Творчасць, атрыманая ў спадчыну

Творчасць, атрыманая ў спадчыну

IMG_9827Энергія запалу, смеласць поглядаў, любоў да прыгажосці — якасці, уласцівыя Марыі Васільеўне Пратасюк.

Ёй толькі трыццаць.
Большасць яе жыцця звязана з пасёлкам Ленінскі. Тут нарадзілася, вучылася, а зараз, як гаворыцца, і згадзілася. Праўда, быў у лёсе важны адрэзак, калі Марыя здзейсніла “паход у навуку” — закончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна. Геаграфічны факультэт падказаў бацька Васіль Рыгоравіч Поўх, які і сам некалі на ім вучыўся. Ад матулі Ларысы Уладзіміраўны іншае натхненне — прага да беларускага мастацтва. Каля двух дзясяткаў гадоў таму маці заснавала ў Ленінскім СДК школу дзіцячай народнай творчасці, дзе вучылі дзяцей цаніць самабытнае хараство нацыянальных промыслаў і самім да іх далучацца. Некалі скончыла гэту «матуліну» школу і сама Марыя.
Быў 2005 год, калі пасля ўніверсітэта дзяўчына прыйшла настаўніцай геаграфіі ў Старасельскую базавую школу, адначасова пачала выкладаць і ў школе народнай творчасці. Хутка зразумела, што “дадатак” (матуліна жыццёвая падказка) становіцца для яе важней за асноўную спецыяльнасць, на якую з’арыентаваў бацька.
Марыя Васільеўна ахвотна праводзіць у этнаграфічны пакой, створаны ў Ленінскім сельскім Доме культуры. Тут, дэманструючы розныя рэчы, якімі карысталіся яшчэ бабулі і дзядулі, распавядае пра школу дзіцячай народнай творчасці.
Зараз у ёй працуюць два класы (раней праводзіліся заняткі ў вырабе аплікацый з саломкі і вышыўкі, з гэтага году замест саломкі ўзнік клас ткацтва).
— Сёлета змены адбыліся і ў класе вышыўкі, — тлумачыць педагог, — да вышыўкі крыжыкам дабавіліся гладдзю і працягам. Ягоная характэрная рыса — двухбаковасць. У гэтым такі від вышыўкі ў нечым блізкі кітайскаму майстэрству па шоўку. Вось як далёка прыйдзецца шукаць аналагі!
Усе гэтыя мастацтвы для Марыі добра знаёмыя. Дадамо, што яна вучыць дзяцей таксама вуснай народнай творчасці і беларускаму танцу.
Яе выхаванцы ўдзельнічалі летась на міжнародным семінары ў Пінску, без іх не абыходзіцца ніводнае з клубных мерапрыемстваў. Вучні школы нярэдкія госці ў раённых святах, свае вырабы дэманстравалі і на абласным кірмашы народнага майстэрства ў Ганцавічах.
З прыкметным задавальненнем яна называе сваіх лепшых вучняў. Марта Амарава, Каця Адзінец, Мілена Гурская, Ульяна Сац, Віялета Новік маюць поспехі ў вуснай народнай творчасці. Цудоўна асвоілі тэхніку танца Надзея Разянкова, Насця Яхнавец, Даша Краглік і Насця Макарук. Сярод тых, хто цягнецца да вышыўкі, вылучыла не толькі дзяўчынак Кацю Пушыла і Ганну Білека, але і Паўліка Лучыца. Ткацтвам захапіліся Вераніка Раманюк, Карына Галюк і Даша Зарэмба.
Захапленнем творчасцю, атрыманай ад бацькоў у спадчыну, Марыя Васільеўна гатова ахвотна падзяліцца з усім светам. Пры этнаграфічным пакоі народнага побыту, які ўвесь час папаўняецца цікавымі знаходкамі з “бабульчыных скрыняў”, пад кіраўніцтвам М.В.Пратасюк ужо больш за пяць год дзейнічае гурток “Спадчына”. У ім займаюцца дзяўчаты 8-9 класаў Ленінскай СШ. Сярод іх прыемных абавязкаў — вывучэнне побыту і ладу жыцця продкаў, правя-дзенне экскурсій і музейных урокаў. Найлепшыя юныя экскурсаводы — Ніна Сцепанюк і Валерыя Супрунюк.
Пры такой адданасці любімаму занятку нельга было не пацікавіцца ў Марыі Васільеўны, як складваюцца поспехі на сямейным “фронце”. Яна адказала, як заўжды, з зычлівай усмешкай:
— Пераможна! Муж мой будаўнік, завуць Яўгенам, вось і будуем разам сямейнае шчасце. Увесну 2009 года пабраліся ў Брэсце шлюбам, а восенню нарадзіўся наш Эдзік. Ёсць у сям’і падмурак, ёсць і першы “паверх”, можа, і іншыя з часам з’явяцца.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку:  з этнаграфічным пакоем народнага побыту ў Ленінскім СДК знаёміць М.В.Пратасюк.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top