У вёскі надзейныя гаспадары

У вёскі надзейныя гаспадары

DSC_0528

Пяты год запар моладзь Берасцейшчыны ўдзельнічала ў сямейным сельскагаспадарчым праекце “Уладар вёскі” і з гонарам даказвала, што ў сельскай мясцовасці жывуць працавітыя, энергічныя, дапытлівыя людзі. Большасць з іх шануюць і развіваюць традыцыі беларускай вёскі, з’яўляюцца працягам працоўных дынастый хлебаробаў, механізатараў і жывёлаводаў, рупліўцы ў вядзенні асабістых падсобных гаспадарак.
Штогод у гэтым праекце ўдзельнічае і маладая вясковая сям’я з Жабінкаўшчыны. Сёлета даказваць, што на жабінкаўскай зямлі жывуць сапраўдныя гаспадары, давялося Святлане і Пятру Пашкевічам разам з сынам Дзянісам. І даказалі — у іх трэцяе месца ў вобласці. Узнагародай ім за смеласць, актыўнасць і энергічнасць у конкурсных заданнях ад арганізатараў праекта (Брэсцкі аблвыканкам, ГА “БРСМ”, Баранавіцкі райвыканкам) і абласнога аб’яднання прафсаюзаў былі неабходныя ва ўжытку бытавыя прыборы (гароднінасушылка, вадзяны фільтр) і духмяны каравай.
Што сказаць пра сям’ю Пашкевічаў? Ім больш трыццаці гадоў ад нараджэння, працуюць у ААТ “Жабінкаўскі” тэхнікамі-асемянатарамі: Святлана на жывёлагадоўчым комплексе ў Курпічах, а Пётр у Навасадах. На асабістым падворку маюць жыўнасць, раней была й карова, але з-за няхваткі вольнага часу на яе догляд — збылі.
У сям’і прыемная падзея: перасяляюцца ў іншую кватэру, якую атрымалі ў Пшанаях у двухкватэрным доме, дзе, як сказаў Пётр Мікалаевіч, кіраўніцтвам аграпрадпрыемства быў праведзены “капітальны еўрарамонт”. Неўзабаве перавязуць маёмасць і пачнуць ажыццяўляць свае задумкі. Найперш гаспадар пасадзіць сад, балазе, хапае зямлі ля дома, а там глядзі і сын закончыць школу, паўстане перад выбарам прафесіі: марыць звязаць жыццё з радыётэхнікай.
конкурс семей11У Пятра і Святланы і ў думках не ўзнікае здрадзіць вёсцы.
— Нашы бацькі жывуць у сельскай мясцовасці і заўсёды працавалі ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Мы працягваем іх справу, здаецца, удала, — разважае гаспадар Пётр Пашкевіч. — Тэхнікам-асемянатарам я ўжо шосты год. У 2011 годзе з рук старшыні аблвыканкама Канстанціна Андрэевіча Сумара атрымаў дыплом за трэцяе месца ў вобласці за правільную і выніковую дзейнасць у арганізацыі штучнага асемянення жывёлы. Бачыце, шанцуе на трэція месцы ў саперніцтве, трэба зрабіць усё, каб выйсці ў лідары.
Папрасіла нашых канкурсантаў падзяліцца ўражаннямі ад сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар вёскі”, які сёлета праводзіўся на баранавіцкай зямлі ў Жамчужным. На ўсю вобласць Пашкевічы гучна вымавілі сямейны дэвіз “Каханне і праца” і запэўнілі прысутных, што родная зямля дапаможа пераадолець усе жыццёвыя нягоды.
— Выпрабаванняў на конкурсе выпала нам восем, — расказвае Пётр Пашкевіч. — Як мне падалося, першае з іх — знаёмства сем’яў з прысутнымі — было для нас самым складаным. Справіліся, але не на “дзясятку”. З такімі заданнямі як “Па дровы”, “Святочны воз”, “Прыродная аптэка”, “Папялушка”, іншымі мы справіліся больш умела, энергічней і весялей, а значыць, і балы атрымалі высокія. Чым жа мы займаліся і якія перашкоды пераадольвалі? Па водары пазнавалі лекавыя расліны, складалі пра любую з іх чатырохрадкоўе; стваралі кампазіцыі з крупаў, спачатку аддзяліўшы фасолю, грэчку, іншыя зярняткі адно ад аднаго; дэманстравалі ўменне вазніцы пад час заездаў у запрэжаным кабылкай возе; мужчыны калолі “чуркі”, а жанчыны з паленцаў выкладвалі слова “лён” і шмат іншых заданняў. У выніку мы трэція пасля маладых сем’яў з Пружанскага і Баранавіцкага раёнаў.
А яшчэ Святлана і Пётр прызналіся, што пабачылі шмат цікавага і пазнаваўчага, таму што на свяце працавалі выстава-кірмаш народных рамёстваў Брэстчыны і літаратурная гасцёўня з кнігамі і часопісамі, майстэрства паказвалі рыцарскія клубы, а конны — інсцэніроўку старадаўняй бітвы. Словам, паказалі сябе, шмат цікавага ўбачылі і пераканаліся, што вёска жыве і ў яе ёсць перспектыва.
Людміла КОСЦІНА.
На здымку: Святлана і Пётр пад час заезду ў возе; радасныя і з падарункамі
вяртаюцца Пашкевічы дадому.
Фота Аляксея ГАНЧУКА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top