На Сцяброўскай — у Сцяброве

На Сцяброўскай — у Сцяброве

IMG_3152Адна з найбольшых вуліц у Сцяброве носіць імя, утворанае ад назвы вёскі.
— Чаму так? — пытаемся ў старшыні Жабінкаўскага сельвыканкама Галіны Сцяпанаўны Акуліч. — Мо фантазіі ў людзей не хапіла, каб лепей назваць?
— З фантазіяй якраз усё ў парадку! — усміхнулася старшыня. — Пройдзецеся па Сцяброўскай — не аднойчы ў гэтым упэўніцеся, калі зазірнеце на падворкі. Тут справа больш практычная — зазіраем у будучыню і яе прадбачым: нядоўгі той час, калі вёска, як некалі Абрамавічы, Мышчыцы, Галінова, стане часткай райцэнтра (які, як вядома, ужо цяпер на самым высокім узроўні абвешчаны горадам-спадарожнікам Брэста). І вось тады, калі Сцяброва “растворыцца” ў гарадскіх межах, назва вуліцы загучыць зусім натуральна і будзе ўтрымліваць памяць пра старадаўні населены пункт.
Што ж, гэта яшчэ ўсё ў перспектыве. А як жывуць сцяброўцы ў сённяшняй рэчаіснасці? Каб праілюстраваць адказ на гэтае пытанне, завіталі ў дом №13. Той, хто верыць у забабоны, будзе расчараваны. У гэтай хаце прапісаліся здаўна не сумятня і неспакой, а парадак, чысціня, утульнасць і каханне.
Яшчэ не ў двары — але ўжо ў прыгажосці. Уздоўж плота — кветкі, высаджаныя ў вазонніцы, усюды падкошана.
“Пад страхою” прапісаліся адразу некалькі пакаленняў Міхалюкоў-Карпукоў.
Найстарэйшаму — Макару Сцяпанавічу Міхалюку ўжо ідзе 88-ы год. У 1960-м ён гэты дом будаваў, праз дзесяцігоддзе ўзводзіў яшчэ й прыбудову, а ўжо пра ўсе зручнасці сённяшняга часу клапаціліся дзеці. IMG_3150Пра тое расказала ягоная жонка Надзея Пятроўна (карэнная сцяброўка, што жыве ў роднай вёсцы вось ужо 82 гады). Свой расповед жанчына завяршыла словамі:
— Дом у нас заўсёды быў прыемны, але ж кветак тады зусім не было. Гэта ўжо Тома з Лёнем шчыруюць дзень пры дні.
Тома з Лёнем — гэта дачка Тамара Макараўна і зяць Лявонцій Уладзіміравіч Карпукі.
— Гэта ў дрэнных сем’ях — зяць, каб узяць, — засмяялася яна, а мой не такі — сам ва ўсім стараецца, на што не зірне — усё паладзіць.
Размова адбывалася напярэдадні 28 ліпеня, які жанчына ўспрымае як трайное свята: дзень Святога Уладзіміра, дзень вызвалення Брэста ад фашыстаў і дзень іх з Макарам вяселля. Як згадала пра вяселле, уздыхнула нявесела:
— Не было ў нас той званай бяседы — бедныя былі, толькі распісаліся, а далей па жыцці пайшлі разам, як азірнешся — дзіву даешся: дзясяткі гадоў за спінамі. А зірнеш навокал — у сад, агарод, на гэты гожы дом — і радуешся, што правільнай пайшлі некалі дарогай.
Трошкі мітусліва, паўтараючы ўвесь час “ды ў нас тут усё звычайна, звычаёва”, да размовы далучылася дачка Тамара Макараўна. Колішняя настаўніца біялогіі ў СШ №2 Жабінкі (на працягу ажно чвэрць стагоддзя!). Яна цалкам “у адказнасці” за тую прыгажосць, што прапісалася ў хаце №13 і навокал яе.
Тамара Міхалюк (цяпер, вядома, Карпук) — таксама патомная сцяброўка, і ніколі нават думкі не дапускала, каб памяняць малую радзіму на іншыя землі.
— Мо і ёсць сярод іх прыгажэйшыя, ды няма для мяне мілейшых. Тут прапісаліся мае сэрца і душа, тут я дома, тут мне добра.
… А мы, калі развіталіся з гаспадарамі дома №13, рушылі далей — да дома № 6А па вуліцы Сцяброўская. І чакалі нас незвычайнасці. Але ж пра тое у іншы раз…IMG_3161
Анатоль РОСТАЎ.
На здымках: свет кветак стварыла вакол сябе Тамара Макараўна Карпук;
82-гадовая Надзея Пятроўна Міхалюк; здалёк бачна — на вуліцы Сцяброўская жывуць клапатлівыя гаспадары.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top