццё свята спорту і здароўя, затым сустрэча з чэмпіёнкай гульняў у Афінах (2004 г.) Юліяй Несцярэнка і алімпійская віктарына. На мерапрыемстве спрыту, сілы волі і моцы духу адбылася спартакіяда паміж камандамі-ўдзельніцамі гульняў, а затым — узнагароджванне пераможцаў.

Авечкі трапілі пад цягнік

19 жніўня пасажырскі цягнік №23, які накіроўваўся з Масквы ў Парыж, быў вымушаны затрымацца на 46 хвілін. Такі прастой здарыўся і ў двух грузавых цягнікоў, што рухаліся з Брэста ў Баранавічы. Адбылося гэта з-за таго, што на чыгуначнае палатно ў раёне вёскі Маціевічы выйшлі авечкі. У выніку здарэння пасажыры не пацярпелі, але восем авечак загінулі.
На месцы інцыдэнту працаваў манцёр-пуцявік Мікалай Дыдзік, які падрамантаваў электравоз, таму што быў абарваны мяцельнік. Рух на гэтым участку быў поўнасцю ўзноўлены літаральна праз гадзіну.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top