І прыйшоў яблычны Спас…

І прыйшоў яблычны Спас…

IMG_3760Лічыцца, што на Спаса лета заканчваецца, а ў царкве ў гэты дзень асвячаецца гародніна. Да сёлетняга свята жыхары вёскі Хмелева рыхтаваліся загадзя: прыбіраліся ў дамах, наводзілі парадак на падворках, гатавалі прысмакі, каб сустрэць шматлікіх гасцей з Жабінкі, Кобрына, Брэста і іншых месцаў. Хмелеўцы працавітыя, умеюць і на ніве шчыраваць, і добра адпачываць. У гэтым упэўніўся кожны, хто пабываў на свяце яблычнага Спаса.
Пачалося яно з дзіцячай гульнёвай праграмы “Эх, яблычак!”, якую правяла для малых Таццяна Грыцук. Дзеці розных узростаў змаглі паўдзельнічаць у вясёлай эстафеце і праявіць хуткасць, лоўкасць, кемлівасць. Усім гарэзам спадабаўся конкурс “Яблычны цягнічок”. З работамі вучняў дзіцячай школы народнай творчасці, якой кіруе Галіна Цімафееўна Вашасцюк, можна было пазнаёміцца на тэматычнай выставе “Спас — яблычкаў прыпас”.
IMG_3673З песнямі, танцамі, жартамі абыходзілі падворкі і запрашалі гаспадароў і іх гасцей у цэнтр вёскі на свята самадзейныя артысты з народнага тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” і дзіцячага ўзорнага фальклорнага калектыву “Дараносіца”. Яны спявалі прывітальную песню, танцавалі танец былых часоў. За такія музычныя падарункі гаспадары дзякавалі і частавалі сваіх гасцей прысмакамі са святочнага стала.
Канцэртная праграма, якая ладзілася ля Дома культуры, пачалася з песень нашых продкаў у выкананні зноў жа  “Дараносіцы” і “Хмелеўскіх валацугаў”. Сапраўдны майстар-клас атрымалі прысутныя, калі ўдзельнікі “Дараносіцы” выконвалі народныя танцы “Ой-ра”, “Какетка”, “Обэрок”.IMG_3732 копия
На свяце была ўганаравана старэйшая жыхарка Хмелева Вера Андрэеўна Яцэвіч, якой 89. Сувенір перадалі таксама маленькай Васілісе Кушнярук, якая нарадзілася напярэдадні свята і названа  імем сугучным з татавым. Дзяўчынцы пажадалі вырасці сапраўднай прыгажуняй, для яе прагучала песня ў выкананні Вольгі Іванюк.
Не забыліся адзначыць і самых гасцінных гаспадароў. Сувеніры атрымалі Уладзімір і Наталля Трафімукі, Васіль і Людміла Данілюкі, Валерый і Вольга Прыдаткі, Аляксандр і Ала Мікуцы, Леанід і Валянціна Нікалаевы, Васіль і Галіна Шпот, Сцяпан і Таццяна Грыцукі, а таксама Ганна Платонаўна Кавальчук, якая сустракала гасцей разам з дачкой Таццянай, зяцем Эдуардам і ўнукамі. Ім у падарунак — песні ў выкананні Вікторыі Муха і Алены Грыцук.
Цёплыя словы гучалі таксама ў адрас хмелеўцаў, якія годна шчыравалі на хлебнай ніве. Не абышлося, вядома, і без музычных падарункаў і выканання заявак жыхароў вёскі. Так, па просьбе прыхільніцы валацуг — цёткі Ірыны — прагучала песня “Шукае мужык жонку”. Жыхары і госці вёскі сталі сведкамі гумарыстычнага міні-спектакля “Еўрабачанне па-хмелеўску”, у якім тале-навіта выканалі ролі Наталля Дырман, Валянціна Вайцюк, Людміла Іванюк, Таццяна і Алена Грыцукі і даставілі гледачам хвілінкі радасці і смеху.
Прымалі хмелеўцы музычныя падарункі і ад гасцей — народнага ансамбля “Дабравест” Чарнаўчыцкага СДК, а потым танцавалі на святочнай дыскатэцы.
Да позняга вечара гучалі над Хмелевам гукі мелодый, звонкі смех, а ў паветры адчуваўся водар спелых жнівеньскіх яблыкаў.IMG_3708
Алёна НІКАНЧУК.
На здымках: святкаванне яблычнага Спаса ў Хмелеве.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top